Пасьля ІІ сусьветнай вайны за межамі радзімы апынуліся мільёны беларусаў. У краінах, куды трапілі ўцекачы са сталінскага БССР, яны мусілі ня толькі будаваць сваё жыцьцё нанова, але і клапаціцца пра выжываньне беларусаў як народу. Там, дзе апыналіся, беларусы стваралі беларускія школы, будавалі цэрквы, грамадзкія цэнтры, бібліятэкі. На дапамогу радзімы яны не маглі разьлічваць, таму выдаваць газэты, часопісы і кнігі мусілі самі. На гэтай хвалі ў 1952 годзе ў Нью-Ёрку ўзьнік Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ).
Гэтая ўстанова стала чымсьці накшталт гуманітарнай Акадэміі навук у выгнаньні. Але БІНіМ ніколі ня меў уласнага шматпавярховага офісу на Мангэтане, пастаянных супрацоўнікаў і вялікіх фінансаў. Былі апантаныя сваёй справай дасьледчыкі беларускай гісторыі і мастацтва. Сёньня іх фармат працы назвалі б хоўм-офісам, бо сваю працу яны рабілі дома, калі ня ўлічваць прэзэнтацый і выставаў. А стыль фінансаваньня і ў 1950-я нічым не адрозьніваўся ад папулярнага сёньня краўдфандынгу. То бок усё, што рабіў БІНіМ, фінансавалася выключна ахвярадаўцамі.
«І ў часы Вітаўта Тумаша, які кіраваў Інстытутам амаль 30 гадоў, і ў часы Вітаўта Кіпеля, які кіраваў 40 гадоў, і цяпер, у час новага дырэктара Юркі Кіпеля, БІНіМ — гэта людзі. Не будынак, не пратаколы і іншыя паперы, а менавіта людзі, якія ў вольны ад сваёй асноўнай працы час працуюць на ніве беларушчыны. Гэта, між іншага, адлюстроўвае і вокладка прысьвечанай Інстытуту кнігі, выдадзенай у 2018 годзе, „Хронікі БІНіМу“. На ёй зьмешчаныя партрэты ягоных сяброў. БІНіМ ня офіс на Мангатэне, у Нью-Джэрсі ці на ўзбочыне Брукліна. БІНіМ там, дзе знаходзіцца працоўнае месца ягонага сябра», — расказвае Свабодзе сябра ўправы інстытуту Лявон Юрэвіч.
Юрэвіч былы мянчук, выпускнік Менскага пэдынстытуту і асьпірантуры Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі. У ЗША ён жыве ад 1993 году. Працуе архівістам у Нью-Ёрскай публічнай бібліятэцы. Ён рэдактар і ўкладальнік шмат якіх выданьняў эміграцыйных беларускіх аўтараў і кніг па гісторыі беларускай эміграцыі. Сёньня Лявон Юрэвіч — сябра рэдкалегіі «Запісаў БІНіМ». Гэта галоўны навуковы часопіс інстытуту, які выдаецца ўжо з 1952 году. У ім друкуюцца матэрыялы на гістарычныя, этнаграфічныя, дэмаграфічныя, эканамічныя, мовазнаўчыя і іншыя тэмы. Менавіта праз «Запісы» многія заходнія навукоўцы зацікавіліся беларускай праблематыкай.
«Ад пачатку 1990-х БІНіМ актыўна супрацоўнічаў з суродзічамі зь Беларусі. Сёньня ж мы намагаемся на старонках „Запісаў“ стварыць пляцоўку для публікацыі дасьледаваньняў таксама тых аўтараў, хто з розных прычынаў (часьцей вымушана) знаходзіцца на Захадзе. З гэтага некалі і пачынаўся БІНіМ — як інстытуцыя, якая будзе даваць магчымасьць суродзічам-інтэлектуалам на эміграцыі працягваць сваю творчасьць, дасьледаваньні. Супрацоўнічаць з намі можа любы», — гаворыць Лявон Юрэвіч.
Сярод сяброў БІНіМу цягам ягонай гісторыі былі вельмі розныя людзі. Прыкладам, старшыні Рады БНР на эміграцыі Мікола Абрамчык і Вінцэнт Жук-Грышкевіч далучыліся да дзейнасьці Інстытуту і падтрымлівалі зь ім пастаянныя кантакты. «Залатым фондам» БІНіМу, як кажа Юрэвіч, заўсёды была старая пасьляваенная эміграцыя. Але сёньня яе фактычна не засталося. Тыя, хто яшчэ жыве, дапамагаюць самым важным — сваімі ўспамінамі. На 2024 год ужо заплянаваныя «Запісы», якія БІНіМ хоча прысьвяціць беларускай эміграцыі ад 2020 году, новапаўсталым арганізацыям, ініцыятывам, людзям, новым падзеям у жыцьці ранейшых беларускіх асяродкаў. Лявон Юрэвіч заклікае ўсіх ахвотных дапамагчы ў раскрыцьці гэтай тэмы сваімі матэрыяламі.
Як і ўся дзейнасьць БІНіМу, так і выданьне ўсіх 42 нумароў, якія дагэтуль пабачылі сьвет, ажыцьцяўлялася, як цяпер модна казаць, за данаты. Як кажа Юрэвіч, сябры Інстытуту ні заробкаў, ні ганарараў не атрымліваюць, хутчэй укладаюць свае грошы. Сябра БІНіМу не пасьведчаньне, ня нейкая афіцыйная паперка, дадае Юрэвіч. Інстытут існуе за іхныя складкі, ахвяраваньні. Вялікую дапамогу аказвае Беларуская фундацыя Крачэўскага і Культурная і адукацыйная фундацыя Орса-Рамана. Гэта беларускія арганізацыі ў ЗША.
Апошнія 40 гадоў Інстытутам кіраваў гісторык міграцыі Вітаўт Кіпель. Летась ён памёр ва ўзросьце 95 гадоў. Доктар Кіпель быў дасьледнікам гісторыі беларускай эміграцыі ў ЗША й зьбіральнікам (разам з жонкай Зорай Кіпель) беларусікі на Захадзе.
Да першых угодкаў ягонай сьмерці плянуецца выдаць альбом-даведнік «Беларускія магілы ў сьвеце», які Лявон Юрэвіч разам з дасьледчыцай гісторыі беларускай дыяспары Натальляй Гардзіенкай рыхтуе ўжо больш за пяць гадоў.
«У ім сабраныя зьвесткі пра беларускія могілкі й паасобныя пахаваньні ў 13 краінах: Аўстраліі, Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Грэцыі, Даніі, ЗША, Італіі, Канадзе, Нямеччыне, Францыі, Чылі, Чэхіі, Швэцыі. У інфармацыі пра кожнае пахаваньне, якіх больш за паўтысячы, падаецца здымак надмагільля і, па магчымасьці, біяграма й здымак пахаванага. Зьвесткі для даведніка зьбіраліся каля трох дзясяткаў гадоў. Вітаўт Кіпель вельмі чакаў выхаду гэтага альбому». — расказвае Юрэвіч.
Сёлета выйдзе 43-і па ліку нумар «Запісаў БІНіМ». Галоўная тэма гэтага тома — беларускае студэнцтва на Захадзе. Як кажа Юрэвіч, сёньня, калі зноў значная частка беларускай моладзі вымушаная шукаць магчымасьці атрыманьня адукацыі ў замежжы, важна расказаць пра тыя шляхі, якімі маладыя беларусы траплялі ў заходнія навучальныя ўстановы, пра студэнцкія арганізацыі, якія ствараліся.
А літаральна пару тыдняў таму з друку выйшаў зборнік «Выбранае» паэта і грамадзкага дзеяча ў ЗША Міхася Кавыля (1915–2017). Гэта ўжо дзявятая кніга ў сэрыі, якую ў 2017 годзе БІНіМ распачаў у супрацы са Згуртаваньнем беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Кавыль, які пражыў больш за 100 гадоў, ва ўспамінах «Казённы дом і далёкая дарога» расказвае, як сядзеў у адной камэры з паэтамі Сяргеем Астрэйкам, Лукашам Калюгам і іншымі калегамі па пісьменьніцкім цэху. На этапе быў разам з Максімам Лужаніным, а зьняволеньне адбываў, паводле некаторых зьвестак, у адным лягеры з Восіпам Мандэльштамам.
«Ягоныя ўспаміны пра рэпрэсіі 1930-х гадоў і сталінскія лягеры вельмі нагадваюць тое, што адбываецца ў сёньняшняй Беларусі. І калі раней мы ў камэнтарах імкнуліся падаць зьвесткі пра імёны, геаграфічныя назовы, падзеі, то ў гэтым выданьні мы тлумачылі таксама рэаліі рэпрэсіўных мэханізмаў і турэмнага побыту з 1930-х гадоў (карцар, баланда, вуркаган, блатны, ВОХР і г. д.), якія сёньня выглядаюць вусьцішна знаёмымі, штодзённа на слыху», — гаворыць Юрэвіч.
Гэтыя ўспаміны, а таксама паэзія, проза, публіцыстыка і перакладзеныя аўтарам «Роздумы» рымскага імпэратара і мысьляра Марка Аўрэліюса, і ўвайшлі ў кнігу. Лявон Юрэвіч расказвае, што пасьля падзеяў 2020 г. у Беларусі, рэпрэсіяў цягам двух гадоў, пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне яго ахапілі роспач, паняверка, не было ўнутраных сілаў і жаданьня працягваць далей пісаць, укладаць, выдаваць.
«І хіба пачатковыя накіды тома Кавыля назаўсёды засталіся б у кампутары, каб не прачытаў зацемку пра наведваньне 16 траўня 2022 г. Азаронкам „со товарищи“ кнігарні выдавецтва „Янушкевіч“ „Кнігаўка“. Тое, што было імі там сказана пра беларускія кнігі, і наступствы візыту — арышт Андрэя Янушкевіча й Насты Карнацкай, канфіскацыя кніг — страсянулі й абудзілі: „Ужо бяда не бяда, ужо нуда не нуда“. Прыйшло ўсьведамленьне простага: адказам на гэта ўсё могуць быць, мусяць быць новыя беларускія кнігі. Нашыя кнігі! Так што, у пэўным сэнсе дзякуем Азаронку й ягонай дзейнасьці за зьяўленьне тома выбраных твораў Міхася Кавыля», — дадае Юрэвіч.
Цяпер у БІНіМе рэдагуюць яшчэ адзін том з той самай сэрыі — «Выбранае» грэка-каталіцкага сьвятара айца Лява Гарошкі (1911–1977). Ягоны тэкст «Сьвятая Эўфрасіня-Прадслава. Ігуменя манастыра сьв. Спаса ў Полацку. Патронка Беларусі» — гэта было фактычна першае, зробленае яшчэ ў 1940-х гадах, дасьледаваньне, прысьвечанае беларускай сьвятой. Гэты тэкст таксама ўвайшоў у кнігу.
Ужо працяглы час галоўны прыярытэт Інстытуту — гісторыя беларускай эміграцыі, спадчына творцаў-эмігрантаў. У савецкія часы гэта была проста забароненая тэма.
У 1960-я гады Акадэмія навук Беларусь выдала зборнік з нагоды 450-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня. У зборніку была праца гісторыка з Чэхаславаччыны Антонія Фляроўскага. У арыгінале ён спасылаўся на працы аднаго са стваральнікаў і кіраўнікоў БІНіМу Вітаўта Тумаша. Але Акадэмія навук БССР выкрасьліла зь бібліяграфіі ўсе згадкі пра яго.
«Але й пазьней гісторыя беларускай эміграцыі так ніколі й ня стала дастаткова прыцягальнай для дасьледнікаў і прымальнай для ўладаў у Беларусі. Таму сёньня „Запісы БІНіМ“ — адзінае пэрыядычнае выданьне, прысьвечанае эміграцыі, а галоўны клопат Інстытуту — вяртаньне зь нябыту й папулярызацыя спадчыны беларускіх эмігрантаў», — тлумачыць Лявон Юрэвіч.
