«Яны не ўтрымаюць краіну». Чаму Лукашэнку не падабаецца беларуская моладзь

"Адкрыты ўрок" Лукашэнкі для моладзі. Верасень 2022 году. Ілюстрацыйнае фота.

Палітычная інтуіцыя, прыроднае адчуваньне падказваюць Лукашэнку, што моладзь — тое новае пакаленьне, якое пратэставала супраць дыктатуры тры гады таму, — іншая, не падобная да ягонага электарату, зь якім ён прывык працаваць цягам апошніх 30 гадоў.

Яны для яго малазразумелыя. А таму выклікаюць недавер і падазрэньне.

Сьцісла

  • Іншая сыстэма камунікацыі, якой карыстаецца новае пакаленьне, спарадзіла людзей зь іншымі каштоўнасьцямі і ладам жыцьця, іншай карцінай сьвету.
  • Моладзь ня ўпісваецца ў беларускую мадэль, якая прадугледжвае ўсеагульную занятасьць за сьціплы заробак (інакш залічаць у дармаеды).
  • Лукашэнка лічыць, што маладзёны «не ўтрымаюць краіну». Адсюль непазьбежная выснова: сталым людзям трэба заставацца пры ўладзе да самага канца.


Ужо шмат разоў даводзілася пісаць, што Лукашэнку трэба ўважліва слухаць. У яго ёсьць псыхалягічная асаблівасьць уголас прагаворваць свае патаемныя (магчыма, падсьвядомыя) думкі, якія палітыкі звычайна не выносяць на публіку.

Гэтым разам выхад індывідуальнага падсьвядомага адбыўся падчас паездкі ў Ветку 28 красавіка. Там ён гаварыў шмат чаго. Як у старыя добрыя часы, інспэктаваў сельгаспалеткі, даваў указаньні, як трэба працаваць у полі і на фэрмах. Як належыць, аблаяў чыноўнікаў за безгаспадарлівасьць, запатрабаваў цьвёрдай дысцыпліны («надыходзіць жалезная дыктатура»).

Але самае цікавае прагучала, як часта здараецца, «на дэсэрт». Лукашэнка выказаў поўны недавер на адрас моладзі. І гэта ў пэўным сэнсе быў крык душы: «Сядзяць, тыкаюць у гэты тэлефон — заўтра зь неба ўсё зваліцца. Мы іх разбэсьцілі да крайняй ступені. Ах, моладзь у нас добрая, добрая! Так, добрая. Але працаваць не жадаюць і ня ўмеюць. Яны ня зробяць, яны не ўтрымаюць краіну».

Тут адразу некалькі падсьвядомых пластоў. Найперш, моладзь — паняцьце адноснае. Хутчэй, тут Лукашэнка мае на ўвазе ўвогуле новае пакаленьне, якое можна ўмоўна назваць «людзі 2020 году».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта вельмі важна — гаварыць тое, што думаеш», — кадэт, які выступіў з прамовай падчас «адкрытага ўроку» Лукашэнкі

Палітычная інтуіцыя, прыроднае адчуваньне падказваюць Лукашэнку, што моладзь, новае пакаленьне, людзі, якія пратэставалі тры гады таму, — яны іншыя, не падобныя да таго электарату, зь якім ён прывык працаваць цягам 30 гадоў. Яны для яго малазразумелыя.

Можна закатаць пратэст у асфальт, запоўніць турмы і калёніі палітзьняволенымі, але гэта не дае ўпэўненасьці, адчуваньня спакою, бо ўсё аднаўляецца, рэгенэруецца. Нягледзячы на ўсе меры, якія прымаюцца, на тое, што ўсю сыстэму адукацыі пераналадзілі, ператварылі ў вялізную ідэалягічную машыну дзеля забесьпячэньня палітычнай ляяльнасьці, ён адчувае, што ўсё гэта дрэнна працуе. Усе гэтыя БРСМ, патрыятычныя клюбы, палітынфармацыі, дзе апавядаюць пра фашысцкі генацыд, забарона на «экстрэмісцкія рэсурсы» — усё міма. На выхадзе вылазіць нейкая моладзевая субкультура, кшталту «Родан».

Глябальная праблема ў тым, што ў моладзі зусім іншая сыстэма камунікацыі, якую нават Лукашэнка, які не карыстаецца інтэрнэтам, пачынае адчуваць («сядзяць, тыкаюць у гэты тэлефон»). Зьяўленьне новых мэдыя, сацыяльных сетак, «смартфанізацыя» новага пакаленьня разбурылі старую сыстэму сувязі рэжыму з грамадзтвам.

Іншая сыстэма камунікацыі спарадзіла людзей зь іншымі каштоўнасьцямі і ладам жыцьця, іншай карцінай сьвету. Яна стымулявала канфлікт, стылістычны разрыў паміж людзьмі, якія жывуць у лічбавай сфэры, з гарызантальна арганізаванай сеткавай культурай і дамінуючай у краіне аўтарытарнай, герархічнай кіроўнай вэртыкальлю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: Моладзь працаваць не жадае і ня ўмее і не ўтрымае краіну

Яшчэ адзін папрок на адрас моладзі: «працаваць не жадаюць і ня ўмеюць». Тут два моманты. Па-першае, у маладых людзей іншая сыстэма запытаў і патрэбаў, яны не жадаюць працаваць за капейкі. Яны, прасьцей кажучы, ня ўпісваюцца ў беларускую мадэль, якая прадугледжвае ўсеагульную занятасьць за сьціплы заробак (інакш залічаць у дармаеды).

Па-другое, што гэта за праца — сядзець каля кампутара і пісаць нейкія праграмы? Сапраўдная праца — гэта касіць траву, калоць дровы, зьбіраць бульбу і кавуны, што Лукашэнка робіць на сваім сельгасучастку — і гэта паказваюць на ўсю краіну як узор. Яшчэ некалькі год таму ён наракаў, што ў школах ня вучаць сельскагаспадарчай працы, дзеці «карову ад казы адрозьніць ня могуць».

Нарэшце, самая галоўная загана моладзі: «Яны не ўтрымаюць краіну». Адсюль непазьбежная выснова: сталым людзям трэба заставацца пры ўладзе да самага канца. Не таму, што яны моцна любяць уладу і гатовыя трымацца за яе «пасінелымі пальцамі». Не, як вы маглі падумаць! А дзеля таго, каб, самі разумееце, «утрымаць краіну». Угадайце з трох разоў, пра каго гэта Лукашэнка кажа?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест «адкрытага ўроку» — палітінфармацыя. Як нязручнае пытаньне студэнта паламала сцэнар Лукашэнкі

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.