Па-беларуску пра Японію і сямейны блог пра Эўропу. Расказваем гісторыі беларускіх трэвэл-блогераў

Сяргей і Лена, беларускія трэвэл-блогеры, аўтары ютуб-каналу «Авантурысты».

Паразмаўлялі зь беларускімі трэвэл-блогерамі. Даведаліся, як яны распачалі свае каналы, зь якімі складанасьцямі сутыкнуліся і што іх натхняе. А таксама спыталіся парадаў для бюджэтных турыстаў.

«Усё аказалася ня так проста»

Сяргей і Лена — беларускія трэвэл-блогеры, аўтары ютуб-каналу «Авантурысты», таксама вядуць акаўнт пра падарожжыў інстаграме . Абодва працуюць у ІТ-сфэры, пераехалі ў Бэрлін у 2021 годзе і пачалі дасьледаваць гэты горад. Пасьля пара паехала на адпачынак на выспу Тэнэрыфэ, дзе ім і прыйшла ідэя стварыць свой блог пра вандроўкі.

«Нам настолькі спадабалася прыгажосьць прыроды на Тэнэрыфэ, што мы вырашылі туды вярнуцца і зьняць відэа пра паход. Так спачатку нарадзілася ідэя зрабіць ютуб-канал пра паходы, бо і ў Нямеччыне ў іх хадзілі па выходных. Неяк усё трансфармавалася, і мы падумалі: «А чаму б не рабіць канал пра вандроўкі?» — кажа блогер Сяргей.

Першае відэа, якое плянавала зрабіць пара, — пра шлях Сьвятога Якуба ў Гішпаніі.

«Мы мусілі ісьці 200 кілямэтраў. Гэта быў наш першы досьвед такога паходу, але тады пачалася вайна, і мы не дайшлі, вярнуліся назад. І вось выйшла першае відэа пра Капэнгаген».


Сяргей прызнаецца — напачатку думаў, што весьці блог будзе прасьцей.

«Узяў камэру, тэлефон, хадзі, здымай — вось табе гатовы блог. У прынцыпе, першыя відэа мы так і рабілі: мы ведалі, куды пойдзем, што паглядзім, ня толькі самыя турыстычныя месцы, але і цікавосткі, і паралельна будзем здымаць. Але ўсё аказалася ня так проста, бо трэба падрыхтаваць сцэнар, падумаць, пра што мы раскажам, пад гэта зьняць матэрыял».

Блогеры ў асноўным стараюцца плянаваць бюджэтныя паездкі.

«Летась мы зьнялі розныя нямецкія гарады дзякуючы квітку за 9 эўра на месяц, калі можна было па ўсёй Нямеччыне езьдзіць. Мы гэтай магчымасьцю скарысталіся і наздымалі матэрыялу. Пакуль самая дарагая паездка, якая ў нас была, — гэта Капэнгаген. У нас выйшла недзе 750 эўра з квіткамі, з жытлом, з харчаваньнем. І гэта самы дарагі горад, дзе мы былі, самыя вялікія выдаткі на паездку выходнага дня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я проста еду ў любы горад і граю там» Як вулічны музыка зь Беларусі вандруе па Нямеччыне з сабакам

«Трэба рабіць тое, што мы можам»

Пакуль на відэа Сяргея і Лены не было ніводнага нэгатыўнага камэнтара і дызлайку.

«Былі толькі падабайкі, што прыемна. Зразумела, першымі падпісчыкамі былі бацькі, браты, сёстры, аднаклясьнікі, аднагрупнікі. Ну, і зараз ужо пачалі падцягвацца людзі незнаёмыя».

Ютуб і інстаграм блогеры вядуць цалкам па-беларуску. Сяргей заўважае, што чуў інфармацыю, што ютуб ня любіць беларускую мову і празь яе можа дрэнна прасоўваць відэа, але сам пакуль такога не адчуў.

«Трэба рабіць тое, што мы можам. Спадзяёмся, што беларусы падцягнуцца. Былі назіраньні, што большасьць праглядаў прыходзіць са зьнешніх рэсурсаў, не зь ютуба, але вось зараз на прыкладзе відэа пра Мадэйру мы бачым, што яго паказваюць болей, і большасьць людзей глядзіць з прапанаваных відэа. То бок тэндэнцыя мяняецца. Але канал пакуль малы, таму няма статыстыкі, каб нешта адназначна казаць».

Сяргей і Лена ў асноўным падарожнічалі па Эўропе. Сяргей дадае, што кошты цяпер значна падняліся: калі раней квіток на Ryanair можна было ўзяць за 20–30 эўра, то цяпер яны ад 50.

