Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я абяцаў жонкам Статкевіча і Бяляцкага, мы не маглі прагаласаваць інакш». Дэпутат літоўскага Сейму пра адхіленьне вэта Наўседы


 Эмануэліс Зінгерыс, архіўнае фота
.
Эмануэліс Зінгерыс, архіўнае фота .

Літоўскі Сейм 20 красавіка адхіліў вэта прэзыдэнта краіны Гітанаса Наўседы аб санкцыях супраць беларусаў і расейцаў. Пазыцыя Наўседы была ў тым, каб зраўняць беларусаў і расейцаў у абмежаваньнях правоў.

Парлямэнт прагаласаваў за закон са зьменамі. Напрыклад, беларусам далі магчымасьць усё ж атрымліваць грамадзянства Літвы, у адрозьненьне ад расейцаў. Таксама беларусы і далей змогуць купляць жытло ў Літве. Гітанас Наўседа наклаў на закон вэта, аднак дэпутаты адхілілі і яго — 99 галасоў пры неабходных 71.

Свобода пагутарыла з дэпутатам Сейму, прадстаўніком літоўскіх хрысьціянскіх дэмакратаў Эмануэлісам Зінгерысам, які быў адным з найбольш актыўных прыхільнікаў адхіленьня вэта Наўседы.

«Нам няма чаго дзяліць»

«Такой дыскусіі ў Літве не было на працягу дзесяцігодзьдзяў. Хаця літоўцы, як і палякі, удзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах па ўшанаваньні памяці Кастуся Каліноўскага, Эміліі Плятэр, Тадэвуша Касьцюшкі. Гэта нашы паўстанцы супраць царскіх сатрапаў у Піцеры. Гэта барацьба за нашу агульную свабоду. У старым горадзе Вільні ёсьць памятны знак Францішку Скарыну, беларускаму першадрукару. Мы з жалем глядзім празь мяжу, дзе Лукашэнка чыніць невытлумачальныя рэчы зь беларускай мовай. Усё гэта было ў нашых дыскусіях, асабліва мы гаварылі пра сотні гадоў разам у складзе Вялікага Княства Літоўскага», — кажа спадар Зінгерыс.

На думку дэпутата, беларусам і літоўцам няма чаго дзяліць, а народы аб’ядноўвае адзін сымбаль — Пагоня.

«Нам няма чаго дзяліць — падняты ці апушчаны хвост нашага рыцарскага каня. Гэтая дыскусія адлюстравалася ва ўсіх фракцыях. Беларускі народ шматпакутны. У расейскім народзе былі дзекабрысты, Барыс Нямцоў, акадэмік Сахараў, Кара-Мурза. Але ўвесь расейскі народ не падымаецца супраць сатрапа Пуціна».

Зінгерыс кажа, што ў 2020 годзе беларусы паказалі, што больш ня хочуць жыць у дыктатуры.

«Хаця пратэст быў занадта інтэлігентным: спыняліся на сьвятлафорах, не штурмавалі ў Менску цэнтральных будынкаў, ураду. Усё было ня так, як у нас у 1990 годзе. І ўсё ж заяўка беларускага народу на свабоду была пачутая. Нягледзячы на замбаваньне праз тэлевізар ад ранку да вечара, незалежныя апытаньні беларусаў паказваюць, што яны супраць вайны».

«Літоўцы здалі экзамэн на дзясятку»

Дэпутат Сейму заклікае памятаць, што рэжым Лукашэнкі незаконна знаходзіцца ва ўрадзе, а сапраўды выбраны беларускім народам прадстаўнік — гэта Сьвятлана Ціханоўская.

«Мы заўжды чуем з глыбіні беларускага народу іншыя інтанацыі, таму гэты дыктатар Лукашэнка і не адправіў беларускай арміі ва Ўкраіну. Нават замбаваныя „русским миром“ салдаты наўрад ці масава націскалі б куркі, каб страляць ва ўкраінцаў, а хутчэй за ўсё, перайшлі б на бок палка Каліноўскага».

Зінгерыс працягвае, што ўвесь гэты комплекс блізкага суседзтва зь беларусамі і дапамог таму, што парлямэнт так інстынктыўна і масава адхіліў вэта Наўседы.

«Гэта было глыбіннае апытаньне літоўцаў у іх стаўленьні да беларусаў. І гэты глыбінны экзамэн літоўцы здалі на дзясятку». Я асабіста ў сотнях размовах гаварыў, што цяперашнія расейцы і цяперашнія беларусы — гэта не адно і тое ж. Але, зазначу, мы не стаім на падмурку нянавісьці да расейскага народу. Інстынкты беларусаў на працягу пяці-шасьці стагодзьдзяў ствараліся сумесна зь літоўскімі, у рамках ВКЛ. У Беларусі было Магдэбургскае права, а ня рабства, якое арганізоўвалі маскоўскія князі«.

Дэпутат парлямэнту Літвы падкрэсьлівае, што мае шмат сяброў сярод беларускіх палітвязьняў — гэта і Мікола Статкевіч, і Алесь Бяляцкі.

«Мы не маглі здаць нашу агульную мінуўшчыну, наша агульнае паўстаньне „за вашу і нашу свабоду“, нашых пакутнікаў, Каліноўскага, — гэта была б жудасная здрада. Я кажу гэта са сьлязамі на вачах, бо ў мяне шмат знаёмых — ад Статкевіча да Бяляцкага — сядзяць цяпер у турмах. Я даў слова Марыне Адамовіч і Натальлі Пінчук, што мы не здадзім вашых герояў. Мы не маглі прагаласаваць інакш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG