Падпал царквы, камэнданцкі час і іншыя захады бясьпекі. Як ва Ўкраіне падчас вайны рыхтуюцца да праваслаўнага Вялікадня

Да вайны ў Кіеве штогод перад Вялікаднем праходзіў фэстываль пісанак. Кіеў, 29 красавіка 2016 году

Украіна другі год запар адзначае вялікія рэлігійныя сьвяты ва ўмовах вайны. Цяпер для ўладаў галоўная задача — гарантаваць бясьпеку вернікам і пазьбегнуць правакацый на глебе рэлігійнай прыналежнасьці.

Сёлетняе сьвяткаваньне Вялікадня супала з абвастрэньнем сытуацыі вакол Кіева-Пячорскай лаўры, храмы якой арандавала Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, пакуль улады не разарвалі адпаведнай дамовы.

Вялікдзень паводле юльянскага календара ва Ўкраіне адзначаюць тры найбольшыя канфэсіі — аўтакефальная Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ), Украінская грэка-каталіцкая царква (УГКЦ) і Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП).

Паводле статыстыкі, ва Ўкраіне 67% грамадзян ідэнтыфікавалі сябе праваслаўнымі хрысьціянамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пісанкі і валачобнікі. Як адрозьніваюцца ўкраінскія велікодныя традыцыі ад беларускіх

Вернікі дзьвюх канфэсій будуць маліцца ў Кіева-Пячорскай лаўры

Упершыню ад моманту атрыманьня прызнаньня Канстантынопальскім патрыярхатам Праваслаўная царква Ўкраіны правядзе велікодныя службы ў Кіева-Пячорскай лаўры.

Іх будзе праводзіць архімандрыт Аўрамій, які перайшоў з УПЦ МП у аўтакефальную ПЦУ і цяпер ачольвае манастыр у лаўры.

Акцыя пратэсту каля Кіеўскай лаўры. Сакавік 2021

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік настаяцеля Кіева-Пячорскай лаўры перайшоў ва аўтакефальную ПЦУ

Да богаслужэньняў у храмах Кіева-Пячорскай Лаўры рыхтуюцца і сьвятары УПЦ Маскоўскага патрыярхату. Яны дагэтуль адмаўляюцца пакінуць тэрыторыю лаўры, нягледзячы на тое, што ўлады разарвалі дамову аб арэндзе.

Пратэст каля Кіеўскай лаўры. Красавік 2023

Мітрапаліт Павел (Пятро Лебедзь), які да апошняга ачольваў манастыр, цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам. Яго падазраюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — аб распальваньні міжрэлігійнай варожасьці, а таксама аб апраўданьні расейскай агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны. Вернікі УПЦ МП усё яшчэ спадзяюцца адстаяць свае храмы на тэрыторыі дзяржаўнага гістарычнага запаведніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Кіеве адправіў мітрапаліта УПЦ Паўла пад хатні арышт. Тлумачым, што адбылося

У Львове падпалілі храм грэка-каталікоў

Уваскрэсеньне Хрыста ў гэтыя ж дні адзначаюць і вернікі Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы. Яе вернікі ў Львове, калі шлі на службу раніцай 14 красавіка, пабачылі, што нехта спрабаваў падпаліць іхны храм. Выратавалі толькі пажарныя службы, якія апэратыўна прыехалі на месца і патушылі агонь.

Каля гэтай царквы ў 2001 годзе ў часе свайго візыту ў Львоў Папа Рымскі Ян Павал II сустракаўся з моладзьдзю.

«Гэта мог зрабіць толькі люты вораг нашага народу. Усіх вінаватых абавязкова знойдуць. Яны мусяць панесьці адказнасьць», — заявілі абласныя ўлады.

Камэнданцкага часу не скасуюць

Велікодныя службы пачнуцца апоўначы, якраз у той час, калі ва Ўкраіне дзейнічае камэнданцкі час. Яго крыху скарацілі, але не скасавалі, бо не выключаюць, што расейскія войскі могуць пачаць ракетныя атакі.

Улады рэкамэндуюць вернікам прыходзіць у цэрквы або да пачатку камэнданцкага часу і заставацца там да яго заканчэньня, або глядзець службы на жывых трансьляцыях. Іх робяць усе цэрквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колішні баец ПВК «Вагнэр» пазнаў сваіх таварышаў на відэа жорсткага забойства ўкраінскага палоннага

Службы адбудуцца ў 13 тысячах храмаў

Грамадзкі парадак у сьвяточныя і выходныя дні будуць забясьпечваць больш як 17 тысяч паліцыянтаў, ратавальнікаў і нацгвардзейцаў.

«Наша галоўная задача — гарантаваць публічную бясьпеку і парадак з улікам тэрарыстычных атак, а таксама правакацый, якія магчымыя з боку ворага», — паведаміў выканаўца абавязкаў кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Іван Выгіўскі.

Паводле яго, каля цэркваў таксама будуць працаваць выбухатэхнікі і кінолягі, якія будуць правяраць храмы і прылеглую тэрыторыю на наяўнасьць выбуханебясьпечных прадметаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два беларускія сьвятары, якія выехалі з краіны празь перасьлед, перайшлі пад юрысдыкцыю Канстантынопалю

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.