«Адзін зь бюджэтных варыянтаў для падарожжаў — Гішпанія. Там нядорага, можна прайсьці той жа шлях Сант’яга — Сьвятога Якуба — які нам вельмі спадабаўся. І зрабіць гэта вельмі бюджэтна: бераце заплечнік, спальнік. Па дарозе ёсьць альбэргі — хостэлы для вандроўнікаў, бо асабліва летам вельмі шмат людзей праходзіць гэты шлях, таму ёсьць уся інфраструктура. Вы ідзяце праз горы, гледзіце на навакольле, маленечкія гішпанскія вёсачкі, і атрымліваеце асалоду, шукаеце гармонію з сабой».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы залежныя ад чужых думак, але забываюцца прыслухацца да саміх сябе». Блогер «Тутэйшы Шляхціч» апавядае пра сябе і беларускі ютуб

«Здымкі для нас — вялікі стрэс»

Іван — блогер, аўтар ютуб-каналу Vanya in Japan пра падарожжы і жыцьцё ў Японіі. Спачатку Іван прылятаў у Японію як турыст, да сваёй дзяўчыны, а потым прыняў рашэньне пераехаць і ажаніцца. У Японіі беларус жыве ўжо амаль 10 гадоў.

«Калі я пераехаў, пачаў глядзець мясцовых расейскамоўных блогераў, іх было няшмат, яны былі вельмі папулярныя, і я падумаў: „Ну я ж таксама магу“. Але ў мяне не было ні камэры, ні машыны, таму я вырашыў, што лепей ніяк, чым абы-як. Прайшоў нейкі час, зьявілася камэра, машына, пачаў езьдзіць па краіне, падумаў, што ўжо ня сорамна і ютубу паказаць», — расказвае Іван .

Цяперашні канал — ужо чацьвёртая спроба зрабіць нешта пра Японію, прызнаецца блогер.

«Я зусім не хацеў трапляць у кадар і спачатку рабіў кліпы на 5–6 хвілін, пісаў мэлёдыю да іх. Потым рабіў экскурсіі, хадзіў з камэрай і нешта за кадрам расказваў, мне гэты фармат таксама не спадабаўся. Далей я вырашыў зрабіць вядоўцай сваю жонку, яна гаварыла па-японску, я субтытры па-ангельску рабіў. Думаў, што ў нас будуць мільёны праглядаў, але працэс быў вельмі складаны, усё пайшло ня так, як плянаваў. І потым ужо пачаў рабіць сам, як цяпер».

Іван кажа, што самае складанае ў вядзеньні блогу — здымачны працэс. Звычайна блогер здымае відэа са сваёй сям’ёй: жонкай і двума дзецьмі.

«Здымкі для нас — вялікі стрэс, хоць мы ўсе ўсьміхаемся ў кадры, здаецца, такія шчасьлівыя ўсе. Здымкі — самае цяжкае, бо я такі чалавек, што хачу ўсё разам паказаць. Калі мы кудысьці едзем, я хачу зьняць за дзень 6–7 месцаў. Мы ўсё робім вельмі хутка, я бегаю з гэтым штатывам, з камэрай, з рэчамі. Яшчэ ў нас у Японіі вельмі сьпякотна летам, мы тут усе такія мокрыя ходзім. І вось калі вяртаемся дадому пасьля здымак, такія: „Фух, усё скончылася“».

Блогер кажа, што самае кляснае — працэс мантажу ролікаў.

«Гэта для мяне як мазаіка. Я здымаю вельмі шмат кадраў, потым прыяжджаю дадому і гляджу: „Ваў!“ І вось я кайфую ад мантажу. Ну, і прыдумляць, пісаць сцэнар мне падабаецца. Увогуле, сам сабе задаю пытаньне: чаму я яшчэ гэта ня кінуў? Калі я гляджу на прагляды, думаю: „Яшчэ два-тры відэа, і ўсё“. А калі пачынаю рабіць наступныя, такі: „Ну добра, і так нармальна“».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хэйт-камэнты ў мой бок гучаць гэтак жа, як на Акрэсьціна ад сілавікоў». Размова з блогерамі Лізай Ветравай і Мікітам Бялевічам

«Цяпер у жыцьці я размаўляю па-беларуску, дык навошта мне на ютубе вяртацца да расейскай?»

Спачатку Іван вёў свой блог па-расейску, але летась перайшоў на беларускую.

