Пра гэта Сяргей расказаў блогу «Галасы». Радыё Свабода перадрукавала гэты тэкст.
«Коміксы — гэта вялізны сусьвет, няспынны літаратурны працэс»
Коміксы Сяргей Козыраў пачаў перакладаць на беларускую мову ў 2012 годзе, бо сам захапляўся імі зь дзяцінства. Ён кажа, што з таго часу пераклаў больш за 400 коміксаў. Перакладаў у вольны ад працы час. Сяргей скончыў філфак і гаворыць, што дзе толькі не працаваў з таго часу. Коміксы ён у асноўным выкладаў бясплатна ў агульны доступ.
Пераважная большасьць зь іх былі перакладзеныя з ангельскай мовы. У 2021 годзе Сяргей разам з жонкай Крысьцінай і дзецьмі пераехалі ў Польшчу.
«Мы хацелі пераехаць даўно. Але чакалі, каб дзеці падрасьлі, каб быў нейкі штуршок. І ўрэшце пераехалі», — кажа беларус.
У Польшчы ён працуе на складзе, вольны час зноў аддае творчай працы.
Сяргей лічыць, што «коміксы — гэта цэлы сусьвет і няспынны працэс, за якім цікава назіраць». Энтузіяст ня проста перакладае коміксы, але і чытае крытыку, анонсы новых выданьняў.
«Мая праца ў перакладах — гэта папулярызацыя коміксаў як мастацтва і папулярызацыя беларускай мовы праз коміксы», — кажа беларус.
Цяпер ён сам пачаў ствараць коміксы. Піша сцэнар і малюе іх. Сяргей адкрыў старонку на Patreon, каб знаходзіць прыхільнікаў і матэрыяльную падтрымку сваёй справы.
У ягонай віртуальнай краме можна знайсьці цяпер ня толькі коміксы, але і перакладзеную на беларускую мову кнігу Яўгенія Замяціна «Мы», часопіс аглядаў і анонсаў коміксаў, фільмаў, літаратурных твораў.
«Рыбацкія байкі» — гэта абсурдныя гісторыі, якія маглі б здарыцца ў Беларусі і ў якія можна верыць ці не»
Сяргей кажа, што пакуль уся каманда, якая працуе над праектам — гэта ён і ягоная жонка Крысьціна. А таксама іхныя дзеці, якія ацэньваюць коміксы.
«Раней я нічога не зарабляў на коміксах. Цяпер задумаўся, што калі чалавек стварае нешта годнае і цікавае, то гэта можа быць аплачанае. Вядома, пры ўмове, што гэта цікава некаму. Таму мы шукаем, што зрабіць новае», — кажа Сяргей.
Усе прадукты можна купіць у электронным выглядзе. Такі фармат аўтар выбраў за зручнасьць для спажыўца, а таксама таму, што электронную вэрсію прасьцей і хутчэй зрабіць, а спажываць такую інфармацыю можна ў любым месцы і на любой прыладзе. Свой уласны комікс ён назваў «Рыбацкія байкі».
«Гэта гісторыі, ці показкі, ці абсурдныя сытуацыі, якія маглі бы адбыцца ў Беларусі, у якія можна паверыць ці не паверыць. Словам, як у рыбацкія байкі», — кажа аўтар.
Ён не разьлічвае, што коміксы «добра разыдуцца», бо лічыць, што ня так шмат людзей цяпер гатовыя купляць такі тавар на беларускай мове. Большасьць перакладаў Сяргея — гэта коміксы для дарослых. Але ёсьць і дзіцячыя.
«Мае дзеці ацанілі. Мы зь імі шмат сьмяёмся, калі разам глядзім і чытаем коміксы. Выказваем свае ідэі — што тут можа быць далей, нават самае неверагоднае», — зазначыў Сяргей.
Апроч коміксаў, часопіса і перакладу кніг ён з жонкай стварыў падкаст «Крымінальныя гісторыі». «Гэта гісторыі, заснаваныя на рэальных падзеях, якія адбываліся ў Беларусі», — кажа аўтар.