Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дастаткова зьесьці паперу, каб стаць папулярным блогерам? Раяць Пальчыс і Пушкін


Улад Бумага есьць паперу па просьбе гледачоў
Улад Бумага есьць паперу па просьбе гледачоў

Відэаблогер Улад Бумага скалыхнуў сацыяльны сеткі і СМІ ў Беларусі. Яго імя некалькі дзён згадвалі найчасьцей. Малады відэаблогер есьць публічна паперу і круціць азадкам. Такое відэа глядзіць амаль паўмільёна чалавек.

Нехта гэта называе паталёгіяй, іншыя кажуць, што першыя нічога не разумеюць. Дык давайце разьбярэмся. Якія блогеры і тэмы цікавяць сёньня беларусаў? Ну і хто такія беларускія блогеры: людзі зь місіяй, ці супрацоўнікі рэклямных кампаній.

Гэтыя тэмы абмяркоўваюць блогеры Эдуард Пальчыс і Максім Пушкін.

Гурневіч: Максім і Эдуард, чым для вас зьўляюцца вашы профілі ў сацыяльных сетках? У вас ёсьць свая місія, ці проста вам хочацца цікава праводзіць час? Што для вас, Максім, ваш Твітар акаўнт з 150 тысячамі падпісчыкаў.

Пушкін: Гэта мой асабісты акаўнт, дзе я пішу пра асабістае жыцьцё і дадаю нейкія цікавыя падзеі, якія мяне цікавяць. І мне падаецца, што ўсё гэта будзе цікавіць людзей майго ўзросту. Мне 21 год. Мае падпісчыкі — гэта людзі ад 17 да 25 гадоў. Пішу пра імпрэзы ў Менску, пра адкрыцьцё новых месцаў, пра аварыю ў мэтро і іншыя надзвычайныя сытуацыі.

Гурневіч: Эдурад, у вас на двух акаўнтах больш 10 тысяч падпісчыкаў. Чым вы адрозьніваецеся ад Максіма? Якая ваша місія?

Пальчыс: У мяне, у адрозьненьні ад Максіма, больш палітызаваны кантэнт. Ён сацыяльна-палітычны, часам нават вельмі востры. Я хачу зацікавіць моладзь беларускімі падзеямі, і канкрэтна палітыкай. У мяне больш вузкая спэцыялізацыя.

Гурневіч: Максім, розьніца паміж колькасьцю вашых з Эдуардам падпісчыкаў — у 15 разоў на вашу карысьць. Гэтыя лічбы паказваюць, што людзей у Беларусі сёньня цікавіць, і што яны шукаюць у сацыяльных сетках? Ці ўсё ж гэта анамалія?

Максім Пушкін
Максім Пушкін

Пушкін: Я б гэтага не прывязваў да беларусаў. Падаецца, што гэта датычыць любога чалавека. Мне падаецца, што людзям больш да душы нешта жыцьцёвае, чым палітычнае. З 10 чалавек палітыка цікавіць трох. А тое, што я пішу — 7-8 чалавек. Таму і лічбы такія.

Гурневіч: Эдуард, працытую вам пару допісаў Максіма на Твітары:

Сотні рэпостаў і лайкаў. Дык можа і вам так пачаць?

Пальчыс: Гэта было і раней. Газэта «Спид-ИНФО» мела мільённыя наклады. І ёсьць «Белгазета», якую чытаюць толькі тысячы. Бытавыя рэчы, пра адносіны, нешта блізкае чалавеку, зразумела, хутчэй знаходзіць водгук. Падзеньне цэнаў на нафту, пагрозы Расеі і санкцыі цікавяць менш людзей. Гэта агульначалавечая тэндэнцыя. Тут ня варта шукаць падвохаў.

Гурневіч: А вы, дарэчы, абодва, чытаеце адзін аднаго ў Твітары?

Пушкін: Так, я чытаю.

Пальчыс: Давялося, так.

Гурневіч: Ад сёньня, ці і раней чыталі?

Пальчыс: Максіма я чытаў і раней. Ён піша і пра моладзь, сацыяльную тэматыку, анансуе канцэрты, падтрымлівае беларускія паказы. Ён ня цалкам сыходзіць у бытавыя тэмы.

Гурневіч: Я днямі стаў сьведкам размоў, калі знаёмыя казалі, што тое, што робіць Улад Бумага — гэта ледзь ня знак Апакаліпсісу. Бо сотні тысяч і нават мільёны глядзяць, як нехта есьць паперу, або распавядае, што еў на сьняданак. Гэта нармальна, увогуле? Што тут можа быць цікавага?

Пушкін: Я знаёмы з Уладам, падтрымліваю яго і цешуся, што ў нас у Беларусі зьявіўся такі блогер, які можа сабраць 3 тысячы чалавек. Раней такога не было. Блогер цікавы людзям тым, што гэта звычайны чалавек. Гэта не тэлезорка. Калі мы бачым чалавека па тэлевізіі, то ён нецікавы і агідны. А калі бачыш відэаблогера Улада, то разумееш, што ён хадзіў у звычайную школу, ён сябраваў са звычайнымі людзьмі. І потым пры дапамозе гэтага відэа ён стаў папулярным, і ўсе на яго падпісваюцца. Што да зьместу, то часы зьмяняюцца. Раней дзеці глядзелі мульцікі, а сёньня яны глядзяць на ютубе відэа. На жаль у нас ёсьць кантэнт, якія некаторыя проста ня могуць зразумець, як чалавек, які абклейвае машыну стыкерамі, можа сабраць 5 мільёнаў праглядаў. Але гэта зроблена якасна і прыгожа. Гэта робіць твой аднагодак. Ім гэта цікава, і таму «заходзіць». Тут няма нічога дзіўнага. Час мяняецца, зьмяняюцца і інтарэсы. Так, сёньня людзям цікавей паглядзець хлапца, які абклейвае машыну стыкерамі, чым пачытаць кнігу.

Калі б ютуб быў у савецкі час, то такія ж самыя мільёны праглядаў набіралі б відэа крадзяжу карбіда

Гурневіч: Эдуард, вас называюць кансэрватарам. Ну вас напэўна павінны абурыць такія відэа. Што цікавага ў тым, што нехта есьць паперу або лепіць налепкі на аўто?

Пальчыс: Мяне, як чалавека нечакана кансэрватыўных поглядаў, нічога не зьдзіўляе. Калі б ютуб быў у савецкі час, то я абсалютна ўпэўнены, што такія ж самыя мільёны праглядаў набіралі б відэа крадзяжу карбіда, альбо што нехта лазіць па будове, ці як нехта падрывае пэтарды. Моладзь заўсёды займаецца тым, што не падабаецца больш сталаму пакаленьню. Гэта было тысячы, і нават дзьве тысячы гадоў таму. Тое, што зьвязана з Уладам Бумагаю забаўна, бо беларуская мэдыяпрастора заўсёды ад усяго адстае. І вось цяпер яна даведалася пра тое, што існуе ютуб. У нас, акрамя Ўлада, ёсьць і іншыя беларускія блогеры, у якіх больш мільёна праглядаў. Яны жывуць у Менску, але рабілі кантэнт арыентаваны на расейскі рынак. Тут больш пытаньне да старэйшага пакаленьня, каб яны сачылі за тым, што глядзяць іх дзеці. Бо замест тэлевізіі яны цяпер глядязяць расейскіх відэаблогераў.

Гурневіч: Гэта можа адбіцца на ўзроўні будучага грамадзтва, калі мільёны глядзяць такое відэа, і ўжо мала хто чытае кнігі?

Эдуард Пальчыс на мітынгу супраць будоўлі ля Курапатаў
Эдуард Пальчыс на мітынгу супраць будоўлі ля Курапатаў

Пальчыс: У савецкія часы некаторыя для забавы лазілі па палігонах і выкопвалі снарады. Некаторыя на іх падрываліся. Таму ня варта перабольшваць. Але недахоп усіх гэтых рэчаў у тым, што наша моладзь глядзіць не сваё. Так як дарослыя глядзяць Першы канал і НТВ, таксама і маладыя глядзяць расейскіх відэаблогераў, і ім больш цікава, што адбываецца там, чым у нас тут. Таму разьвіцьцё мясцовых ютуб-блогераў — гэта добра, гэта хоць нейкая цікавасьць да мясцовых падзеяў, да Менску і гарадзкой культуры. Калі мы хочам зацікавіць нашых дзяцей, то нам трэба ствараць для іх цікавы кантэнт.

Разьвіцьцё мясцовых ютуб-блогераў — гэта добра, гэта хоць нейкая цікавасьць да мясцовых падзеяў, да Менску і гарадзкой культуры.

Гурневіч: Максім, а што вы скажаце на абвінавачваньні ў ваш бок, што і Ўлад Бумага, і вы, гэта прадукты мэнэджэраў, і што вы проста рэклямуеце ежу і гаджэты?

Пушкін: Я ня бачу ў гэтым нічога кепскага. За нешта ж трэба жыць. Улад Бумага цяпер мае такі жыцьцё пэрыяд, як Сяргей Міхалок. У яго няма вольнага часу. Яго справамі і часам займаюцца іншыя людзі. Ён ня сам вырашае, куды пойдзе, бо ў яго ёсьць кампанія, якая працуе на ягоны імідж. Ён жа не рэклямуе цэмэнт, ён рэкляму тое, што падабаецца і што можа спадабацца маладым людзям.

