У якіх сфэрах мэдыцыны найбольш крытычная сытуацыя? Расказваюць прадстаўніца Беларускага фонду мэдычнай салідарнасьці, гастраэнтэроляг і эндаскапіст Лідзія Тарасенка і прадстаўнік незалежнага прафсаюзу беларускіх мэдыкаў «Панацэя», гінэколяг і доктар ультрагукавой дыягностыкі Станіслаў Салавей.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты размовы
— Дзяржкантроль заявіў, што падазрае вядомую прыватную афтальмалягічную клініку «Новы зрок» ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. На ўладальніка і чатырох супрацоўнікаў клінікі завялі крымінальную справу. Сьледзтва сьцьвярджае, што пяць гадоў кіраўніцтву і спэцыялістам цэнтру выплачвалі «заробкі ў канвэртах». Агулам нібыта каля 50 чалавек атрымлівалі заробак такім чынам, абыходзячы падаткі. У Камітэце дзяржкантролю кажуць, што фінансавая шкода дзяржаве перавысіла 2,5 млн рублёў. Гэта афіцыйная інфармацыя. Станіслаў, што стаіць за ўсім гэтым?
Станіслаў Салавей: За ўсім стаяць грошы. Я мяркую, што гэта спаборніцтва паміж сілавікамі, хто зь іх знойдзе больш грошай на карысьць дзяржавы. Выстаўляюць рахунак — плаціце, або мы вас арыштуем. Наконт таго, што паведамляюць дзяржаўныя СМІ пра тое, у чым іх абвінавачваюць, я ня бачу магчымасьці давяраць прапагандыстам — яны гэтаксама могуць сказаць, што тыя рыхтавалі дзяржаўны пераварот ці акупацыю Ізраілю. Тут толькі адно — плаціце грошы. Уладальнік цэнтру не знаходзіцца ў краіне, і ён будзе вырашаць цяпер, што будзе больш выгадна — заплаціць грошы, штраф, які выставяць, або ўвогуле сысьці зь бізнэсу ў Беларусі. Зьменяць яны кіраўніцтва, паставяць на чале нейкага чыноўніка ад мэдыцыны, скажуць, што вось гэта цяпер дырэктар і гэта «дзяржаўная прыватная клініка», але ўсё роўна частка дактароў і пэрсаналу сыдзе з гэтага цэнтру незалежна ад таго, ці будзе новае кіраўніцтва, ці цяперашняе кіраўніцтва адкупіцца. Гэта новы стымул зьяжджаць лекарам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт дзяржкантролю Беларусі затрымаў кіраўнікоў пяці кампаній, якія пастаўляюць мэдычныя тавары і лекі— Афтальмалягічны цэнтар «Новы зрок» зьявіўся на арэндных пляцоўках паліклінікі МТЗ у Менску ў канцы 90-х. Затым зьявіліся клінікі ў іншых гарадах Беларусі, а таксама ў іншых краінах — Расеі, Латвіі, Эстоніі, Нарвэгіі, Вялікай Брытаніі. Таксама аддзяленьне клінікі заснавалі ў Літве, туды ў 2012-м пераехаў Алег Каўрыгін. Пазьней улады падазравалі яго ў кантрабандзе мэдычнага абсталяваньня, аднак справу закрылі. Цяпер ён у Літве. Лідзія, што б вы маглі сказаць пра значэньне гэтай кампаніі ў прыватным мэдычным бізнэсе Беларусі і цяперашніх мэтах улады?
Лідзія Тарасенка: Важны агульны кантэкст. Калі б у прававой дзяржаве, дзе працуюць законы і Канстытуцыя, ішла б размова пра тое, што ўладальнік прыватнай мэдычнай кампаніі задзейнічаны ў нейкіх шэрых схемах, гэта быў бы вялікі скандал і вялікая пляма на рэпутацыі кампаніі і чалавека. Тут у краіне ва ўладзе людзі, якім абсалютна напляваць на законы. Таму, на жаль, мы ня можам верыць нічому, што паходзіць з праўладных дзяржаўных СМІ.
Кампанія, якая працуе ўжо амаль 30 гадоў, канечне, мае вялікае значэньне для мэдычнага рынку працы. Ён у Беларусі невялікі, і любы такі мэдычны цэнтар — гэта сур’ёзная дапамога ў рынку працы. Гэта добры працадаўца. Гэта нядрэнныя, а то і высокай якасьці мэдычныя паслугі, апэрацыі, якія там робяць. Я ведаю, што там працавалі якасныя, клясныя спэцыялісты, дактары і сярэдні мэдычны пэрсанал, якія рабілі добрыя апэрацыі і сапраўды дапамагалі людзям. Гэта быў добра арганізаваны бізнэс, пацыенты, якія могуць давяраць арганізацыі, якая працуе шмат гадоў на рынку. Ці быў факт парушэньня заканадаўства? Калі ў краіне ўсім не да законаў, то злачынцы будуць увогуле ўсе. Быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца. І гэта зусім не перабольшаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржкантроль падазрае клініку «Новы зрок» у «шэрых» заробках ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стаіць за арыштамі мэдыкаў і прадстаўнікоў замежных фармакампаній і як гэта адаб’ецца на пацыентах? Расьсьледаваньне Свабоды