- Адных палітычных зьняволеных тыднямі і месяцамі пад рознымі зачэпкамі не выпускаюць са штрафных ізалятараў;
- другіх даводзяць да хваробаў і шпіталя непасільнай працай ці справакаванымі канфліктамі зь іншымі вязьнямі;
- трэціх пазбаўляюць спатканьняў, права на перадачы з волі і на паштовую перапіску...
Часам здаецца, што гэты няспынны канвэер гвалту і зьдзеку дасягнуў свайго піку, далей ужо няма куды. Недзе ж павінна быць яна, апошняя мяжа нецярпімасьці і жорсткасьці, нянавісьці да палітычных супернікаў, безь віны кінутых за краты і асуджаных на такія пакуты?
Але гістарычны досьвед паказвае: вычварныя фантазіі апанаваных страхам і нянавісьцю дыктатараў могуць набываць самыя абсурдныя формы, а ніжняя мяжа, дно жорсткасьці і помсьлівасьці, знаходзіцца ну вельмі нізка. І ў гэтыя цёмныя змрочныя глыбіні сёньняшняя Беларусь імкліва апускаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дакладчык АБСЭ аб сытуацыі ў Беларусі: «Урад мае поўны заканадаўчы арсэнал, які перашкаджае любой форме апазыцыі»Рэпрэсіі як прыкмета хуткай вайны
Лукашэнка ніколі ня быў у адносінах да сваіх палітычных праціўнікаў вэгетарыянцам, і ўсё ж першыя 26 гадоў ягонага аўтарытарнага кіраваньня не ідуць ні ў якае параўнаньне з тым, што адбылося пасьля 2020 году. Звычайна прынята ўсё сьпісваць на вострую псыхалягічную траўму, якую ён перажыў у жніўні 2020-га. Хоць растлумачваць усё, што адбываецца ў Беларусі на працягу апошніх двух з паловай гадоў, толькі гэтай траўмай наўрад ці слушна. Згадайма: ужо ў канцы 2020-га Лукашэнка паводзіў сябе ў адносінах да ўдзельнікаў разгромленых пратэстаў даволі памяркоўна, а ў апошні дзень году нават міралюбіва прапаноўваў расколатаму грамадзтву «перагарнуць старонку» і пачаць жыцьцё «з чыстага аркуша».
Карэнныя зьмены ў ягоных настроях і намерах адбыліся недзе ў першай палове 2021 году. Менавіта тады пачаліся мэтанакіраваныя атакі на «трэці сэктар», на незалежныя СМІ, скандальная пасадка пасажырскага боінга з Пратасевічам на борце... А потым, на пачатку ліпеня 2021-га, прагучаў нечакана агрэсіўны выступ перад Днём Незалежнасьці:
- «Яны перайшлі рысу. Мы ім дараваць ня можам»;
- «Я даручыў праваахоўным органам правесьці „зачыстку“ па ўсёй краіне»;
- «Ужо, напэўна, няма заблукалых, падманутых у краіне... Засталіся толькі ворагі».
Тады ж у Лукашэнкі ўсё часьцей пачалі мільгаць згадкі пра магчымасьць і верагоднасьць вайны («Я верыў, што Госпад мілаваў нас і мы ня пройдзем ні праз войны, ні праз выпрабаваньні. Аказваецца, не...»).
Тады, два гады таму, усё гэта гучала і выглядала даволі дзіўна і нелягічна: здавалася б, навошта паглыбляць грамадзкі раскол, калі перамога дасягнута і самы час супакойваць людзей і загойваць старыя раны? Але Лукашэнка, пэўна, ужо тады ведаў, што адбудзецца на працягу наступнага году і якая роля ў плянах расейскай агрэсіі супраць Украіны (а хутчэй за ўсё, і супраць іншых эўрапейскіх краін) была адведзена яму і падначаленай яму Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка паўтара года ўцягваў Беларусь у вайну. Храналёгія, якая ўсё тлумачыцьСёньня той пазл склаўся: адказы на пытаньні двухгадовай даўнасьці атрыманыя. Хутчэй за ўсё, ужо на пачатку 2021 году Пуцін зарыентаваў найбліжэйшага саюзьніка наконт сваіх плянаў агрэсіі і даў загад у сувязі з гэтым рыхтавацца (сярод іншага — выбудоўваць адпаведны жорсткі ўнутраны рэжым, які б засьцярог ад грамадзкіх пратэстаў у выпадку пачатку вайны, і арганізоўваць мігранцкія «штурмы» дзяржаўнай мяжы з краінамі Эўразьвязу, якія павінны былі стаць складовай часткай пуцінскай гібрыднай атакі супраць Захаду).
Менавіта пуцінскі плян агрэсіі, відавочна, і стаў галоўнай прычынай, спускавым кручком для тых «зачыстак», якія не спыняюцца ў Беларусі ўжо больш як два гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пазбавілі ліцэнзіі — і добра. Дзякуй, што не пасадзілі». Дзейная і былая адвакаткі расказалі, у якіх умовах працуюць абаронцы ў БеларусіДыктатура з адтэрміноўкай
Сам Лукашэнка, вядома, такому трэнду зусім не супраціўляўся: хутчэй наадварот. Ягоныя асабістыя якасьці, рысы характару якраз вельмі пасуюць рэжыму «моцнай рукі». Схільнасьць да жорсткасьці, помсьлівасьць, нецярпімасьць да іншай думкі, раўнадушнае стаўленьне да чужых пакут, брак эмпатыі — усё гэта тыповыя адметнасьці асобы любога дыктатара. У гэтым сэнсе пераход ад параўнальна мяккага аўтарытарызму да жорсткай дыктатуры сталінскага тыпу выклікаць разлад асобы ў Лукашэнкі ня мог. Псыхалягічна гэта ніколі не пярэчыла ягонай сутнасьці: ён, верагодна, ахвотна пачаў бы выбудоўваць дыктатуру зь першых гадоў пры ўладзе. Але тут заўсёды даводзілася азірацца на Маскву. Пры Ельцыну ён увогуле вымушаны быў цярпець і свабодную прэсу, і незалежных кандыдатаў на выбарах, і нават апазыцыю ў Вярхоўным Савеце. І ў першыя гады прэзыдэнцтва Пуціна, калі той яшчэ не ўвабраўся ў сілу і не прадэманстраваў сваю сапраўдную сутнасьць, Лукашэнка паводзіў сябе досыць асьцярожна. Градус рэпрэсій у Беларусі, канечне, заўсёды быў вышэйшы, чым у Расеі, але ўсё ж гэта не выглядала аж надта кантрасна.
Калі ў 2021 годзе ў Беларусі пачалося татальнае зацісканьне гаек, у нейкі момант падалося, што гэтае правіла перастала дзейнічаць і Лукашэнка ў справе рэпрэсій рашуча рушыў наперад. Але пасьля 24 лютага 2022-га ўсё зноў стала на свае месцы: Пуцін шпарка нагнаў свайго жвавага саюзьніка. «Сталінскія» прысуды за іншадумства, катаваньні ў турмах, забарона апазыцыйных СМІ, масавая палітычная эміграцыя — усё гэта будзённая паўсядзённасьць сёньняшняй пуцінскай Расеі.
Часам здаецца, што гэта проста выпадковы паварот кола гісторыі ў супрацьлеглы ад нармальнага бок, вяртаньне ў мінулае стагодзьдзе, да практык і стылістыкі эпохі, дзе таталітарызм не выглядаў чымсьці незвычайным, а дыктатары якраз і ўваходзілі ў гісторыю тым, што вызначаліся якімі-небудзь асабліва нялюдзкімі зьверствамі і эксцэнтрычнымі ўчынкамі. Як, напрыклад, цэнтральнаафрыканскі дыктатар 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя Жан Бэдэль Бакаса, які ня толькі забіваў сваіх палітычных ворагаў, але і быў ня супраць паласавацца іхным мясам.
Магчыма, падобным жа чынам увойдзе ў гісторыю Пуцін, які з усіх спосабаў ухіленьня супернікаў яўна аддае перавагу хімічным атручваньням. Чым запомніцца нашчадкам Лукашэнка — пакуль не зусім зразумела. Можа здарыцца — якраз жорсткімі прысудамі і катаваньнямі невінаватых, а таксама тым, што пільна сачыў за кінутымі ім у турмы праціўнікамі. Хто яшчэ з сучасных прэзыдэнтаў асабіста прыяжджаў у турму пагутарыць з палітвязьнямі, асуджанымі ім жа паводле сфальшаваных абсурдных абвінавачаньняў на многія гады зьняволеньня?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лібэральных балбатуноў у лягеры, здраднікаў — да сьценкі». Пра калектыўную адказнасьць «бэчэбэшнікаў», як яе разумее Лукашэнка«Палёты сьмерці» для ворагаў дыктатуры
У Аргентыне часоў ваеннай дыктатуры 70–80-х гадоў вынаходлівыя генэралы прыдумалі эфэктыўны спосаб, як хутка і без прыкметных сьлядоў пазбавіцца ад «падрыўных элемэнтаў». Спачатку іх катавалі ў сакрэтнай вайсковай турме. А потым жыўцом скідалі з самалёта ці верталёта ў акіян ці ў раку Ля-Плята (шырынёй некалькі дзясяткаў кілямэтраў). Перад тым ахвярам рабілі ўколы наркотыка ці транквілізатара, каб пазбавіць волі да супраціву, а таксама здымалі вопратку (каб пакінуць меней сьлядоў). Акулы ды іншыя марскія і рачныя драпежнікі давяршалі справу. Забойствы здаваліся іхным выканаўцам ідэальнымі: ніякіх сьлядоў, канцы ў ваду.
Гэтыя пазасудовыя расправы над праціўнікамі дыктатуры цяпер вядомыя ў сьвеце як «палёты сьмерці». Колькі такіх ахвяраў на рахунку генэрала Хорхэ Відэлы і ягоных паплечнікаў, якія захапілі ўладу ў Буэнас-Айрэсе ў 1976 годзе, дагэтуль дакладна невядома. Лік у любым выпадку ідзе на дзясяткі тысяч (праваабаронцы кажуць, што закатаваных было ня меней за 30 000 чалавек): гэта іншадумцы, левыя актывісты, прафсаюзьнікі, журналісты — усе, хто адважваўся крытыкаваць дыктатарскі рэжым. Хорхэ Відэла і ягоная хунта стварылі магутныя «эскадроны сьмерці» — таемныя спэцслужбы, не абмежаваныя ніякімі нормамі і законамі.
Пазьней, калі ў 1983 годзе ў Аргентыне была адноўлена дэмакратыя, жыцьцё былога дыктатара ператварылася ў суцэльную паласу арыштаў, судоў, амністый і новых арыштаў — яму прыпомнілі ўсе мінулыя злачынствы. Хорхэ Відэлу прынамсі двойчы асуджалі да пажыцьцёвага зьняволеньня, але ў далейшым з розных прычын амніставалі. Апошні прысуд — 50 гадоў турмы за выкраданьні малалетніх дзяцей палітычных апанэнтаў.
За год да сьмерці ў адным з інтэрвію зьняволены Відэла ў адказ на непрыемныя для яго пытаньні абураўся: «Як вы не разумееце? Мы проста павінны былі хутка і эфэктыўна ўхіліць вялікую колькасьць людзей».
Хорхэ Відэла памёр у 2013 годзе ва ўзросьце 87 год у турме пад Буэнас-Айрэсам, дзе адбываў пажыцьцёвы тэрмін за злачынствы супраць чалавечнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі не чапайце маёй дыктатуры!». Чым палохае Лукашэнка, які прадчувае непазьбежнасьць хуткай адплаты«Не параноік і не вар’ят». Проста не ўяўляе сябе без улады
Адзін з самых вядомых дыктатараў другой паловы XX стагодзьдзя Садам Хусэйн правіў Іракам 24 гады. Існуе шмат сьведчаньняў таго, што дзеля дасягненьня і ўтрыманьня аднаасобнай улады ён з дапамогай сваіх спэцслужбаў масава зьнішчаў палітычных праціўнікаў, выкарыстоўваючы для гэтага самыя разнастайныя катаваньні і зьдзекі. Ахвяраў асьляплялі, падвешвалі са зьвязанымі рукамі на запясьцях, ужывалі электрашок на розных частках цела (вушы, язык, пальцы, геніталіі). Паводле сьведчаньняў аднаго з былых целаахоўнікаў Хусэйна, ён быў сьведкам «кіслотнай» экзэкуцыі: спачатку ў напоўнены кіслатой басэйн апускалі ногі ахвяры, а потым кідалі туды цела цалкам. За ўжываньне катаваньняў турэмшчыкаў узнагароджвалі. Зафіксавана нямала выпадкаў, калі сваякоў прымушалі глядзець, як катуюць іхных блізкіх.
Сам Хусэйн неяк на пытаньне карэспандэнта «Ньюсуік» пра катаваньні і зьдзекі зь неўразуменьнем адказаў: «Канечне, гэта ўсё ёсьць. А як жа яшчэ, па-вашаму, трэба паступаць з тымі, хто выступае супраць улады?»
Былы супрацоўнік ЦРУ, псыхоляг і выкладчык Унівэрсытэту Джорджа Вашынгтона Джэральд Пост даў наступную ацэнку асобы Садама Хусэйна:
«Гэты чалавек, безумоўна, не параноік, не вар’ят, але асоба звышнебясьпечная. Гэта ярка выражаны нарцыс, дарэшты пазбаўлены пачуцьця суперажываньня, спачуваньня да навакольных. У кожным сустрэчным ён бачыць патэнцыйнага ворага».
Што адметна: такая характарыстыка ў большай ці меншай ступені пасуе любому дыктатару, які дзеля ўтрыманьня пажыцьцёвай улады зь лёгкасьцю калечыць лёсы і зьнішчае жыцьці сваіх палітычных супернікаў.
Што для такога чалавека найвышэйшая каштоўнасьць? Цікавае назіраньне. Калі Хусэйн, знойдзены і схоплены амэрыканскімі вайскоўцамі, ужо сядзеў у турме, чакаючы суду, яму падчас допытаў, каб схіліць да большай шчырасьці і адкрытасьці, паказвалі розныя відэасюжэты зь нядаўняй гісторыі Іраку. Выявілася, што найбольш эмацыйную рэакцыю, нават фізычныя пакуты ў Хусэйна выклікалі відэазапісы пра тое, як іракцы зрынаюць з п’едэсталаў ягоныя статуі. У такія хвіліны ён моцна злаваў, стараўся не глядзець на экран. Ягоны твар наліваўся чырваньню, голас мяняўся, а вочы сьвяціліся нянавісьцю.
Гэты самы чалавек усяго некалькі гадоў да таго казаў:
«Мне абыякава, што пра мяне кажуць цяпер. Мяне клапоціць, што скажуць пра мяне праз чатырыста-пяцьсот стагоддзяў пасьля маёй сьмерці».
Садама Хусэйна павесілі 30 сьнежня 2006 году паводле выраку, вынесенага судом новага Іраку. Адмыслова дзеля гэтага выпадку ў краіне было адноўлена сьмяротнае пакараньне. Пахавалі 69-гадовага дыктатара ў ягонай роднай вёсцы. Празь некаторы час магіла Хусэйна была разбурана падчас баёў паміж ірацкай арміяй і баевікамі «Ісламскай дзяржавы».
