У варшаўскім аэрапорце Модлін заўважылі, як праходзяць здымкі фільму пра Беларусь. Чытач выданьня MOST Аляксей зьвярнуў увагу, што польскі аэрапорт на нейкі час нібыта стаў менскім і пасьпеў зьдзівіць пасажыраў.
Які фільм здымаюць у аэрапорце Модлін, MOST высьветліць ня змог. У прэс-службе аэрапорта сказалі, што ня маюць інфармацыі пра здымкі.
Аляксей мяркуе, што карціна можа быць зьвязаная з вымушанай пасадкай у Менску самалёта Ryanair, які ляцеў з Атэн у Вільню ў траўні 2021 году. Тады беларускія сілавікі затрымалі Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу.
«Ня ведаю, хто здымае гэты фільм, не ўдакладнілі на пляцоўцы. Аўтобусы стаялі сінія на менскіх нумарах, таксі 7220, жанчыны ў футрах, як з Савецкага Саюзу. Мы падышлі і спыталі, што адбываецца, а апэратар-паляк сказаў, што Пуцін пайшоў яшчэ далей, і пасьмяяўся», — расказаў Аляксей.
Ён адзначае, што ў Модліне ўдалося ўзнавіць менскі аэрапорт, і некаторыя пасажыры на час адчулі сябе ў Беларусі:
«Ляцелі ў Варшаву, а апынуліся ў Менску. Толькі выйшлі з аэрапорта — і бачым герб, пераглядаемся ўсе паміж сабой і ў непаразуменьні: дзе мы знаходзімся? Мы спазьніліся на самалёт, які ў панядзелак ляцеў з Італіі, і нам прыйшлося шукаць новыя квіткі, у выніку мы ляцелі ў Францыю, а адтуль у Варшаву. Гэтым маршрутам я сам займаўся. І вось прыляцелі ў „Менск“. На некалькі сэкундаў я рэальна падумаў, што мы ў Менску. І сябар кажа сурʼёзным голасам: „А што, ты ня чуў, што абʼяўлялі, што самалёт у Менску садзіцца?“. Гэта яшчэ ўдвая мяне спалохала», — расказаў Аляксей.