Свабода ананімна пагаварыла зь некалькімі беларускімі вернікамі, якія добра абазнаныя ў касьцёльных справах.
«Адмена трансьляцый — толькі частка перасьледу Каталіцкай царквы»
Трансьляваць імшы зь беларускіх касьцёлаў на радыё і тэлевізіі пачалі некалькі дзясяткаў гадоў таму. Гэта рабілі найперш дзеля хворых і старых людзей, якія ня могуць прыйсьці ў храм і слухаюць або глядзяць службы дома. Асаблівую папулярнасьць набылі трансьляцыі, у тым ліку ў інтэрнэце, з пачаткам пандэміі каранавірусу ў 2020 годзе.
Пасьля пратэстаў 2020 году трансьляцыі набажэнстваў з касьцёлаў сталі пэрыядычна адмяняць то разава, то на працяглы пэрыяд. Сапраўднай прычыны ніхто публічна не называў. Вернікі, зь якімі пагаварыла Свабода, перакананыя, што гэта помста ўладаў каталікам за выказваньні супраць гвалту і фальсыфікацый у дзяржаве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню за 33 гады падчас працэсіі Божага Цела ў Менску ня будзе прыпынку ля Чырвонага касьцёлаАдмена трансьляцый — гэта толькі частка перасьледу Каталіцкай царквы за яе пазыцыю, мяркуюць вернікі. У 2020 годзе тагачаснаму галаве Каталіцкай царквы мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу забаранялі ўяжджаць у Беларусь цягам чатырох месяцаў. Калі яму дазволілі вярнуцца, ён мусіў пакінуць пасаду.
Ягонае месца заняў больш праўладны арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які ў сваіх прамовах цытуе Лукашэнку. Шэраг сьвятароў траплялі на адміністрацыйныя «суткі» з палітычных прычынаў, на некаторых завялі крымінальныя справы, з польскім грамадзянствам выслалі зь Беларусі, хтосьці ўцёк ад перасьледу сам. Увосень 2022 году пасьля таямнічага лякальнага пажару закрылі Чырвоны касьцёл.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён заўсёды быў у цені». Хто такі архібіскуп Юзаф Станеўскі, якога папа Рымскі прызначыў мітрапалітам«Радыётрансьляцыі адмянілі акурат у разгар пандэміі каранавірусу»
У жніўні 2020 году спынілася трансьляцыя набажэнстваў зь менскай архікатэдры на дзяржаўным радыё. Яна ішла штонядзелі ў 8:15 ранку з 2000 году. Толькі праз 8 месяцаў, у красавіку 2021-га, трансьляцыю аднавілі. Ад імя беларускіх католікаў у справу тады ўмяшаўся біскуп Казімір Велікаселец. Ён напісаў ліст Белтэлерадыёкампаніі і менскім уладам, каб перадачы аднавілі.
«Яны (улады. — РС) заціснулі Касьцёлу яйцы, а потым паціху адпускаюць. Радыётрансьляцыі адмянілі акурат у разгар пандэміі каранавірусу, хаця яны тады былі найбольш запатрабаваныя. Цяпер радыётрансьляцыі вярнулі, але радыё ўжо мала ў каго ёсьць», — камэнтуе суразмоўца, якая пажадала застацца ананімнай з пытаньняў бясьпекі.
У радыёфармаце ёсьць трансьляцыі і на недзяржаўным каталіцкім канале — «Радыё Марыя», якое працуе ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах. Там Імшы трансьлююць штодня двойчы: зранку і ўвечары. Трансьляцыі на «Радыё Марыя» пасьля 2020 году не забаранялі, яны ішлі ўвесь час і былі асабліва запатрабаваныя на час эпідэміі.
«Калі яны даведаліся пра Кандрусевіча, то проста не паехалі»
Трансьляцыі набажэнстваў на дзяржаўную тэлевізію звычайна адбываліся падчас вялікіх сьвятаў, як Нараджэньне Хрыста і Вялікдзень. І сёлета, і летась дзяржаўная тэлевізія трансьлявала службы падчас трох дзён у велікодны пэрыяд.
«Яны (улады. — РС) нам з барскага пляча часам даюць трансьляцыю імшы з урачыстасьцяў. Мяркуючы па тым, што [падчас богаслужэньня] гаворыць наш галава, мне здаецца, што абгаворваюцца ўмовы, што там павінна прагучаць. Ён дзякуе, пералічвае імёны, прозьвішчы ўсіх, каго толькі можна згадаць», — кажа адна з нашых суразмоўцаў.
«Службы, якія трансьлююцца на дзяржаўнай тэлевізіі, амаль ніколі не адпраўляюць біскупы Касабуцкі і Кандрусевіч. Іх звычайна служаць біскупы Станеўскі, Яшэўскі, Дзямянка», — дзеліцца сваім назіраньнямі яшчэ адзін вернік (імя не называем з пытаньняў бясьпекі. — РС).
Біскуп Юры Касабуцкі — яшчэ адзін ярарх Каталіцкай царквы, які адназначна выказваўся і пра падзеі 2020 году, і пра вайну ва Ўкраіне. У першую нядзелю пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне ён адпраўляў у галоўным менскім храме імшу за мір.
Сёлета ў Вялікі чацьвер перад Вялікаднем богаслужэньне ў адным з лідзкіх касьцёлаў праводзіў арцыбіскуп на пэнсіі Тадэвуш Кандрусевіч. Імшу мелася здымаць мясцовая тэлевізія.
«Аднак калі яны даведаліся пра Кандрусевіча, то проста туды не паехалі, трансьляцыю адмянілі», — расказвае адна з ананімных верніц.
Адначасна ў Горадні мясцовая дзяржаўная тэлевізія трансьлюе сьвятыя імшы кожную нядзелю з горадзенскай катэдры а 15:00.
«На ўзроўні лякальных тэлевізій, радыё гэта нашмат больш аморфна, няма забаронаў», — кажа іншы суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ксяндза, якога затрымалі, імаверна, за рэпост «апошняга слова» Дашкевіча, пакаралі 15 суткамі арыштуТрансьляцыю на catholic.by спынілі па «незалежных ад рэдакцыі прычынах»
Відэатрансьляцыі набажэнстваў раней рэгулярна ішлі на самым папулярным каталіцкім беларускім партале catholic.by.
«Найбольш важныя і цікавыя падзеі мы трансьлюем на канале ў Youtube», — пішуць аўтары парталу.
Там у іх больш за 15 тысяч падпісчыкаў. Сярод такіх трансьляцый — фэст у Будславе розных гадоў, пахаваньні вядомых сьвятароў, сьвяточныя набажэнствы.
Сёлета перад Вялікаднем на партале зьявілася абвестка, што онлайн-трансьляцыю зь менскай архікатэдры на catholic.by спынілі з 7 красавіка «зь незалежных ад рэдакцыі тэхнічных прычынаў». Яе замянілі на трансьляцыю з Будслаўскага санктуарыя. У той жа час на дзяржаўнай тэлевізіі велікодную імшу трансьлявалі акурат зь менскай архікатэдры.
Праз тыдзень пасьля гэтага ўсе богаслужэньні зь менскай архікатэдры сталі весьці онлайн на ўласным Youtube-канале архікатэдры. На канал цяпер падпісаныя больш за 900 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камісія ЗША па міжнароднай рэлігійнай свабодзе заявіла пра пагаршэньне сытуацыі са свабодай веравызнаньня ў БеларусіКаталіцкі вернік, зь якім удалося пагаварыць Свабодзе (імя не раскрываем зь меркаваньняў бясьпекі. — РС), прааналізаваў, што перад гэтай адменай зьявіліся дзьве гучныя навіны. Адна, у канцы 2022 году, пра тое, што Папа Рымскі ўзнагародзіў ордэнам Сьвятога Грыгорыя Вялікага бізнэсоўца Аляксандра Зайцава, зьвязанага зь Віктарам Лукашэнкам.
Другая — прамова кіраўніка царквы Юзафа Станеўскага на сустрэчы са сьвятарамі пра тое, што ксяндзы яго ня слухаюцца, не выконваюць ягоных просьбаў і нават не паслалі яму SMS, калі ён хварэў.