Гурневіч: Эдурад, а вам, з тэматыкай вашага блогу магчыма знайсьці рэклямадаўцу?

Пальчыс: Наўрад ці. (сьмяецца). Нават грант ніхто ня дасьць. Я існую дзякуючы дапамозе, ахвяраваньням людзей. Магчыма ў будучыні, у дэмакратычнай Беларусі, будзе такая магчымасьць, але пакуль знайсьці рэкляму вельмі складана.

Дзьмітры Гурневіч
Дзьмітры Гурневіч

Гурневіч: Я, напрыклад, працую на радыёстанцыі, сярод задачаў якой ёсьць папулярызацыя дэмакратыі, прававой дзяржавы, плюралізму, агульначалавечых каштоўнасьцяў. Я маю свае прыватныя профілі. Пішу пра гісторыю, палітыку, і часам нешта асабістае. Ці можна такой тэматыкай прыцягнуць мільёны карыстальнікаў, акаўнатам па-беларуску? Што б я мусіў зрабіць, каб набраць столькі падпісчыкаў? Есьці паперу?

Сёньня ў інтэрнэце вельмі шмат кантэнту, і выбіраючы паміж гісторыяй і сьмешным відэа, ён забудзе гісторыю.

Пушкін: Шчыра, я ня ведаю, бо не спрабаваў. Думаю, што магла б быць цікавай, калі б правільна падаць інфармацыю. І калі б такой тэматыкі было ня вельмі шмат. Каб чалавека не спалохаць. Я паспрабую гэта зрабіць, але пакуль я не валодаю статыстыкай, як гэта можа «зайсьці». Сёньня ў інтэрнэце вельмі шмат кантэнту, і выбіраючы паміж гісторыяй і сьмешным відэа, ён забудзе гісторыю. Гэта трэба, каб ужо папулярны чалавек распавядаў пра гісторыю, і правільна гэта падаваць, каб гэта было ня сумна, але і вірусна.

Гурневіч: Эдуард, вось Максім узгадаў, што Ўлад Бумага сабраў 3 тысячы чалавек. Можа і вам варта пайсьці на нейкі экстравагнатны крок, каб прыцягнуць масы? Абляпіць машыну «Пагонямі» ці нешта такое?

Пальчыс: Як блогер, я таксама запрашаў людзей прыходзіць на сустрэчу 25 сакавіка. Прыходзіла і больш. Але гэта жарт. Бумага робіць забаўляльны кантэнт, а калі рабіць пра гісторыю, то гэта будзе адукацыя. Агульныя веды школьніка вельмі нізкія, ён нават у школе гэтага ня слухае, і яму гэта не цікава. Адукацыя заўсёды будзе прайграваць забаве, гэта проста закладзена ў чалавечую прыроду. Таму калі нешта папулярызаваць, то трэба гэта рабіць як Міхалок. Масавая культура і нацыянальна-гістарычная ў адным. Гэта найлепшы спосаб данесьці нешта каштоўнае, зарабіць грошы і выканаць місію. Але гэта самы складаны шлях.

Гурневіч: А які павінен быць ідэальны беларускі блогер, якога б вы хацелі заўсёды ранкам чытаць, калі прачынаецеся?

Хаця я сам не размаўляю па-беларуску, але хачу, каб беларускія блогеры гаварылі па-беларуску.

Пушкін: У нас складана быць блогерам. Мне хацелася б чытаць блогера, які піша пра ўсё, і адразу па-беларуску, і па-расейску. І каб не было ніякай цэнзуры. Але я бачу, як адзін наш блогер пастаянна сядзіць на сутках, і я разумею, што ў нас такога ня будзе. Я хацеў бы, каб наш блогер быў у Беларусі. Напрыклад я ведаю, што Ўлад неўзабаве зьедзе ў Маскву. А нам трэба такі, які б жыў у нас, адчуваў усё, распавядаў, паказваў, і каб гэта было цікава, і ў тым ліку па-беларуску. Хаця я сам не размаўляю па-беларуску, але хачу, каб беларускія блогеры гаварылі па-беларуску.

Пальчыс: Наконт мовы я падтрымліваю Максіма. Нам не хапае вячэрніх шоў, як у ЗША: The Daily Show, Шоў Джымі Кімела, Джымі Фэлана альбо аналяг «Вячэрняга Урганта». Нам не хапае шоў з пазытыўным беларусам, які па-беларуску будзе распавядаць нам і пра палітыку, пра грамадзкія навіны, які б запрашаў вядомых беларусаў. Такі фармат глядзяць усе ўзроставыя катэгорыі. Такія шоў і забаўляюць, і адукоўваюць. Я б хацеў такое вячэрняе шоў зь нейкім Матолькам ці Дашкевічам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG