Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта вельмі важна — гаварыць тое, што думаеш», — кадэт, які выступіў з прамовай падчас «адкрытага ўроку» Лукашэнкі


Захар Аўчыньнікаў адчас прамовы
Захар Аўчыньнікаў адчас прамовы

1 верасьня Аляксандар Лукашэнка правёў «адкрыты ўрок» для школьнікаў, яго трансьлявалі на ўсю Беларусь. Што да прысутных на «ўроку», запамінальным стаў стала прамова Захара Аўчыньнікава, кадэта зь Віцебскага кадэцкага вучылішча, які па-беларуску распавёў, чым ён ганарыцца ў сваёй краіне.

Блог «Отражение» зьвязаўся з Захарам і папрасіў яго падзяліцца ўражаньнямі. Пераказваем асноўнае з інтэрвію.

Захару 16 гадоў, сам ён з маленькай вёскі Дрыгучы Мёрскага раёну. Ён вучань 11 клясы Віцебскага кадэцкага вучылішча, паступіў туды пасьля 7 клясы школы. Захапляецца гісторыяй, удзельнічае ў алімпіядах і піша навуковыя працы. У будучыні Захар марыць стаць адвакатам ці юрыстам — кажа, што вырашыў «абраць прафэсію, карысную ў Беларусі і «зьвязаную з грамадзтвам».

Пра любоў да гісторыі: «Гістарычныя кнігі і праграмы мяне заўсёды цікавілі. Да таго ж дзяцей у нашай вёсцы няшмат, таму трэба было прыдумваць, як праводзіць час, і я чытаў. Дый у школе па гісторыі ў мяне былі добрыя настаўнікі, заахвочвалі мяне займацца. З гэтага ўсё пачалося. А цяпер я сам часта зьвяртаюся да мінулага, каб лепш зразумець тое, што адбываецца цяпер».

Пра беларускую мову: «Я імкнуся павялічваць ужываньне мовы і мару, што калісьці цалкам на яе перайду. Па-першае, гэта прыгожа, па-другое — магчымасьць даць людзям вакол зразумець, што ты беларус. А яшчэ не хачу, каб мне было сорамна перад будучымі дзецьмі, калі яны раптам спытаюць: „Тата, чаму ты не падтрымліваў мову?“»

Пра тое, чаму падняў руку і захацеў выказацца падчас «адкрытага ўроку» Лукашэнкі: «Мне здаецца, гэта вельмі важна — гаварыць тое, што думаеш, бо, калі гэтага не рабіць, ня будзе разьвіцьця і самастойнасьці. Але, каб агучваць свае думкі, патрэбна сьмеласьць. Падняць руку на адкрытым уроку ў першую чаргу было важна для мяне самога. Гэта як доказ таго, што я маю гэтую сьмеласьць».

Што было, калі «адкрыты ўрок скончыўся»: «Некаторыя хлопцы і дзяўчаты зь іншых дэлегацый падыходзілі да мяне, каб паціснуць руку. Цяпер шмат знаёмых і невядомых людзей пішуць мне ў сацсетках. У асноўным дзякуюць за то, што выступіў на мове, што сьмела адказваў, што ўспомніў Генрыка Дмахоўскага зь Міёршчыны. Нехта жартуе, нехта хвалюецца, быццам, могуць быць нейкія наступствы з-за таго, што маё выказваньне сталі распаўсюджваць».

Пра тое, як бацькі паставіліся да ягонай прамовы: «Яны не глядзелі выступ, але потым мама мяне пахваліла. А таты не стала ў ноч з 31 жніўня на 1 верасьня. Але я даведаўся пра гэта, толькі калі вярнуўся. Ён 6 гадоў змагаўся з анкалёгіяй. Калі я быў у Менску, мама, напэўна, вырашала мне не гаварыць. Ды я і сам не патэлефанаваў... Столькі ўсяго звалілася за гэтыя дні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG