Асуджаны, але не пасаджаны. Урок Рамана Пратасевіча

Раман Пратасевіч, Менск, чэрвень 2021

Цалкам відавочна, што, чакаючы выраку, Раман Пратасевіч разьлічваў на літасьць рэжыму. І, думаю, небеспадстаўна. Палітычная капітуляцыя павінна мець сваю цану, адпаведным чынам аплочвацца.

І пакуль што гэтыя спадзевы спраўджваюцца. Нягледзячы на вынесены вырак (8 гадоў зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму), у турму Пратасевіч пакуль ня трапіў.

Сьцісла:

  • Справа Пратасевіча цікавая тым, што ён зьяўляецца своеасаблівым тэстам, які выяўляе прыроду рэжыму, ягоную здольнасьць на літасьць да тых, хто дэманструе гатовасьць стаць паслухмяным інструмэнтам у ягонай гульні.
  • Раман на інфармацыйным экране не выглядаў ахвярай. Здавалася, што ён выконвае адведзеную яму рэжымам новую ролю з энтузіязмам. Пратасевіч усяляк лаяў апазыцыю, хваліў Лукашэнку.
  • Цалкам верагодна, што палітычная мэтазгоднасьць пераможа. І ўлады вырашаць зрабіць з Пратасевіча «Васкрасенскага-2», захочуць працягваць гуляць гэтай мечанай картай.

Агучылі выракі ў «справе Nexta». Сьцяпану Пуцілу прысудзілі 20 гадоў калёніі, Яну Рудзіку — 19 гадоў (абодвум завочна). Раману Пратасевічу прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня, але пакінулі пад хатнім арыштам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агучылі выракі ў «справе Nexta», Пратасевічу прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму

Кейс Пратасевіча цікавы тым, што зьяўляецца своеасаблівым тэстам, які выяўляе прыроду рэжыму, ягоную здольнасьць на літасьць да тых, хто дэманструе гатовасьць стаць паслухмяным інструмэнтам у ягонай гульні.

Не бяруся ацэньваць паводзіны чалавека, які трапіў у палон і ратуе сваё жыцьцё. Але хацеў бы зьвярнуць увагу на асаблівасьць усёй гісторыі з Пратасевічам, яе адрозьненьне ад іншых чалавечых і грамадзкіх драм апошніх трох гадоў. Справа ня толькі ў грандыёзным міжнародным скандале з пасадкай самалёта кампаніі Ryanair у менскім аэрапорце з Раманам Пратасевічам на борце.

«Пакаяньні» па відэа затрыманых праціўнікаў рэжыму ў Беларусі нікога не зьдзіўляюць. Яны сталі найважнейшай часткай беларускай сыстэмы экзэкуцыі. «Пакаяльныя» відэа паставілі на паток, канвэер, яны сталі галоўным элемэнтам публічнага маральнага ўкрыжаваньня палітвязьняў. Але іх дэманстрацыя па БТ і розных праўладных тэлеграм-каналах паказвае, што ўсе гэтыя людзі, якіх пасадзілі перад камэрамі, — няшчасныя ахвяры, змушаныя карнымі органамі ісьці на прыніжальныя крокі.

А вось з Пратасевічам усё было па-іншаму. Па-першае, ён пайшоў на супрацоўніцтва ня толькі са сьледзтвам, але з уладамі ўвогуле: даваў інтэрвію, удзельнічаў у прэсавай канфэрэнцыі. Стаў часткай прапагандысцкай кампаніі ўладаў. Прычым практычна перайшоў на супрацьлеглы бок барыкад, усяляк лаяў апазыцыю, хваліў Лукашэнку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пра вырак Пратасевічу: «Мы выступаем не за помсту, а за справядлівасьць»

Па-другое, Раман на інфармацыйным экране не выглядаў ахвярай. Здавалася, што ён выконвае новую адведзеную яму рэжымам ролю з энтузіязмам. То бок, выявіўся таленавітым акторам, хоць і трагічнага амплюа.

Па-трэцяе, ён «здаваў» актыўных удзельнікаў пратэстаў фактычна ў жывым эфіры, называў прозьвішчы, прычым, паводле розных ацэнак, нагаворваў і тое, чаго не было (напрыклад, абвінавачаньні ў адрас Валерыі Касьцюговай і інш.).

