Прэзыдэнт Францыі зацьвердзіў закон аб павышэньні пэнсійнага ўзросту, нягледзячы на масавыя пратэсты

Пратэсты ў Францыі супраць павелічэньня пэнсійнага ўзросту

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон падпісаў закон аб пэнсійнай рэформе, які прадугледжвае, апроч іншага, паступовае павышэньне пэнсійнага ўзросту з 62 да 64 гадоў, піша France24.

Закон быў апублікаваны ў Афіцыйным часопісе Францыі.

Увечары 14 красавіка Канстытуцыйная рада вынесла рашэньне на карысьць асноўных палажэньняў пэнсійнай рэформы. У гэты дзень адбыліся чарговыя акцыі пратэсту. У Парыжы перад гарадзкой мэрыяй сабралася каля 4 тысяч чалавек. Паліцыя паведаміла аб затрыманьні 112 пратэстоўцаў у Парыжы. У Рэнэ падпалілі дзьверы паліцэйскага ўчастка.

Як паведамляе BFM TV, 15 красавіка ў некалькіх гарадах Францыі заплянаваныя дзясяткі акцый пратэсту супраць зацьверджанай рэформы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі Сэнат прагаласаваў за пэнсійную рэформу, нягледзячы на шматтысячныя пратэсты. Што з пэнсіямі ў Беларусі
  • 16 сакавіка пэнсійную рэформу прыняў урад Францыі. Тады прэм’ер-міністар краіны Элізабэт Борн скарысталася артыкулам 49.3 Канстытуцыі, які дае права выканаўчай уладзе прыняць любы закон без узгадненьня з заканадаўчым органам.
  • Як палічыла Мінпрацы Францыі, рэформа дазволіць кожны год эканоміць амаль 18 мільярдаў эўра, дзякуючы гэтаму пэнсійная сыстэма зможа стаць бясстратнай да 2027 году.
  • Францускія ўлады сьцьвярджаюць, што павышэньне пэнсійнага ўзросту — адзіны спосаб захаваць плацежаздольнасьць сыстэмы. Прафсаюзы ж лічаць, што ёсьць і іншыя выхады, напрыклад, увесьці дадатковыя падаткі для багатых або павялічыць адлічэньні з заработнай платы для работадаўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Францускія прафсаюзы абвясьцілі дзясяты страйк супраць павышэньня пэнсійнага ўзросту да 64 гадоў
  • Пэнсійная рэформа выклікала пратэсты па ўсёй Францыі яшчэ на пачатку 2023 году. У канцы студзеня да мітынгаў далучыліся каля 1,1 мільёна чалавек. Такія зьвесткі паведамляла францускае МУС па выніках дня агульнанацыянальнай забастоўкі. Прафсаюзы тады казалі, што ў дэманстрацыях прынялі ўдзел больш за два мільёны чалавек, зь якіх 400 тысяч — у Парыжы.
  • Падчас мітынгаў адбываліся сутычкі з паліцыяй, пратэстоўцы падпальвалі сьмецьцевыя бакі і білі вітрыны, а сілавікі выкарыстоўвалі сьлёзацечны газ і вадамёты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі затрымалі звыш 170 чалавек, якія пратэставалі супраць павышэньня пэнсійнага ўзросту да 64 гадоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі пашырыліся пратэсты супраць пэнсійнай рэформы