Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я проста еду ў любы горад і граю там» Як вулічны музыка зь Беларусі вандруе па Нямеччыне з сабакам


Ціматэ Суладзэ
Ціматэ Суладзэ

Ціматэ Суладзэ мае трубу, аўтамабіль і трох сабак, якіх падабраў на вуліцы ў Тбілісі. У размове са Свабодай ён расказаў пра сваю прафэсію.

Мы размаўляем зь Цімам Суладзэ позна ўначы, калі ён спыняецца ў адным зь невялікіх гарадкоў на мяжы Нямеччыны і Швайцарыі. Ён паходзіць з Грузіі, там нарадзіўся. Але, як кажа сам музыка, вырас і атрымаў адукацыю ўжо ў Беларусі. Скончыў школу, музычную вучэльню, юрфак БДУ. Таму называе сябе больш беларусам, чым грузінам.

«Ёсьць афраамэрыканцы, а я грузінабеларус», — кажа Суладзэ. Пры гэтым у Беларусі Ціматэ Суладзэ асеў толькі ў дзесяцігадовым узросьце. Успамінае, як яго малога родныя перадавалі з Тбілісі ў Менск і назад аднаго самалётам. Цяпер Ціму 43 гады, зь зімы 2021 году ён жыве ў Вільні.

«Граць на вуліцы пачаў яшчэ ў 2003-м»

«У Беларусі апошнім часам я займаўся пратэстамі, — прызнаецца музыка. — Агучваў розныя рэчы. Але да 2020-га я ў Тбілісі знаходзіўся і там жа галасаваў на выбарах 9 жніўня. Прагаласаваў так, што трапіў у „чорны сьпіс“ макееўскага МЗС. Пранёс тэлефон у амбасаду, сфатаграфаваў бюлетэнь, пасьля выклаў яго ў фэйсбук у сябе і напісаў, што служба бясьпекі беларускай амбасады — лохі. Яны вельмі абурыліся».

У канцы верасьня 2020 году Цім Суладзэ прыляцеў у Менск з Тбілісі і да студзеня 2021-га пасьпеў двойчы пабываць за кратамі. Пасьля выехаў у Літву. Разам з трубой і трыма сабакамі, якіх прывёз з сабой з Грузіі.

«У мяне пакуль часовы дазвол на жыхарства, студэнцкі, — расказвае Суладзэ. — Але спрабую асесьці тут стала. Зарабляю вулічнай музыкай. Яшчэ крыху выкладаю італьянскую мову, маю двух вучняў. На вуліцы граць я пачаў яшчэ ў 2003 годзе ў Рыме, быў там на стажы, калі яшчэ вучыўся ў БДУ. Пасьля была Расея — Масква і Пецярбург. У Грузіі таксама граў, крыху ў Беларусі. Цяпер у Эўропе граю».

У 2021-м і вясной 2022-га Ціма Суладзэ часта можна было бачыць на віленскіх вуліцах у цэнтры гораду. Але апошнія тры тыдні музыка вандруе з трубой і сабакам па Нямеччыне. Кажа, што гэта ў ягонай прафэсіі вымушаная мера.

«Трэба часта мяняць месцы, — расказвае Суладзэ. — У Вільні я ўжо другі год граю, і гэта значна на касе адчуваецца. Калі толькі-толькі прыехаў, быў такі эфэкт — ваў! Людзі вельмі зьдзіўленыя былі. Тым больш у мяне труба. Я, здаецца, увогуле быў першым, хто ў Вільні на вуліцы на трубе граў. А пасьля людзі прывыклі да мяне, дый шмат іншых музыкаў прыехала. Цяпер у Вільні трэба вельмі-вельмі пастарацца, каб зьдзівіць. То я вырашыў даць крыху забыцца на сябе, каб пасьля зьявіцца зноў».

«У Нямеччыне „Воіны сьвятла“ абсалютна не актуальныя»

Ціматэ пакінуў двух сваіх сабак у гатэлі для хатніх гадаванцаў, узяў з сабой трэцяга, трубу, сеў у аўтамабіль і паехаў на Захад. Цяпер падарожнічае па Нямеччыне. Кажа, што вулічная музыка тут — частка культурнага коду.

«Граю ўсё — ад Баха да джазу, — расказвае Цім. — Усё што заўгодна. Каля 100 трэкаў, магу шэсьць гадзін іграць, не паўтараючыся. Але для Нямеччыны гэта не актуальна, бо тут строгія правілы: 30–40 хвілін — і трэба мяняць месца. Толькі два ці тры разы было так, што зьбіраўся натоўп, людзі пляскалі, самі сьпявалі, танцавалі. Тады можна гадзіну пайграць, але гэта максымум. Агульнанямецкіх правілаў для вулічных музыкаў няма, кожны горад вызначае свае».

У рэпэртуары Ціматэ Суладзэ, акрамя сусьветна вядомай музыкі, ёсьць таксама грузінская песьня і некалькі беларускіх.

