Літаральна месяц таму прадстаўнік Міністэрства працы Беларусі казаў, што «праблема хатняга гвалту не стаіць настолькі востра, каб гаварыць пра неабходнасьць адмысловага закону». Гэта тыповая рыторыка лукашэнкаўскіх уладаў — пасьля таго як сам Аляксандар Лукашэнка ў 2018 годзе заявіў, што адпаведны закон непатрэбны, шматгадовую працу дзяржаўных інстытуцый і недзяржаўных ініцыятыў перакрэсьлілі, і супраць ягоных словаў ніхто з так званых чыноўнікаў не выказваецца.
А што адбываецца ў рэальнасьці? Гэта іх усіх цікавіць мала. Калі факты супярэчаць тэорыі, гэта праблема фактаў. А ў нашым выпадку — гэта праблема тых, каго зьбіваюць, калечаць і забіваюць.
Апошні тыдзень чарговы раз паказаў, што Беларусі трэба ня проста закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Трэба гіганцкая праца па прафіляктыцы, кардынальная зьмена падыходаў да выхаваньня дзяцей і рэагаваньня на так званыя трывожныя званочкі ў любых стасунках. Як бы патасна гэта ні гучала, але Беларусі трэба зьмена парадыгмы мысьленьня, і чакаць зьмены рэжыму для гэтага нельга, бо катастрофа ёсьць ужо цяпер.
16 красавіка ў Крупках мужчына застрэліў жонку і іншага мужчыну, да якога яна нібыта зьбіралася сыходзіць, але перадумала. А 20 красавіка ў Дзятлаўскім раёне іншы мужчына застрэліў былую жонку, напаў з нажом на яе цяперашняга сужыцеля і стрэліў у яе маці. А пасьля застрэліўся і сам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нечаканы ўдзел у пратэстах, суд і жыцьцё пасьля вызваленьня. Гісторыя беларускі зь невялікага мястэчкаГэта — катастрофа. І не, яе нельга сьпісваць на тое, што ў краіне ў цэлым расьце ўзровень напружанасьці. Гэта ня «проста бытавуха» і не «шараговыя гвалтоўныя злачынствы». Ці шмат вы чулі гісторый, каб у Беларусі стралялі ў кіраўніцтва за звальненьне? А ў чыноўнікаў за бюракратыю? А ў міліцыянтаў за несправядлівасьць? А можаце ўявіць, каб хтосьці застрэліў кіраўніка за звальненьне, а ў СМІ потым сур’ёзна пісалі б, што адсутнасьць прэміі стала для яго апошняй кропляй? І ў загалоўку яшчэ называлі б яго «падманутым»? Ну а што, прэмію ж абяцалі і ня выплацілі.
Не, такое бывае толькі тады, калі гавораць пра злачынствы, зьвязаныя з хатнім гвалтам. Тады зьяўляюцца намёкі на тое, што забітая мо і сама вінаватая, бо «здрадзіла» ці «дала падставу» думаць, што здрадзіла. Гэтыя намёкі з часам сталі даваць у якасьці цытат, каб было не падкапацца. Але ж мэдыя вырашаюць самі, якія менавіта цытаты выносіць у загаловак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дачка сказала: „Вы можаце вяртацца ў Беларусь, але я не хачу“». Як былы палітвязень апынуўся ў ЗШАІ менавіта таму нашая глябальная беларуская бяда абумоўліваецца ня толькі і, можа, ня столькі рэжымам Лукашэнкі. Пакуль мы як грамадзтва ня зьменім стаўленьня да хатняга гвалту і не прызнаем, што сапраўднае аблічча так званых сямейных каштоўнасьцяў менавіта такое — гвалт і забойства ў выпадку, калі штосьці пайшло ня так... Пакуль мы не прызнаем, што гэта наша асабістая памылка мысьленьня, а не выключна віна чыноўнікаў, лепей ня стане. Мужчыны далей будуць забіваць жанчын (і, як у гэтых выпадках, таксама іншых мужчын), а людзі навокал і далей будуць тлумачыць гэта вялікім каханьнем і тым, што забітыя штосьці зрабілі ня так.
Зьмены трэба ўжо цяпер — і ў мысьленьні, і ў законах. Улады ў Беларусі нелегітымныя, але яны ўплываюць на жыцьці мільёнаў людзей, а гэта значыць, іх нельга проста ігнараваць. На іх трэба ціснуць, ціснуць і ціснуць. І, безумоўна, трэба самім разумець, навошта мы гэта робім. І чаму інакш проста нельга.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.