Прадстаўнікі больш як 40 краін на саміце Рады Эўропы падпісалі дэклярацыю аб стварэньні рэестру шкоды, нанесенай Украіне агрэсіяй Расеі.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон абвясьціў пра стварэньне міжнароднага «рэестру шкоды», нанесенай Украіне з пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня Расеі. Пра гэта ён сказаў на саміце лідэраў 46 дзяржаў — чальцоў Рады Эўропы, які праходзіць у Рэйкʼявіку. Ягоныя словы прыводзіць агенцтва AFP.
У рэестар будуць уносіць інфармацыю пра шкоду і патрабаваньні кампэнсацыі. Сьпіс будзе даступны ўкраінскім уладам, фізычным і юрыдычным асобам.
Гэты мэханізм, паводле слоў канцлера ФРГ Оляфа Шольца, дазволіць эўрапейскім краінам сумесна фіксаваць шкоду, прычыненую Расеяй, каб стварыць «неабходную аснову для аднаўленьня Ўкраіны».
Сабраныя дакумэнты дапамогуць прыцягнуць Маскву да фінансавай і крымінальнай адказнасьці, лічыць Эманюэль Макрон.
«Мэханізм канфіскацыі расейскіх актываў павінен стаць наступным крокам пасьля стварэньня рэестру шкоды», — заявіў кіраўнік украінскага ўраду Дзяніс Шмыгаль пасьля падпісаньня гэтай дэклярацыі.
Паводле яго, для канфіскацыі расейскіх актываў патрэбна стварыць неабходную прававую базу і заснаваць Кампэнсацыйны фонд.
«Гэтыя рашэньні стануць неад’емнай часткай для поўнамаштабнага аднаўленьня Ўкраіны», — дадаў прэм’ер-міністар Украіны.
Ацэнкі страт ад расейскай агрэсіі прыводзяцца розныя. На пачатку траўня прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі на прэс-канфэрэнцыі ў Гаазе сказаў, што шкода, нанесеная Ўкраіне, складае 400 млрд даляраў. Гэта ацэнка толькі па тых тэрыторыях, якія знаходзяцца цяпер пад кантролем Кіева. Паводле яго слоў, у гэтую суму ўваходзяць энэргетычная і транспартная інфраструктура, забудова, шкода, нанесеная экалёгіі, аб’екты аховы здароўя, культуры і многае іншае.
У сьнежні 2022 году кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен прапанавала распрацаваць мэханізм, які дазволіць перадаць расейскія замарожаныя актывы Ўкраіне. Паводле яе дадзеных, нанесеная Ўкраіне шкода ацэньваецца ў 600 млрд эўра.
«Расея і яе алігархі павінны кампэнсаваць Украіне шкоду і пакрыць выдаткі на аднаўленьне краіны. І ў нас ёсьць сродкі, каб прымусіць Расею расплачвацца. Мы заблякавалі 300 мільярдаў эўра рэзэрваў Цэнтрабанку Расеі і замарозілі 19 мільярдаў эўра расійскіх алігархаў», — сказала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская прадстаўляе Беларусь на саміце Рады Эўропы ў Рэйк’явікуПаводле інфармацыі ўкраінскага выданьня «Європейська правда», з 46 дзяржаў, якія ўваходзяць у склад Рады Эўропы, дэклярацыю адмовіліся падпісаць Азэрбайджан, Армэнія, Босьнія і Герцагавіна, Вугоршчына, Сэрбія і Турэччына.
Назіральнікі назвалі саміт галоўнай сустрэчай Рады Эўропы дзесяцігодзьдзя. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі 46 дзяржаваў, якія ўваходзяць у арганізацыю, а таксама Сьвятлана Ціханоўская. Папярэдні такі саміт адбыўся ў 2005 годзе ў Варшаве.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.