Сяргей (імя героя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) адбыў амаль тры гады ў калёніі № 15 пад Магілёвам. Беларус быў арыштаваны ў 2020 годзе за ўдзел у пратэстах, яго нават утрымлівалі ў КДБ, але потым асудзілі па наркатычным 328-м артыкуле. Быў залічаны ў «схільныя да экстрэмісцкіх дзеяньняў», сядзеў у ШЫЗА. Тэрмін пакараньня адбыў цалкам. Па выхадзе на волю да ад’езду за мяжу пасьпеў пабываць у некалькіх гарадах Беларусі, у тым ліку ў Гомлі, Менску і Маладэчне. Кажа, што замест радасьці ад сустрэчы са знаёмымі мясьцінамі перажыў балючае расчараваньне.
«Ідуць людзі насустрач, і ніхто не ўсьміхаецца»
Першыя дні на волі Сяргей згадвае з сумам. «Як выходзіў на волю, яшчэ была зіма. Людзей на вуліцах у такі пэрыяд звычайна няшмат, але ўбачанае непрыемна зьдзівіла. На вуліцах пешаходаў мала, у крамах — яшчэ менш. Хто ідзе насустрач — ніколі не ўсьміхаецца», — кажа Сяргей.
Малады чалавек згадаў прыезд у Гомель і шпацыр па бульвары ў цэнтры, дзе раней бываў шмат разоў і лічыў, што гэты раён — адзін з самых цікавых і прыгожых у горадзе.
«Убачыў запусьценьне. Людзей амаль няма, усё зачынена — такога тут ніколі не было. І вечарам у горадзе няма куды пайсьці. Ранейшыя пункты, дзе разьвіваўся малы бізнэс, усё не працуе. На афішах — нічога цікавага. Ніхто да іх ня едзе, нібыта нікому гэты горад больш не цікавы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шыюць форму сілавікам за 20 рублёў у месяц. Былая палітзьняволеная расказала, як працуюць у жаночай калёнііУражаньні ад сталічнага Менску мала чым адрозьніваліся, прызнаецца Сяргей і згадвае першую паездку ў мэтро. «Нават у гадзіну пік былі вольныя месцы, а раней жа сесьці было немагчыма! І гэтак увесь час, колькі ні быў у Менску. І людзі такія самыя: засмучаныя, заклапочаныя, вачэй не падымаюць, не ўсьміхаюцца. Часам у калёніі сустрэнеш весялейшыя твары, чым у менскім мэтро».
Наконт Маладэчна — такое ж расчараваньне, сказаў Сяргей. «Кавярні, дзе раней увечары не было вольнага месца, зачыненыя. Крамы зачыненыя. Куды падзеліся прадпрымальнікі?»
Жыцьцё на волі прынесла Сяргею забыты ўжо клопат аб працаўладкаваньні. У калёніі яго штодня выводзілі на «промку» чысьціць драты. Успаміны таксама дрэнныя, але кажа, што было пачуцьцё датычнасьці да нейкай агульнай справы. «Брудная, шкодная для здароўя праца, затое ўвесь час заняты. Праўда, плацілі ўсяго каля рубля ў месяц — мне выходзіла 74 капейкі — але ж пра „камуналку і харчы“ можна ня думаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Позірк палітвязьня ні з чым не пераблытаеш». Вольга Класкоўская пра найгоршую турму, 10 этапаў, усьмешку Калесьнікавай, бутэрброды ШарэндзеЯк заўважыў Сяргей, у апошнія месяцы ў калёніі зьявілася новая праца, але наколькі яна легальная — у былога вязьня ўзьніклі сумневы.
«На „промку“ нам сталі прывозіць камэры ад „Белазаў“, але чамусьці мы гэтыя камэры мусілі ачысьціць ад таварных знакаў, якія ўказвалі, што яны зробленыя ў Беларусі. Казалі, што потым іх павязуць на продаж у Расею. Альбо такая „навінка“: сам бачыў катушкі беларускіх кабэляў, на якіх ставілі пазнаку „Зроблена ў Расеі“. Чаму гэтак? Ня ведаю. Але, улічваючы нашыя мізэрныя заробкі, магу ўявіць, які можа быць выгадны бізнэс», — заўважае Сяргей.
«Падзялілі людзей на тых, хто даспадобы і хто не даспадобы, і нас на працу ніхто не бярэ»
Паводле Сяргея, тым, хто ўдзельнічаў у пратэстах, а тым больш быў за іх асуджаны, знайсьці працу амаль немагчыма. Ня тое што добрую, а хоць якую.
«У нашай калёніі быў хлопец — аўтамэханік. Да 2020 году яго б на любы аўтасэрвіс з рукамі і нагамі, як кажуць, узялі б. А тут як выйшаў на волю — ня змог уладкавацца. Працадаўцу прымушаюць рабіць запыт у адпаведныя органы, а адтуль паведамляюць, за што сядзеў, і ўсё — на працу не бяруць. Нават прыватны бізнэс баіцца такіх браць, ня кажучы ўжо пра дзяржаўныя прадпрыемствы. Баяцца дадатковых праверак, падатковай, чаго заўгодна. Улады ўсяляк гэтыя настроі стымулююць. Падзялілі людзей на хто даспадобы і хто не даспадобы, і палітычных нікуды не бяруць. Што тады рабіць? Толькі зьяжджаць», — кажа Сяргей і згадвае, што калі сядзеў у КДБ, сьледчыя яму наўпрост казалі, каб зьяжджаў за мяжу, бо «гэтак будзе лепш усім».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нечаканы ўдзел у пратэстах, суд і жыцьцё пасьля вызваленьня. Гісторыя беларускі зь невялікага мястэчкаВынік такой палітыкі для Сяргея відавочны — масавая эміграцыя маладых, энэргічных, адукаваных. Суразмоўца расказаў пра ўласныя падлікі: з прыкладна 50 ягоных былых сяброў, знаёмых і калегаў па былой працы больш за 40 чалавек ужо зьехалі зь Беларусі.
«Можа, чалавек 5–7 толькі засталіся. І тыя ці надоўга затрымаюцца, ня ведаю. У мяне ёсьць сябра — працаваў гукарэжысэрам. Затрымлівалі за пратэсты. З таго часу два гады ня мог знайсьці працу па прафэсіі. Пашанцавала нарэшце, уладкаваўся на завод. Хіба ён доўга там пратрымаецца? Ня думаю», — мяркуе Сяргей.
Паводле Сяргея, атрымаць візу ў краіны Эўразьвязу яшчэ магчыма, яму гэта ўдалося без асаблівых цяжкасьцяў. Давялося пачакаць і адпаведна сябе паводзіць на волі.
«Калі падаеш на візу, там не пытаюцца, быў судзімы ці не. Былая судзімасьць — не перашкода. Перашкод можна чакаць хіба што ад міліцыянтаў, ад участковых. Вось яны могуць зрабіць гэтак, што ты не дачакаесься той візы і зноў паедзеш „у месцы ня так аддаленыя“. Трэба паводзіць сябе вельмі асьцярожна, абачліва. Як той казаў, „не нарывацца“».
«Аляксандру Фядуту вельмі цяжка, але ён трымаецца»
Тое, што грамадзян Беларусі падзялілі паводле палітычных поглядаў і стаўленьня да падзей 2020 году, Сяргей зазнаў на сабе і ў калёніі № 15, дзе адбываў пакараньне. Паводле былога вязьня, стаўленьне да «палітычных» у калёніі апошнімі месяцамі стала нават больш жорсткае. Усяго, паводле Сяргея, у калёніі каля 200 палітычных вязьняў.
«Чуў лічбу, што тых, у каго „экстрэмісцкія жоўтыя біркі“, недзе 230 чалавек. Значыць, чыста „палітычных“ ня меней за 200. Гэта амаль кожны дзясяты з асуджаных — вельмі вялікі працэнт! У нашым атрадзе палітычным зрабілася складаней. Сочаць, каб не зьбіраліся разам, калі нейкае дробнае парушэньне, могуць пакараць больш сур’ёзна», — расказаў Сяргей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-начальнік «Амэрыканкі», забойца Тарайкоўскага: Халезін пра карнікаў ня толькі як пра пэрсанажаўСуразмоўца расказвае і пра вядомых апазыцыянэраў, якія апынуліся ў 15-й калёніі. Сярод іх ён вылучыў Аляксандра Фядуту, якога зьмясьцілі ў будынку насупраць таго, дзе быў сам Сяргей. Пра Фядуту ў калёніі шмат гаварылі як пра палітыка, філёляга і журналіста, вельмі яму спачувалі празь ягоны дрэнны фізычны стан. Сяргей часта бачыў, зь якой цяжкасьцю Аляксандар ідзе ў сталоўку, абапіраючыся на кіёк.