Цалкам відавочна, што ён разьлічваў на літасьць. І, мяркую, небеспадстаўна. Палітычная капітуляцыя павінна мець сваю цану, адпаведна аплочвацца. Варта адзначыць, што шмат месяцаў у чаканьні суду ён знаходзіўся не за кратамі, а пад хатнім арыштам, што даволі незвычайна з улікам таго, паводле якіх «цяжкіх» артыкулаў яго судзілі. Падчас судовага працэсу таксама знаходзіўся не за кратамі, як гэта звычайна адбываецца з падсуднымі ў беларускіх судах, а сядзеў у залі. Прычым без кайданкоў, што таксама нязвыкла. У апошнім слове Пратасевіч каяўся і прасіў не пазбаўляць яго волі. І, мусіць, разьлічваў на гэта.

8 гадоў узмоцненага рэжыму — суровы прысуд. Іншая справа — ці трапіць увогуле Пратасевіч у турэмную камэру.

Увогуле, паняцьці «літасьць», «міласэрнасьць» — гэта не пра сёньняшнюю Беларусь. Тут найчасьцей усё замяняе палітычная мэтазгоднасьць, ды яшчэ помста.

Справа Пратасевіча вельмі выразная, аднак знаходзіцца ў агульным шэрагу. Мы маем шматлікія прыклады, якія сьведчаць пра тое, што ніякае пакаяньне ці супрацоўніцтва са сьледзтвам не дапамагае палегчыць лёс людзей, якія трапілі пад колы беларускага «правасудзьдзя».

Напрыклад, Юры Зянковіч, трапіўшы за краты за нібыта «замах» на Лукашэнку, пайшоў на супрацоўніцтва са сьледзтвам. Аднак атрымаў 11 гадоў пазбаўленьня волі — больш за іншых фігурантаў гэтай справы.

Яшчэ адна калярытная фігура — Юры Васкрасенскі, удзельнік той самай камісіі па вяртаньні «зьбеглых». Анэкдатачнасьць сытуацыі ў тым, што крымінальная справа на яго не закрытая (ва ўсялякім разе, няма пра гэта паведамленьняў). Хоць ён ужо даўно заслужыў памілаваньне адданай працай на карысьць рэжыму.

Значыць, пакаяньне не ўратоўвае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У варшаўскім аэрапорце зьявілася беларуская дзяржаўная сымболіка: здымаюць фільм пра Беларусь

Што тычыцца далейшага лёсу Рамана Пратасевіча... Адзін варыянт: Пратасевіч быў выкарыстаны ўладамі ў сваіх мэтах, а потым «выплюнуты». І ўрэшце будзе сядзець разам зь іншымі палітвязьнямі, пакуль у краіне нешта не памяняецца.

Але цалкам верагодна, што палітычная мэтазгоднасьць пераможа. І ўлады вырашаць зрабіць з Пратасевіча «Васкрасенскага-2», захочуць працягнуць гуляць гэтай мечанай картай. Пра такі варыянт сьведчыць той факт, што Пратасевіча не ўзялі пад варту ў залі суду, што звычайна адбываецца пасьля такіх выракаў. Нібыта ў чаканьні апэляцыі.

Паколькі паводле тых «цяжкіх» артыкулаў, у якіх яго вінавацяць, вырак без пазбаўленьня волі быў немагчымы, то цалкам верагодны наступны сцэнар. Цяпер Раман напіша ліст у адрас Лукашэнкі з просьбай аб памілаваньні. І ягоная просьба будзе часткова задаволена. Зразумела, цалкам на волю, як Васкрасенскага, яго ня выпусьцяць, бо ў яго, з гледзішча ўладаў, вялізны цяжар віны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Маскве прызначыў дату разгляду справы аб экстрадыцыі Соф’і Сапегі

Памілаваньне можа быць няпоўным, яго пакінуць пад хатнім арыштам (як варыянт), а не ў калёніі, то бок на кручку, і працягнуць выкарыстоўваць у розных прапагандысцкіх мерапрыемствах. Кадар даволі каштоўны, бо палітвязьняў, якія выказалі гатовасьць перабегчы на другі бок палітычных барыкад, ня так шмат. З тысяч людзей, якія прайшлі праз катаваньні, фізычную і маральную ломку, на такую ролю пагадзіліся пакуль толькі двое: Васкрасенскі і Пратасевіч. У гэтым сэнсе беларускай дэмакратыі ёсьць чым ганарыцца. Але, з гледзішча ўладаў, тым больш гэтых асобаў трэба выкарыстоўваць напоўніцу: не выпадае раскідвацца такім рэдкім «таварам».

У любым выпадку драма Рамана Пратасевіча — яшчэ адна беларуская гісторыя зь нешчасьлівым канцом.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.