«Грузінская пра каханьне, іншых пакуль ня маю, — прызнаецца „грузінабеларус“. — А зь беларускіх — „Тры чарапахі“, „Муры“, „Аксамітны летні вечар“ магу зайграць. Там троху складаная партыя, але часамі магу. „Воінаў сьвятла“ граю. Ня ведаю, якой яе лічыць, беларуска-ўкраінскай, напэўна. Але ў Нямеччыне „Воіны сьвятла“ абсалютна не актуальныя. Адзін раз я яе хіба тут зайграў, бо было шмат украінцаў. Па-за ўкраінскай публікай гэтага не зразумеюць. Увогуле ў Нямеччыне я найбольш іграю клясыку».

У Літве, расказвае Цім, было іначай. І ў Вільні, і ў Польшчы беларускія мэлёдыі выклікалі рэакцыю ў слухачоў на вуліцах. У невялікіх нямецкіх гарадах жыхары часта нават ня ведаюць пра беларускія праблемы, а калі музыка спрабуе расказваць пра іх выпадковым знаёмцам, у тых «вочы лезуць на лоб».

«Мне ўсюды прыемна граць, дзе я яшчэ не „зайграў“ гэтае месца, — кажа Цім. — Калі я ў любым нямецкім горадзе буду граць два гады запар на адным месцы, то да мяне таксама прывыкнуць. У Літве перад ад’ездам я выступаў на сьвяце ў невялікай літоўскай вёсцы Найсяй. Туды людзі з усёй Літвы прыехалі. Надвор’е ня вельмі добрае, але калі пачаў граць, то ўсе загарэліся. Ім было цікава. Але калі на адным месцы, то ўсе прывыкаюць. У нашай прафэсіі важна езьдзіць».

«Тэтры — „дзяўчынка“, Бімба — „хлопчык“»

Працоўны дзень Ціма цяпер выглядае так: ранак у гатэлі, дарога на аўтамабілі ў пошуках новага гораду для выступу, невялікі вулічны канцэрт; пераезд у іншы горад, выступ там, пошукі новага месца для начлегу. У залежнасьці ад надвор’я і іншых фактараў магчымыя варыяцыі. Часам выступаць даводзіцца пад гарачым сонцам; бывае, што канцэрты зацягваюцца да самай ночы.

«Днём у маленькіх гарадах увогуле няма чаго рабіць, — прызнаецца музыка. — Цяпер я працую над новай стратэгіяй. Раней прачынаўся, праяжджаў 2-3-4, часам 5 гарадоў у нейкім адным кірунку, знаходзіў гатэль. Пасьля ўсё паўтаралася. Цяпер хачу паспрабаваць засяляцца ў новы гатэль ужо ў абед і граць увечары спакойна. Паспрабую так».

Дадатковага цымусу выступам Ціма дадае тое, што грае ён не адзін, а разам са сваім сабакам. Хацеў спачатку паехаць без сабак, але адзін гадаванец не пажадаў сыходзіцца характарамі з выхавальніцай у гатэлі для жывёлаў, таму цяпер падарожнічае з гаспадаром.

Музыка і перакладчык Ціматэ Суладзэ і яго сабакі Тэтры (белая), Пусік (белы з рыжымі плямамі) і Бімба (чорны) на павадку , а на волі бацькі Тэтры. Іх Ціматэ таксама хоча забраць, яны вулічныя, засталіся ў Грузіі.
Музыка і перакладчык Ціматэ Суладзэ і яго сабакі Тэтры (белая), Пусік (белы з рыжымі плямамі) і Бімба (чорны) на павадку , а на волі бацькі Тэтры. Іх Ціматэ таксама хоча забраць, яны вулічныя, засталіся ў Грузіі.

«Усе мае сабакі беспародныя, — расказвае Цім. — Я іх падабраў на вуліцы ў Тбілісі. Прывёз у Менск. Сабакі мяне чакалі, пакуль я быў за кратамі. Там таксама былі прыгоды зь імі, сабак даглядалі сябры і валянтэры. У Вільні ў гатэлі цяпер Тэтры і Бімба. Тэтры — „дзяўчынка“ („тэтры“ — „белы“ па-грузінску. — РС), Бімба — „хлопчык“. Грузінскае і італьянскае імёны ў іх. А са мной вандруе Пусік. Ён самы злосны і агрэсіўны, не падпускаў гаспадыню гатэля, а яна павінна зь ім была гуляць. Але тут у Нямеччыне пачаў падпускаць чамусьці. Адна бабуля нямецкая яго пагладзіла, пасьля другая бабуля, і пасьля яшчэ майго сябра-піяніста падпусьціў».

Цім расказвае, што сабака падчас выступаў не перашкаджае, а нават і дапамагае — «сьпявае» разам з гаспадаром.