«Яму там вельмі цяжка, гэта бачна. Хадзіць яму складана, мусіць абапірацца на кіёк. У сталоўку як ідзе, дык пазьней за іншых даходзіць. І на працу ў „промку“ мусіць выходзіць, а гэта ў ягоным стане вельмі складана. Але бачна і тое, што чалавек трымаецца».
Па чарзе абдымалі батарэю
Паводле Сяргея, у канцы свайго тэрміну ён зноў трапіў у ШЫЗА. Кажа, што ў рапарце было напісана пра «жарганізмы ў размове з прадстаўніком адміністрацыі» і «недакладнае прадстаўленьне».
«А насамрэч падчас чарговага прагляду БТ ня вытрымалі нэрвы, падняўся і выказаўся моцна на адрас Лукашэнкі. Неўзабаве прыляцела пакараньне. Апынуўся ў ШЫЗА ў самы неспрыяльны час. Мінулая зіма збольшага не была халоднай, але калі прыйшла самая нізкая тэмпэратура — у студзені — вось тады я туды і загрымеў. Што сказаць? Як звычайна: удзень ходзіш туды-сюды, а ноччу па чарзе грэўся, абняўшы батарэю. Батарэі там асаблівыя — тоўстыя сталёвыя трубы, якія не трымаюць цяпла. Таму і даводзіцца ноччу ня спаць, каб хоць крыху сагрэцца. Палітычных зімой любяць караць штрафным ізалятарам — гэта ў калёніі лічыцца нормай», — расказаў Сяргей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сын зьняволенага мытніка Куляшова расказаў, як яго катавалі і пагражалі яму ў КДБ пасьля арышту бацькіЯшчэ адным дрэнным успамінам пра апошняе ШЫЗА ў Сяргея было тое, з кім давялося пражыць у адной камэры гэтыя дні.
«Сярод асуджаных у калёніі ёсьць людзі зь вельмі хворай псыхікай, на мяжы вар’яцтва. Чаму іх там трымаюць з такім дыягназам, ня ведаю. Магчыма, з пэўнай мэтай. Бо іх падсаджваюць у камэру да палітычных, каб заадно наглядалі, кантралявалі. Вось і мой сусед вызначаўся такімі паводзінамі. Але большасьць часу ў яго былі няспынныя трызьненьні. Сядзець з такім у адным памяшканьні — ужо невыносная пакута. Тым ня менш давялося трываць», — згадаў былы вязень 15-й калёніі.
Патэнцыйныя «вагнэраўцы»
Сяргей падзяліўся ўспамінам пра тое, як у калёніі ставяцца да агрэсіі Расеі супраць Украіны. Сказаў, што праз гэтую вайну паміж асуджанымі адбыўся яшчэ адзін падзел, але прыхільнікі Расеі аказаліся ў выразнай меншасьці.
«Большасьць адназначна супраць вайны. Праўда, яны не асабліва дэманструюць свае адносіны. Могуць падняцца і сысьці з пакоя, дзе глядзяць навіны па тэлевізары, калі там заходзіць пра вайну. Шмат каму не падабаецца, што па ўсіх каналах пра вайну вядзецца толькі з пункту гледжаньня Расеі. Потым вязьні абмяркоўваюць у курылцы ўкраінскія падзеі, выказваюцца напаўголасу. А вось прыхільнікі „рускага сьвету“ паводзяць сябе больш агрэсіўна. Бываюць і гучныя заявы, нават спрэчкі», — расказаў Сяргей.
Былы вязень згадаў выпадак, які абмяркоўвалі ў ягоным атрадзе. Паводле зьвестак «мясцовага тэлеграму», восеньню ў калёніі некалькі асуджаных напісалі заявы пра тое, каб іх узялі ў найміты і адправілі фронт, як тых «вагнэраўцаў». Па словах суразмоўцы, гэта скончылася для іх тым, што ўсе апынуліся ў ШЫЗА на перавыхаваньні.