«Пасьля таго як я перайшоў на беларускую мову, я яшчэ два месяцы працягваў рабіць відэа па-расейску. Потым паглядзеў на прагляды: да вайны іх было 500–600, а потым стала крыху менш. І я падумаў, што дзеля пары соцень праглядаў вяртацца на расейскую мову не зусім лягічна. Таму я вырашыў паспрабаваць, бо думаў: я цяпер у жыцьці размаўляю па-беларуску, дык навошта мне на ютубе вяртацца да расейскай?»

Да таго як Іван перайшоў у сваім блогу на беларускую мову, яго глядзелі ў асноўным расейцы. Першае беларускамоўнае відэа выйшла на канале Івана ў Дзень роднай мовы 21 лютага. Спачатку на яго была нармальная рэакцыя, але пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну відэа пачалі ўспрымацца пад іншым вуглом.

«Падпісчыкі-расейцы ў асноўным ціха і сышлі, нават не адпісваліся, бо прагляды страціліся, але падпіскі засталіся. Але ў мяне была адна памылка: я зрабіў калябарацыю з папулярным блогерам у Японіі. Ён з Адэсы. Відэа выйшла на яго канале, але яго аўдыторыя расейская, ён размаўляе па-расейску і не закранае тэму вайны. Таму ён сказаў пра мой канал, людзі прыйшлі, а там зь першай сэкунды ўсё па-беларуску. Яны, канечне, усе ачмурэлі, ня вытрымалі, пачалі пісаць».

Іван дадае, што спрабаваў нават адказваць на такія камэнтары, але людзі яго не хацелі чуць.

«Мне было цікава, што яны нават не хацелі пачуць маю прычыну. Я казаў, што перайшоў на беларускую мову, бо хачу размаўляць па-беларуску, а не таму, што не хачу размаўляць па-расейску. Гэта вялікая розьніца. А яны гэтага ня чуюць, і ўсё: „Ты нацыяналіст! Вы не краіна! І мовы ў вас няма!“ Ну і пра што з такімі размаўляць? А так хэйт быў ня вельмі жорсткі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачаў гаварыць у сьне па-беларуску». Як праз вайну і рэвалюцыю людзі пераходзяць на беларускую мову

«У Беларусі я бачыў людзей, якім без канфліктаў сумна жыць, а тут канфлікты не прынятыя»

Калі вы зьбіраецеся наведаць Японію ўпершыню, абавязкова трэба ехаць у Кіёта, раіць блогер.

«Я ўсім раю, нават сябрам кажу, што Токіё — гэта не абавязкова. Калі вы хочаце эканомна пападарожнічаць, ляціце адразу ў Кіёта. Калі грошы ёсьць, то можна і Токіё, Кіёта і ўсё, што блізка — Нара, Осака. Але Японія даволі вялікая, так што вы знойдзеце цікавыя месцы. Але трэба грошы, бо краіна дарагая: ежа, гасьцініцы, асабліва транспарт вельмі дарагі. І калі ехаць сям’ёй, то да вандроўкі трэба будзе рыхтавацца, бо аўтаспын тут не прыняты», — дадае Іван.

Іван кажа, што самыя яскравыя ўражаньні ад Японіі былі ў першы год жыцьця.

«Цяпер я гляджу больш спакойна. Калі казаць, што не падабаецца — японцы вельмі ветлівыя, таму, каб не пакрыўдзіць чалавека, яны ня кажуць усю праўду ў вочы. І гэта для мяне як беларуса крыху цяжка. Бо яны табе ўсьміхаюцца, кажуць, які ты добры чалавек, якая ў цябе ідэальная японская мова, але насамрэч так ня думаюць і ўвогуле ня хочуць з табой размаўляць. Або вось на працы кажуць: „Вай, ты такі клясны супрацоўнік!“. А празь пяць хвілін выклікаюць да начальніка і просяць, каб ты больш тут не працаваў».

Блогер дадае, што спачатку такія паводзіны японцаў цяжка прыняць, але потым да гэтага прызвычайваесься.

«А што падабаецца? Зноў жа — вельмі ветлівыя людзі. Пасьля Беларусі гэта моцны кантраст. У Беларусі я бачыў людзей, якім без канфліктаў сумна жыць, а тут канфлікты не прынятыя: калі бывае дрэнная сытуацыя, яны могуць проста моўчкі сысьці, і ўсё. Гэта крута».

Іван кажа, што звычайна плянуе падарожжа за пару тыдняў. І цяпер сваіх плянаў не раскрывае. Але заўважае, што вельмі хоча ў будучыні паглядзець усю Азію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці дастаткова зьесьці паперу, каб стаць папулярным блогерам? Раяць Пальчыс і Пушкін