У выдадзеных Інстытутам кнігах і на старонках ягоных пэрыёдыкаў цягам 70 гадоў ягонай дзейнасьці свае тэксты апублікавалі больш за сотню аўтараў. І гэтая колькасьць усё павялічваецца.
У сябрах Інстытуту ад самага пачатку былі кампазытары, пісьменьнікі, навукоўцы, мастакі — бадай што ўся інтэлектуальная і творчая эліта паваеннай беларускай эміграцыі. Некаторыя, праўда, удзельнічалі ў БІНіМе вельмі непрацяглы час. Мастак Аляксандар Раманоўскі, даволі пасьпяховы беларускі творца ў Аўстраліі, аўтар альбому скетчаў «За жалезнай заслонай», выдадзенага ў Сыднэі ў 1955 годзе, падаў заяву на ўступленьне ў БІНіМ 13 лістапада 1954 году. Але ўжо ў кастрычніку 1955 году яго знайшлі забітым у адным з сыднэйскіх гатэляў.
У чэрвені 1952 году сябрам БІНіМу стаў кампазытар, аўтар музыкі гімну «Магутны Божа» Мікола Равенскі, але ўжо ў сакавіку 1953-га. ён памёр у бэльгійскім Лювэне. А вось аўтарка словаў таго самага гімну Натальля Арсеньнева была ўжо сярод заснавальнікаў БІНіМу, працавала ягонай сакратаркай і нават некаторы час разглядалася як кандыдатура на пасаду старшыні Інстытуту.
Пасьля сьмерці Вітаўта Кіпеля новым дырэктарам БІНіМу стаў ягоны сын Юрка, пасьпяховы амэрыканскі лекар. Чалавек нумар два ў Інстытуце, як кажа Лявон Юрэвіч, і галоўная рэдактарка «Запісаў» — Натальля Гардзіенка. «Яна й фактычны сакратар, і каардынатар праектаў і, што вельмі істотна, ажыцьцяўляе сувязь паміж Інстытутам і сьветам», — дадае Юрэвіч.
Ад пачатку свайго існаваньня БІНіМ пачаў зьбіраць архівы дзеячаў-эмігрантаў. Сёньня частка назапашанага захоўваецца ў Нью-Ёрскай публічнай бібліятэцы, частка была перададзеная ў Беларусь.
Акрамя БІНіМу, архівы эміграцыйных дзеячаў і арганізацый захоўваюцца ў Беларускай фундацыі Крачэўскага, лёнданскай Скарынаўскай бібліятэцы, розных амэрыканскіх, канадзкіх і іншых архіўных установах.
Цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў і «Запісы», і іншыя праекты БІНіМу выходзілі ў Менску. Аднак сытуацыя зьмянілася — і сёньня Інстытут вывучае новыя магчымасьці й вельмі ўдзячны фонду Kamunikat.org, які стварыў інтэрнэт-бібліятэку. Амаль усе выданьні БІНіМу даступныя на гэтай онляйн-плятформе. Той жа фонд дапамагае і з выданьнем кніг БІНіМу.
Але да гэтага часу Інстытуту няма ў сацсетках, яго сябры не карыстаюцца ў сваёй працы папулярнымі сёньня TikTok, YouTube ці іншымі сацсеткамі. Калі ня ўлічваць разьмяшчэньне ў вольным доступе выданьняў, у сацсетках Інстытуту не было, толькі зусім нядаўна стварылі ў Facebook БІНіМаўскую старонку. Лявон Юрэвіч канстатуе, што, відаць, не прыбіла яшчэ да берага Інстытуту патрэбнага спэцыяліста. Але калі нехта захоча дапамагчы БІНіМу з сацыяльнымі сеткамі й інтэрнэт-праектамі, то там гэтаму будуць вельмі радыя. Урэшце, менавіта па тым жа прынцыпе добраахвотнай дапамогі Інстытут і ствараўся больш за 70 гадоў таму.