«Навіна пра Зайцава вынікла з трансьляцыі на catholic.by. Невядома, як выцекла гэтая інфармацыя, але скрыншоты, якія ёсьць у інтэрнэце — з гэтай камэры. Інфармацыя пра сустрэчу з арцыбіскупам Станеўскім таксама „вылезла“ з камэры. Сустрэча была публічнай, але, відаць, арцыбіскуп не ўсьведамляў, што гэта ўсё ідзе на камэры», — камэнтуе суразмоўца.
Ён лічыць, што гэтыя падзеі могуць быць неяк зьвязаныя з адменай трансьляцый на партале.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абыходзіць санкцыі набліжанаму да Лукашэнкі бізнэсоўцу дапамагае ксёндз, — Беларускі расьсьледніцкі цэнтар«Стасункі ўладаў з Каталіцкай царквой — філігранная гульня»
Выйсьце, якое знайшлі многія касьцёлы пасьля 2020 году, у тым ліку дзякуючы каранавірусу, — гэта стварыць уласныя Youtube-каналы, на якія трансьлююць імшы.
«Усе больш-менш жвавыя парафіі маюць свой канал. Нават у малой парафіі ў Воўчыне і Высокім ідзе трансьляцыя, хаця на імшу могуць прыйсьці чатыры чалавекі», — кажа адна зь верніц, якая таксама пажадала застацца ананімнай дзеля бясьпекі.
Амаль 6 тысяч падпісьнікаў у канале горадзенскай катэдры. Ёсьць трансьляцыі ў Жодзіне, Лідзе, нават у вёсцы Лебедзева пад Маладэчнам. У сярэднім кожная трансьляцыя набірае па некалькі сотняў праглядаў. Нашая суразмоўца мяркуе, што гэта добры адказ Каталіцкай царквы на выклікі часу.
«Каб мы ператрывалі гэтыя часы, трэба, каб малодшыя запыталіся ў старэйшых: „Бабуля, што табе трэба? Не гучыць радыё? Давай я табе дам смартфон. Будзеш глядзець трансьляцыю імшы на Youtube-канале“. Гэта патрабуе намаганьняў», — мяркуе верніца.
Адмены трансьляцый набажэнстваў — праява палітычнага ціску, мяркуе другі камэнтатар.
«Стасункі ўладаў з Каталіцкай царквой — вельмі філігранная гульня. З грамадзкай сфэрай дзяржава дзейнічае „тапорна“ — пасадзілі, выклікалі на допыты, завялі крымінальную справу. З Касьцёлам яны робяць іншым чынам: штосьці адбылося — яны адключаюць трансьляцыю. Гэта ўзровень сыгналаў. Улады пасылаюць Каталіцкай царкве сыгнал, Касьцёл спрабуе зь імі размаўляць. Яны намякаюць. Гэта майстэрства палітычнага балянсаваньня», — разважае каталік.
Ён прыводзіць у прыклад сытуацыю з працэсіяй на сьвята Божага Цела, якое да 2020 году рэгулярна праходзіла па цэнтральных вуліцах Менску і заканчвалася каля Чырвонага касьцёла.
«Цяпер каля Чырвонага касьцёла не спыняемся, там ня будзе алтара. Калі Кандрусевіч яшчэ мог сказаць: „Як там вы будзеце нам казаць, што мы можам а што не?“, як гэта было яшчэ пару гадоў таму. Ён супраціўляўся. А Станеўскі — не», — кажа ён.
На ягоную думку, трансьляцыі — толькі вяршыня айсбэрга. Шмат што адбываецца невідавочна.
«А колькі справаў адбываецца непублічна! Прыкладам, не даюць зямлі пад будоўлю касьцёлаў. Унутры там шмат усяго, пастаянная камунікацыя. Гэта вельмі падобна да таго, як было ў савецкія часы, калі чытаеш успаміны сьвятароў. Усе яны ў падобным ключы расказваюць: што вельмі рэдка простая размова, часьцей намёкі. Касьцёл мае супэрздольнасьць разумець гэтыя намёкі», — кажа вернік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біскуп Касабуцкі: Бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сымбаль уваскрослага Хрыста, і гэта не залежыць ад ідэолягаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыдатны для набажэнстваў». Сьвятары наведалі Чырвоны касьцёл, закрыты ўладамі пасьля пажару. ФОТА