Паводле яго прэсавай службы, ён скрытыкаваў безыніцыятыўнасьць чыноўнікаў і разбэшчанасьць моладзі.
«Паўтараць па 10 разоў я ня буду. Мы ўжо дажыліся да таго: прэзыдэнт, выпрацуй ідэю, перасьпі зь ёй, груба кажучы, давядзі да кожнага, а потым ідзі сам зрабі, а мы будзем з боку глядзець. Хлопцы, гэты час скончыўся. Зразумейце вы нарэшце, калі мы ня зробім зараз гэта, нашы дзеці ня зробяць. Яны іншыя», — заявіў ён.
Лукашэнка заклікаў моладзь ня крыўдзіцца на ягоныя словы, але заявіў, што сярод маладых людзей ёсьць такія, хто «думае, што ў інтэрнэце яблыкі і грушы растуць».
«Сядзяць, тыкаюць у гэты тэлефон — заўтра зь неба ўсё зваліцца. Мы іх разбэсьцілі да крайняй ступені. Ах, моладзь у нас добрая, добрая! Так, добрая. Але працаваць не жадаюць і ня ўмеюць. Яны ня зробяць, яны не ўтрымаюць краіну», — падкрэсьліў Лукашэнка.
- Ад канца лютага ў Беларусі адбываліся масавыя затрыманьні прыхільнікаў моладзевага руху «Родан».
- 28 лютага ў Гомлі міліцыя затрымала 200 чалавек (183 зь іх непаўналетнія), якія прыйшлі на анансаваную ў сацсетках сустрэчу прыхільнікаў «Родан». Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Непаўналетніх перадалі бацькам.
- УУС Берасьцейскага аблвыканкаму паведамляў пра затрыманьне ў Берасьці 1 сакавіка прыхільнікаў моладзевага субкультурнага руху «Родан», якія сабраліся «на заклікі, апублікаваныя ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах, паблізу буйных гандлёвых цэнтраў». Паводле сілавікоў, затрымалі 52 чалавек, зь іх 41 непаўналетні.
- СМІ паведамлялі таксама пра затрыманьні 1 сакавіка прыхільнікаў руху ў Менску і Воршы, але колькасьць затрыманых была невядомая.
- ПВК «Родан» — зусім маладая субкультура, якая, тым ня менш, ужо «нарабіла шораху». Аснову прыхільнікаў руху складаюць падлеткі — аматары японскага анімэ. Рух названы ў гонар злачыннай арганізацыі «Геней Родан», альбо «Павукі», зь японскага анімэ Hunter x Hunter.
- Абавязковы атрыбут роданаўцаў — чорны валасы, байкі з выявай павука, а таксама клятчастыя нагавіцы. Іх галоўны пасыл — не перашкаджайце нам выглядаць так, як мы хочам.