Перад сьмерцю марыў пра сьвет безь нянавісьці
Вяртаньне Беларусі да нармальнасьці — немінучае. Так заўсёды адбываецца пасьля цяжкіх крывавых войнаў, пасьля панаваньня нялюдзкіх дыктатур, у часе якіх з грамадзкай маралі, здавалася, з коранем вырванае ўсё чалавечнае, міласэрнае, спагадлівае. Але потым настае жорсткае пахмельле ад перажытых крыві, гвалту і прыніжэньня. І ў грамадзтве ўзьнікае моцны запыт на міласэрнасьць і чалавечнасьць. Пасьля Сталіна прыходзіць значна больш мяккі і памяркоўны Хрушчоў. Пасьля жорсткіх вайсковых хунтаў у Аргентыне на зьмену ашалелым ад крыві і беспакаранасьці генэралам вяртаюцца дэмакратычныя прэзыдэнты і спакойнае свабоднае жыцьцё. Нават у Іраку, які ніколі ня меў традыцый дэмакратычнага існаваньня, пасьля больш як двух дзесяцігодзьдзяў войнаў і гвалту, у якіх няспынна тапіў краіну Садам Хусэйн, спакваля ўсталёўваюцца мірнае жыцьцё і хісткі грамадзянскі мір.
Сёньняшняга Лукашэнку цяжка ўявіць міласэрным, велікадушным і паблажлівым да тых, хто крытыкуе яго альбо выступае супраць ягонай дыктатуры. Але і ягоны рэжым асуджаны на немінучы крах (ці, прынамсі, кардынальныя зьмены) — як толькі такія зьмены адбудуцца ў Маскве. Гэтых сіямскіх блізьнятаў цяпер ужо напэўна чакае падобны лёс. Гарманізацыя дзьвюх дыктатур дасягнула такіх вышыняў і глыбіняў, што адгарадзіць Беларусь сьцяной і будаваць тут (у выпадку зрынаньня Пуціна і дэмакратычных пераўтварэньняў у Расеі) свой асобны таталітарызм Лукашэнка ўжо наўрад ці здолее. На гэта няма ні грошай, ні людзей, ні часу. Ні згоды большасьці грамадзтва.
...Апошнія тры гады жыцьця перад тым, як яго павесілі, Садам Хусэйн вымушаны быў правесьці ў турэмнай камэры 2×2,5 мэтра, бяз вокнаў. Учорашні ўсёмагутны ўладар, які лічыў сябе лідэрам арабскага сьвету і меў у асабістым уладаньні больш за 80 шыкоўных палацаў, сядзеў у цеснай каморцы, дзе зьмяшчаліся толькі бэтонныя нары і паліца з кнігамі. І радаваўся, калі бачыў рэдкую жывую зеляніну ў выглядзе пустазельля падчас рэдкіх шпацыраў на заднім двары турмы.
Незадоўга перад павешаньнем ён напісаў некалькі вершаў. Зусім магчыма, што — шчырых. Пра што ж думаў у свае апошнія дні ўчорашні ўладар чужых лёсаў, які ўсё папярэдняе жыцьцё бачыў сябе мэсіяй, вялікім гістарычным дзеячом і дзеля гэтага адправіў на той сьвет тысячы бязьвінных людзей? Не пра ўласную гістарычную ролю і не пра панаваньне над людзьмі, а — пра пазбаўленьне ад нянавісьці і чыстае сэрца: «Любы народзе! Пазбаўся ад нянавісьці, скінь апраткі злосьці і выкінь іх у акіян нянавісьці. Бог уратуе вас, і вы пачняце новае жыцьцё з чыстага аркуша, валодаючы чыстым сэрцам».
Высокія гуманістычныя ідэалы, імкненьне да дабрыні, спагады і любові з часам становяцца каштоўнасьцю нават для дыктатараў. Праўда, толькі перад абліччам хуткай і немінучай сьмерці.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прага ўлады як хвароба. Лукашэнка і прывід блізкага краху дыктатуры