Радыё Свабода ў YouTube-канале «Гісторыя на Свабодзе» публікуе цыкль ілюстраваных відэагутарак пра Стары Менск.
У заключнай частцы цыклю аўтар кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» Сяргей Абламейка расказвае пра магчымасьць поўнай рэгенэрацыі Старога гораду, пра гатовы архітэктурна-пляніровачны плян рэгенэрацыі з усімі эканамічнымі і тэхнічнымі абгрунтаваньнямі і пра магчымасьць неўзабаве хадзіць па Старым горадзе зь віртуальнай экскурсіяй.
0:51 — што сёньня ў Менску засталося ад Старога гораду
3:55 — чаму Абламейка крытыкуе вынікі працы таварыства «Мінская спадчына»
8:58 — чым «Белрэстаўрацыя» была лепшаю за «Мінскую спадчыну»? Як ацэньваць рэстаўрацыю Траецкага прадмесьця ў Менску?
13:09 — як трэба аднаўляць Стары горад і ці трэба
16:23 — плян татальнага аднаўленьня Старога гораду ўжо распрацаваны
17:51 — два ключавыя моманты з пляну аднаўленьня Старога гораду Ўладзімера Папругі
20:47 — мара Шупы пра віртуальнае аднаўленьне Старога гораду
23:00 — што можна сабе дазволіць падчас віртуальнага адраджэньня Старога гораду
27:20 — што мы павінны ведаць пра стары Менск і яго лёс у ХХ стагодзьдзі
29:31 — як і праз што інтэлектуалы на Захадзе адчуваюць цывілізацыйную прыналежнасьць Беларусі і яе культуры
Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Шупы зь Сяргеем Абламейкам:
— А як ты ставісься да прыкладаў рэстаўрацыі савецкіх часоў, таго ж Траецкага прадмесьця? Ці вынікі працы «Белрэстаўрацыі» лепшыя за вынікі цяперашняй дзейнасьці «Менскай спадчыны»?
— На маю думку, адназначна лепшыя. І тут я вось пра што думаю. Нельга ўсё адназначна звальваць на Маскву. Мы, канечне, ня ведаем ступень удзелу ідэалягічных органаў і КДБ ва ўсіх культурных працэсах, што адбываліся ў БССР пасьля вайны. Але быў тут і іншы аспэкт. Я бачу, што шмат загадаў Масквы ў культурнай сфэры сабатаваліся ўладамі БССР.
Я ўжо казаў пра сваё ўражаньне, што пасьля Другой сусьветнай вайны беларуская намэнклятура стала больш самастойнаю. Рэспубліка моцна пацярпела ў вайну, тут была моцная партызанка — у СССР лічылася, што гэта заслугі, і тыя партызаны ў кіраўніцтве БССР ня надта прыслухоўваліся да Масквы ў пэўных пытаньнях.
Вось мы раней гаварылі пра спробу захаваць Замчышча ў 1956 годзе. Дык Міністэрства культуры СССР хацела яго захаваць і дасылала ў Менск адпаведныя дырэктывы, але мясцовыя чыноўнікі іх праігнаравалі.
— У сэнсе, яны добра слухалі, калі адтуль ішлі дрэнныя парады, а калі зрэдку ішлі добрыя парады, яны іх ігнаравалі?
— Так, менавіта. Другі такі прыклад. Міністэрства культуры СССР вельмі доўга дамагалася ад уладаў БССР, каб у Менску былі створаныя рэстаўрацыйныя майстэрні. З канца 1940-х гадоў. А былі яны ўрэшце створаныя толькі ў 1968 годзе. І вось гэтыя майстэрні распрацоўвалі праект рэстаўрацыі Траецкага прадмесьця.
На маю думку, там былі, канечне, хібы. Вельмі шкада, што зьнесьлі прыбярэжны бок Камунальнай набярэжнай і Старавіленскай вуліцы. Шкада старой лазьні з кантрафорсамі і цэлага шэрагу дамоў перад цяперашняй кнігарняй «Вянок». Цяперашняя тарцовая забудова прадмесьця — гэта ж другі шэраг дамоў, першы шэраг стаяў доўгімі фасадамі да ракі.
І двары ў прадмесьці даволі штучна выглядаюць, зь перападамі ўзроўняў, лесьвіцамі і брукам. Тым ня менш цывілізацыйна гэта бліжэй да старога Менску, чым тое, што цяпер робіць з горадам «Мінская спадчына». Так, да Траецкага прадмесьця могуць быць прэтэнзіі, але гэта было зроблена больш культурна ў параўнаньні з тым, што цяпер адбываецца.
— Там ёсьць нейкае пачуцьцё стылю. А на Зыбіцкай ня тое што дрэнны стыль, там няма ніякага стылю.
— Слушна, гэта і ёсьць выяўленьне цывілізацыйнай прыналежнасьці. Так у нас будавалі, як гэта паказана ў Траецкім прадмесьці. Калі мы паглядзім на гістарычныя здымкі правага боку Старавіленскай вуліцы, дык ён такім і быў, як цяпер, пасьля рэстаўрацыі, там практычна нічога не мянялі.
Мы цяпер маем гістарычныя здымкі, як нямецкія мэдсёстры падчас акупацыі загаралі на сонцы на дахах Траецкага прадмесьця — дык там відаць, што дахі былі крытыя дахоўкай.
Але не. Цяпер «Мінская спадчына» прыбірае дахоўку нават там, дзе яна была, напрыклад, на вуліцы Інтэрнацыянальнай. «Белрэстаўрацыя» аднавіла дамы з дахоўкай, «Мінская спадчына» яе прыбірае.
— Цяпер можна пачуць розныя думкі пра будучы лёс гістарычнага цэнтру. Нехта кажа, напрыклад, што трэба пазначыць на мясцовасьці гістарычныя трасы вуліц і пасадзіць сквэры на месцы старых кварталаў. Іншыя прапануюць выбарачна аднаўляць старыя будынкі там, дзе гэта яшчэ магчыма — дзе месца не занятае. А што б з гістарычным Менскам зрабіў ты, каб меў магчымасьць уплываць на гэтыя працэсы?
— О, ну і пытаньне ты задаеш! Тут я вельмі радыкальны. Некалі я напісаў эсэ «Каханы горад», дзе апісваецца татальнае аднаўленьне Старога гораду зь вялікім культурным зьместам — вечарамі гарадзкая варта ходзіць з трашчоткамі, на ўездах у Стары горад на ноч выстаўляюцца драўляныя кабыліны, удзень усюды працуюць рамесьнікі...
Карацей, татальнае аднаўленьне Старога гораду са зносам таго, што гэтаму замінае. Напрыклад, дому з крамай «Алеся».
— Дык гэты дом і так ужо, здаецца, ледзь не распадаецца. Здаецца, тут вельмі рэальна ўсё прыбраць і нешта аднавіць.
— Гэта ўсё нарабіла дзяржава, таму дзяржава і мусіла б кампэнсаваць людзям. Можна было б і арганізаваць збор грошай. Палякі таксама зьбіралі ў скарбонкі грошы на аднаўленьне Старэго Мяста. Як цяпер праваслаўная царква зьбірае па ўсёй Беларусі грошы на аднаўленьне храмаў, у кожнай краме, так павінны былі б стаяць скрынкі на аднаўленьне старога Менску.
Можна было б пабудаваць на схіле ад Пішчалаўскага замку, дзе цяпер парк і калісьці былі ня самыя каштоўныя менскія дамы, якія ў параўнаньні са Старым горадам можна і не аднаўляць, некалькі новых дамоў і перасяліць туды жыхароў з Гандлёвага дому на Нямізе і з дому з крамай «Алеся». Даць кожнаму па лішнім пакоі ў якасьці кампэнсацыі за клопат зь пераездам. Я ўпэўнены, што людзі б згадзіліся. У наш камэрцыйны час атрымаць лішні пакой і бясплатна ўехаць у сучаснае жытло з палепшанай пляніроўкай, павялічыць плошчы кухняў, сталовых, перадпакояў і ванных пакояў.
Так што гэта можна было б зрабіць. Я супраць палавіністых варыянтаў і крокаў.
І тут вельмі важна сказаць, што такі плян ужо распрацаваны. Яго стварыў беларускі архітэктар-рэстаўратар Уладзімер Папруга, які ў свой час стажыраваўся ў Італіі, у Вэнэцыі. Я яго лічу вельмі кампэтэнтным чалавекам. На пачатку ХХІ стагодзьдзя ён працаваў галоўным дзяржаўным інспэктарам па ахове помнікаў Менгарвыканкаму, тады яшчэ была такая пасада.
Дык вось Уладзімер Папруга стварыў выдатны горадабудаўнічы плян аднаўленьня Старога гораду ў Менску з усімі патрэбнымі разьлікамі і абгрунтаваньнямі. Там закладзеныя выдатныя ідэі, бо ён прафэсіянал, ён адразу вырашае, як будуць рухацца транспартныя патокі, дзе будуць паркінгі, ён разьлічвае эканамічны эфэкт ад узьнікненьня ў горадзе сотняў тысяч квадратных мэтраў новых інвэстыцыйных плошчаў. Ён, дарэчы, назваў свой праект праектам зь неабмежаванымі інвэстыцыйнымі магчымасьцямі.
Бо плянуецца аднавіць сотні і сотні дамоў, і ўвесь гэты масіў можа быць камэрцыйным. Там будуць гатэлі, крамы, рэстараны. І толькі ў выпадку рэалізацыі такога праекту ў Беларусь сапраўды масава паедуць турысты, і ня толькі з Расеі, але і з Захаду.
І тут я прывяду толькі два ключавыя моманты праекту Папругі. Ён прапануе вызваліць ад руху тую частку праспэкту Пераможцаў, якая знаходзіцца на тэрыторыі былога Старога гораду і каля яе. Для гэтага ён прапануе зьвязаць Партызанскі праспэкт з праспэктам Пераможцаў праз разьвязку на вуліцы Аранскай і вуліцу Янкі Купалы і пабудаваць для гэтага шэраг эстакад. Гэты транспартны калідор ён назваў Купалаўскім трактам. Эстакада павінна ісьці над Сьвіслаччу і лядовым катком ззаду Палаца спорту і злучацца з праспэктам Пераможцаў.
А другая яго шыкоўная прапанова — пабудаваць дзелавы цэнтар Менску з хмарачосамі на Ляхаўцы, у канцы вуліцы Чырвонаармейскай у лучцы Сьвіслачы паміж двума яе рукавамі...
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:
Your browser doesn’t support HTML5
Бясплатна спампуйце і чытайце кнігі «Бібліятэкі Свабоды»:
- Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая. 2021 (PDF) (EPUB)
- Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга другая. 2021 (PDF) (EPUB)
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.