Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын зьняволенага мытніка Куляшова расказаў, як яго катавалі і пагражалі яму ў КДБ пасьля арышту бацькі


Іван Куляшоў
Іван Куляшоў

У Горадні ў закрытым рэжыме на 5 гадоў калёніі асудзілі былога мытніка Мікалая Куляшова. Яго абвінавацілі ў дапамозе жадаючым эвакуавацца зь Беларусі ў Літву.

Праваабаронцам стала вядома, што неўзабаве пасьля арышту Мікалая супрацоўнікі КДБ затрымалі яго 20-гадовага сына Івана.

Пра тое, што Івана катавалі, трымалі пад вартай у СІЗА, зьнялі ў прапагандысцкім фільме БТ і асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, ён сам, апынуўшыся ў бясьпецы, расказаў Праваабарончаму цэнтру «Вясна».

«Па дарозе казалі: „Высадзім — прыстрэлім“»

Іван вучыўся на чацьвёртым курсе БДУІР і працаваў праграмістам. У сувязі з затрыманьнем мусіў забраць дакумэнты з унівэрсытэту. Пра тое, што бацьку затрымалі, ён даведаўся, калі ўжо сам быў арыштаваны. 14 верасьня 2022 году ён ехаў у Паставы зь Менску, але на ўезьдзе ў горад яго чакаў блёк-пост ДАІ. Аўтобус, у якім ехаў хлопец, спынілі.

«Туды зайшоў супрацоўнік мясцовага аддзяленьня КДБ і пачаў пытацца ва ўсіх прозьвішчы. Калі я сказаў сваё, ён забраў мой тэлефон і вывеў мяне. У аўтобусе было чалавек 15, але ўсе маўчалі, як цяпер і адбываецца пры затрыманьнях».

Супрацоўнік КДБ не прадставіўся. Іван кажа, што тады здагадаўся, што яго бацька затрыманы, а яго затрымліваюць у сувязі з гэтым. Адразу хлопца павезьлі ў Пастаўскае аддзяленьне КДБ:

«Там дзесьці гадзіну патрабавалі паролі ад тэлефона і катавалі. Мяне білі і ўвесь час пагражалі. Мне не паведамілі, чаму мяне затрымалі. Я потым зразумеў, што яны чыталі маю перапіску з бацькам, якая ў яго была ў тэлефоне. Яны думалі, што я дапамагаю бацьку, таму спрабавалі даведацца больш. Калі я даў паролі, то мяне павезьлі ў Менск. Па дарозе казалі: „Высадзім — прыстрэлім“».

«Бацьку вывелі з кабінэта, а мяне на яго вачах завялі туды»

Катавалі Івана і пагражалі яму, зь ягоных слоў, менскія супрацоўнікі КДБ. Іван расказвае, што ў той момант яму не было страшна: «Было ўжо ўсё роўна». Пры гэтым пагрозы ён успрымаў як рэальныя.

Іван успамінае, што калі яго прывезьлі ў КДБ, то адразу павялі на чацьвёрты паверх да начальніка, які яго дапытваў пра справу Мікалая Куляшова і пратэсты. Бліжэй да гадзіны ночы хлопца павялі ў кабінэт на тым жа паверсе, дзе ён упершыню ўбачыў бацьку.

«Бацьку вывелі з кабінэта, а мяне на яго вачах завялі туды. Там была скураная канапа, стол, вэнтылятар, шафа з кнігамі і крэсла. У гэтым кабінэце мяне аднаго трымалі суткі. Супрацоўнікі былі за сьценкай».

Супрацоўнікі спэцыяльна зрабілі так, што Мікалай убачыў, што яго сын затрыманы і знаходзіцца ў іх. У менскім КДБ хлопца ўжо ня білі. Іван мяркуе, што яго суткі трымалі ў кабінэце, бо ня ведалі, што зь ім рабіць. Перад тым як павезьці Івана ў Сьледчы камітэт, яму далі пагаварыць з бацькам 10 хвілін у тым самым кабінэце.

«Калі першы раз мы зь ім сустрэліся ноччу, ён быў вельмі падаўлены. Яго, хутчэй за ўсё, таксама катавалі і вадзілі на паліграф».

У КДБ хлопцу прыносілі падпісваць пустыя аркушы і пагадненьне аб супрацоўніцтве.

Супрацоўнікі знайшлі ў Івана фатаздымак з маршаў у 2020 годзе. У СК супраць яго завялі крымінальную справу паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

На 10 сутак Івана адправілі ў ІЧУ на Акрэсьціна. Затым Івана перавялі ў СІЗА-1, дзе пратрымалі паўтара месяца. Адзін ці два разы ў СІЗА да Івана прыходзілі супрацоўнікі КДБ наконт справы бацькі. 1 лістапада Івана нечакана для яго перавялі пад хатні арышт. Адбылося гэта перад тым, як ён зьняўся ў прапагандысцкім фільме БТ «„Бягуны па лязе“: як літоўцы падманваюць зьбеглых?».

«Прыехаў сьледчы і супрацоўнік КДБ і павезьлі мяне ў КДБ здымаць гэты фільм. У мяне павінна было быць азнаямленьне са справай, але яго рэзка перанесьлі. Прыехалі супрацоўнікі і сказалі: „Зьмяняем табе меру стрыманьня“».

Як расказвае былы палітвязень, яму і бацьку сказалі, што гаварыць на камэру, але і пры гэтым шмат чаго не ўвайшло ў фінальную вэрсію:

«Нам сказалі, што гаварыць, пры гэтым адзін з начальнікаў КДБ дадаў: „Мы, вядома, не прымушаем, але сын можа паехаць назад [у СІЗА]. Толькі ўжо праз РУУС“. Здымалі нас з бацькам па чарзе».

Пасьля здымак фільму БТ Івана адпусьцілі дадому, а Мікалая вярнулі ў СІЗА.

«Баяўся, што паеду ў калёнію»

На думку Івана, яго не зрабілі саўдзельнікам па справе бацькі, таму што Мікалай сказаў, «каб яго не чапалі». Да суду больш за месяц хлопца трымалі пад хатнім арыштам. У гэты час яго вазілі на сьледчыя дзеяньні па справе Мікалая Куляшова. 14 сьнежня 2022 году суд Савецкага раёну гораду Менску прызначыў Івану паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу тры гады «хатняй хіміі». Неўзабаве ён пакінуў Беларусь.

  • 5 красавіка ў Горадзенскім абласным судзе агучылі прысуд палітвязьням Мікалаю Куляшову, Аніце Бакуновіч і Ягору Курзіну. Паводле абвінавачаньня, былы мытнік Мікалай Куляшоў супрацоўнічаў з некамэрцыйнай арганізацыяй «Дапамога», якая дзейнічае ў Літве і дапамагае палітычным уцекачам.
  • Мікалаю Куляшову прызначылі 5 гадоў калёніі паводле ч. 3 арт. 371 КК («Наўмыснае незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы, учыненае арганізаванай групай»), ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 («Замах на наўмыснае незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы, зьдзейсьненае арганізаванай групай»), ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»), арт. 378 КК («Крадзеж асабістых дакумэнтаў») і ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 380 КК («Замах на падробку і выраб або збыт падробленых дакумэнтаў»).
  • Падрабязнасьці справы і пазыцыя Мікалая па справе невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Нават сыну Івану нічога не вядома пра справу. Прысуд вынес судзьдзя Віктар Сянько.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG