Тэма кангрэсу — адказнасьць парлямэнтаў сьвету за яго будучыню. На ім ад Беларусі выступілі Натальля Пінчук і Анатоль Лябедзька.
Кангрэс адкрылі прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і старшыня Сейму Вікторыя Чміліце-Нільсэн. З уступнымі словамі выступілі намесьнік Генэральнага сакратара ААН Гай Райдэр, прэзыдэнт Міжпарлямэнцкага зьвязу Дуартэ Пачэку.
Адна з трох пленарных сэсіяў прысьвечаная будучыні дэмакратыі і парлямэнтарызму ў сьвеце. На ёй выступілі двое прадстаўнікоў Беларусі: гісторык, жонка нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук і палітык, дарадца ў міжпарлямэнцкай супрацы Офісу Сьвятланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька.
Пінчук: Беларускі народ не зьмірыўся з дыктатурай
Натальля Пінчук, сярод іншага, сказала:
«Выглядае, што пасьля вываду зь Беларусі былых савецкіх ядзерных ракет на пачатку 1990-х свабодны сьвет на яе папросту забыўся. Відаць, палічылі, што Беларусь павінна застацца ў сфэры ўплыву Расеі, а Расею, як тады думалі, чакае дэмакратычная будучыня.
На прыкладзе Беларусі мы бачым, як дэмакратыя, што зараджалася ў пачатку 1990-х, саступіла месца дыктатуры, якая пазбаўляе беларускі народ будучыні. Пры поўнай падтрымцы Расеі з 1994 году Аляксандар Лукашэнка адначасова пачаў зьнішчэньне дэмакратычных інстытутаў і наступ на беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць.
Так у беларускага грамадзтва адбіралі гістарычную і палітычную суб’ектнасьць, не давалі ўмацавацца самасьвядомасьці свабоднай нацыі, паварочвалі Беларусь да Эўропы сьпінай».
Натальля Пінчук згадала падзеі 2020 году ў Беларусі.
«Яны даказалі, што беларускі народ не зьмірыўся ні з дыктатурай, ні з спробамі зьнішчыць яго незалежнасьць, і вярнуў сабе суб’ектнасьць. Беларускі народ — гэта не дыктатура Лукашэнкі. Дыктатару спатрэбілася створаная за дзесяцігодзьдзі машына сілавога здушэньня, а самае галоўнае — яго падтрымаў Пуцін.
Станаўленьне аўтарытарызму, таталітарызму заўсёды можна ўбачыць на пачатковым этапе іх узьнікненьня і спыніць іх разьвіцьцё. Правы чалавека павінны быць не рэкамэндацыяй для ажыцьцяўленьня, а законам, абавязковым для выкананьня, і пропускам у цывілізаваную супольнасьць. А з дыктатарамі ня можа быць іншага дыялёгу, акрамя ўльтыматуму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я абяцаў жонкам Статкевіча і Бяляцкага, мы не маглі прагаласаваць інакш». Дэпутат літоўскага Сейму пра адхіленьне вэта НаўседыЛябедзька: больш за 90% беларусаў супраць вайны
Анатоль Лябедзька ў сваім выступе заявіў, што Беларусь — гэта ключ да агульнаэўрапейскай бясьпекі:
«Эўропа ўжо ніколі ня будзе такой, як да вайны. І ў гэтым я бачу пазытыў. Мы павінны, мы абавязаны рухацца наперад, але пры гэтым важна глядзець у люстэрка задняга віду. Ісьці ў будучыню, але не забываць і памятаць урокі мінуўшчыны. А ў недалёкай мінуўшчыне палітыка Брусэлю — гэта мільярды даляраў інвэстыцыяў у кансэрвацыю палітычных рэжымаў у Расеі і Беларусі. Гэта фактычна табу на ўступленьне Ўкраіны, Малдовы, Грузіі, Беларусі ў ЭЗ і NATO».
«Вайна скончыцца не тады, калі перастануць страляць гарматы, а калі ў Беларусі пройдуць сумленныя, свабодныя выбары. Палітычная перамога над рашызмам і лукашызмам — гэта Беларусь у межах ЭЗ. Пакуль Беларусь пад ядзерным купалам Пуціна, вайна ня будзе скончаная».
Паводле Лябедзькі, толькі дзякуючы Крамлю «мы маем у Беларусі дыктатуру 30 гадоў. На нафтадаляры Пуціна Лукашэнка будуе беларускі ГУЛАГ».
Пры гэтым Лябедзька настойвае, што Беларусь — не Расея, а Лукашэнка — не Беларусь:
«Што адрозьнівае Беларусь і Расею? Мы бачым, што большасьць расейцаў аб’ядналіся вакол сьцяга, якім зьяўляецца Пуцін. І гэта сьцяг вайны!
У Беларусі абʼяднаньне адбылося не вакол Лукашэнкі, а вакол ідэі адмаўленьня вайны. Больш за 90% беларусаў супраць вайны. Антываенныя настроі беларускага грамадзтва — гэта і ёсьць наша агульнанацыянальная ідэя сёньня».