Сабакі Цімы Суладзэ падчас паездак
Сабакі Цімы Суладзэ падчас паездак

«Пра заробкі вулічных музыкаў у інтэрнэце рознае пішуць»

Выступае на вуліцах гарадоў Ціматэ Суладзэ афіцыйна — мае неабходны статус індывідуальнага прадпрымальніка, плаціць з заробкаў падаткі. Як кажа музыка, нейкіх вялізных заробкаў у гэтай сфэры няма. Часам можна зарабіць некалькі дзясяткаў эўра за гадзінны выступ у адным месцы, часам больш, а бывае, што ўвогуле нічога. Да таго ж ёсьць шмат выдаткаў, якіх не відаць мінакам на вуліцах.

«Гатэль ад 30 да 70 эўра за дзень, — кажа Суладзэ. — За сабачку таксама трэба плаціць пэрыядычна, гэта значыць ад 0 да 10 эўра дабавіць. Бэнзін 20–40 эўра на дзень, у залежнасьці ад маршруту. Харчаваньне 7–20 эўра за раз. Паркоўкі яшчэ. Паркоўкі ў Нямеччыне — гэта жах, але я ўжо прывык. У Штутгарце быў рэкорд — там я за паркоўку заплаціў каля 17 эўра. Гэта выдаткі. А з заробкамі па-рознаму можа быць. Сёньня вось я прыкладна ў нуль спрацаваў».

Як кажа Цім, заробак вулічнага музыкі моцна залежыць і ад надвор’я, і ад фізычнага стану самога выканаўцы. Выстаяць на нагах некалькі гадзін на дзень, іграючы на інструмэнце, пераходзячы зь месца на месца, а яшчэ і перамяшчаючыся паміж гарадамі на машыне, вельмі складана фізычна. Музыка нават апублікаваў у сацсетках фота, як выглядаюць ягоныя ногі пасьля аднаго працоўнага дня.

«Людзі ў інтэрнэце рознае пішуць пра заробкі вулічных музыкаў, — кажа Цім. — Але шмат залежыць яшчэ і ад таго, што ты граеш, дзе, на чым. Я тут шмат ад каго адрозьніваюся. У мяне труба, вялікая калёнка. Свой рэпэртуар пад гэта ўсё. Музыкаў шмат цяпер таксама стала, трэба і гэта ўлічваць. Не атрымаецца спакойна езьдзіць паўсюль і выступаць, а людзі будуць ісьці толькі да цябе пакласьці грошы».

«Хачу сабе меншую трубу, каб можна было з ёй у самалёт»

Па словах Ціма, нягледзячы на вялікую геаграфію ягоных працоўных вандровак, пакуль ніякіх канфліктаў зь іншымі вулічнымі музыкамі ён ня меў. Хутчэй наадварот: можна дамовіцца адзін з адным.

«Нядаўна нават з адным музыкам дамовіўся, што пайграю на ягоным месцы пасьля таго, як той скончыць, — расказвае Суладзэ. — Там было добра — і цянёк, і лавачка. А я ўжо стаміўся. То вырашыў пачакаць, пакуль ён скончыць сваю праграму, а я змагу пачаць сваю. Мне, праўда, час за паркоўку „цікаў“, але што ўжо было рабіць. Канфліктаў няма. Можна ж і далей пайсьці, каб ужо ня чуць ягонай музыкі. Тады, значыць, і ён не пачуе, ніхто нікому ня будзе перашкаджаць».

Вандраваць з канцэртамі Цім зьбіраецца да верасьня, калі павінен вярнуцца ў Вільню на вучобу. Дакладнага маршруту няма, музыка яго складае, арыентуючыся па сытуацыі. Ня ведае нават, у якія краіны ў жніўні яшчэ можа трапіць.

«Трэба вяртаць пазыкі сябрам, то буду працаваць, — кажа Цім. — Трубу яшчэ хачу купіць меншую, каб можна было зь ёю ў самалёт сесьці і некуды на выходныя паляцець. Сабачак у гатэлі пакінуць — і зь пятніцы па панядзелак, напрыклад, некуды паляцець папрацаваць. Цяпер у мяне ўсё стандартных памераў і займае шмат месца».

Цім кажа, што зусім не шкадуе аб сваім падарожжы па Польшчы і Нямеччыне. Кажа, што сочыць па-ранейшаму за віленскім надвор’ем, якое цяпер ня самае лепшае. Выступаць у сталіцы Літвы было б складана ў такіх умовах.

«Па грашах я, можа, столькі ж і ў Вільні б зарабіў, — прызнаецца Суладзэ. — Але ж яно і на твае мазгі ўзьдзейнічае, калі ты ўвесь час на адным месцы. Нават калі ты нейкая эстрадная зорка, ня будзеш ты на адной і той жа сцэне два гады граць. Любыя музыкі павінны езьдзіць на гастролі. Таму я лічу, што правільна ўсё зрабіў».

Як кажа Суладзэ, пра нейкае канкрэтнае месца, дзе ён хацеў бы абавязкова зайграць, ён ня марыць. Задавальненьне ад выступу можна атрымаць у самым нечаканым месцы, як і расчараваньне ад яго.

«Я проста еду ў любы горад, бачу месца для выступу — і граю, — кажа Цім. — Калі асяродзьдзе падыходзіць. Калі не падыходзіць — еду далей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG