Сьцісла:
- Лукашэнка, які лічыцца галоўнай праблемай Беларусі, у пэўных колах разглядаецца адначасова і як сродак вырашэньня гэтай праблемы.
- Эўразьвяз увогуле ня вельмі разумее, што рабіць з дыктатурамі.
- Эўразьвяз гаворыць правільныя рэчы пра будучыню і перакладвае вырашэньне пытаньня Лукашэнкі на беларускую апазыцыю.
- Мы назіралі, як Эўразьвяз наступаў на адныя і тыя ж граблі.
- Калі нават уявіць, што Лукашэнка пагодзіцца на заходнія ўмовы, Масква яму не дазволіць гэтага зрабіць.
— Вы і ваш калега па інстытуце Аркадзь Мошас нядаўна надрукавалі на сайце Euronews артыкул, у якім папярэджвалі пра небясьпечныя, на вашу думку, тэндэнцыі зьмякчэньня стаўленьня Захаду да Лукашэнкі. Вы пішаце, што гэта будзе палітычна і маральна няслушным. Што вас прымусіла напісаць гэты артыкул? Ці ёсьць падставы хвалявацца, што такія непажаданыя, на вашу думку, зьмены могуць адбыцца?
— Па-першае, мы бачым сыгналы з боку менскага рэжыму пра тое, што ён у гэтым зацікаўлены. Розныя заявы, візыт у Вугоршчыну міністра замежных справаў Алейніка, пошукі нейкіх новых каналаў сувязі, каб прарваць палітычную блякаду.
Таксама мы бачым тое, што адбываецца ў самім Эўразьвязе. Не атрымліваецца дамовіцца наконт новых санкцыяў, ёсьць частка палітыкаў, якія разглядаюць такое зьмякчэньне як варыянт, як магчымасьць. Яны пра гэта не выказваюцца пакуль публічна, але такое кола і экспэртаў, і палітыкаў існуе.
Даклад, які апублікаваны на Chattam House, стаў для нас пэўным штуршком, каб напісаць свой адказ. Што да мяне асабіста, то зазначу, што на розных мерапрыемствах, прысьвечаных Беларусі, такое пытаньне ўздымаецца, і мяне гэта ў пэўным сэнсе бянтэжыць. Бо Лукашэнка, які называецца галоўнай праблемай Беларусі, у пэўных колах разглядаецца адначасова і як сродак вырашэньня гэтай праблемы. І ў гэтым ёсьць парадокс і ўнутраная супярэчнасьць.
— Заходнюю палітыку адносна Беларусі нярэдка крытыкуюць за адсутнасьць пасьлядоўнай стратэгіі, за тое, што яна проста рэагуе на новыя сытуацыі і абставіны. То санкцыі, то дыялёг, уцягваньне. Не працуе адна мадэль — пераходзяць да іншай. І зараз, маўляў, можа надысьці чарговы этап стомленасьці ад цяперашняй мадэлі санкцыяў і процістаяньня.
— Я думаю, што гэта частка праблемы, але сама праблема шырэйшая. Калі мы гаворым пра эўрапейскую палітыку адносна Беларусі, то варта адзначыць, што для Эўразьвязу доўгі час было цяжка выпрацаваць нейкую адну стратэгію. Мы назіралі ў пэўны час прызнаньне Эўразьвязам, што палітыка дэмакратызацыі Беларусі правалілася, таму давайце працаваць з гэтым рэжымам. Так што стратэгіі адносна Беларусі, сапраўды, няма, у тым ліку і пасьля 2020 году.
Часткова гэта можна патлумачыць тым, што не было вялікай зацікаўленасьці Беларусьсю. Беларускае пытаньне пакідалася асобным краінам, такім як Польшча, Літва, Швэцыя, альбо на палітычныя амбіцыі асобных чыноўнікаў. І мы назіралі, як Эўразьвяз наступаў на адныя і тыя ж граблі.
— Пасьля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны, здавалася б, шмат што зьмяніліся. Захад імгненна ўвёў даволі рэзкія санкцыі, таваразварот з гэтай прычыны зьменшыўся. Можна чакаць, што ва ўмовах вайны, на фоне таго, што Менск зьяўляецца суагрэсарам, больш жорсткі і бескампрамісны падыход выглядае лягічным і абгрунтаваным. Ці ёсьць адчуваньне, што цяпер Захад будзе больш актыўна дзейнічаць на беларускім кірунку?
— Рацыянальным было б пасьля лютага 2022 году менавіта гэтага і чакаць. Захад павінен зразумець, што ранейшая эўрапейская палітыка да Беларусі не прыводзіла да нейкіх вынікаў і ў прынцыпе была памылковая. Аднак можна зазначыць, што Эўразьвяз увогуле ня вельмі разумее, што рабіць з дыктатурамі.
І мы дагэтуль ня бачым, каб нейкая пасьлядоўная стратэгія зараз распрацоўвалася. Эўразьвяз кажа правільныя рэчы пра будучыню і перакладвае вырашэньне пытаньня Лукашэнкі на беларускую апазыцыю. Але апазыцыя ня мае рэальных рычагоў для зьменаў і перакідвае адказнасьць на Захад. І ў выніку мы маем такі палітычны футбол.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адчувае сябе няёмка ў амплюа васала, — Класкоўскі— Раней у розных палітычных канструкцыях, у вызначэньні стаўленьня да беларускай праблемы фігуравала і Расея як пэўны партнэр, ад якога шмат што залежала. Ад Расеі многае залежыць і зараз, але сёньняшні Крэмль ужо мала хто ўспрымае як надзейнага партнэра. Можа, расейскія «інтарэсы» Брусэлю ўжо ня варта ўлічваць? Можа, гэта новая сытуацыя і павінна зьмяніць стаўленьне Эўропы да беларускага пытаньня?
— Мы можам чакаць гэтага. Адносіны ўжо ня будуць выглядаць так, як да вайны. Але Эўразьвяз пакуль канчаткова ня вызначыўся, як будзе выглядаць ягоная палітыка адносна Расеі — на гэты конт ёсьць рознагалосьсі. Вядома, можна чакаць пэўны рух у бок таго, што «Беларусь — гэта зараз слабое зьвяно Расеі, і давайце гэта выкарыстаем».
Але пакуль сытуацыя ня будзе радыкальна пагаршацца, то і Эўразьвяз, як мне падаецца, сам ня пойдзе на радыкальнае пагаршэньне існага статус-кво. Пакуль беларускі рэжым не зрабіў такіх крокаў, пры якіх вайна распаўсюдзіцца на ўвесь рэгіён. Гэта звычайная палітыка Эўразьвязу: чакаць і назіраць, а пасьля рэагаваць. І я ня бачу, каб была нейкая вялікая актыўнасьць з боку Эўразьвязу, пакуль сытуацыя не пагоршыцца.
— У сваім артыкуле ў Euronews вы пішаце, што ня варта ўспрымаць Лукашэнку як легітымнага партнэра. Гэта лягічна і абгрунтавана. Але як, у якой форме тады будаваць адносіны з тым, што называецца «афіцыйны Менск»? І ці існуюць для Эўразьвязу нейкія гіпатэтычныя варыянты, нейкія дзеяньні Лукашэнкі, пасьля якіх дыялёг зь ім зноў стане магчымым?
— Гэта складанае пытаньне. Я думаю, гіпатэтычна Захад можа паставіць нейкія ўмовы, якія Лукашэнка павінен выканаць, пасьля чаго Захад можа сказаць: «Цяпер мы можам далей абмяркоўваць нейкія пытаньні». Гэтыя ўмовы павінны ўключаць вызваленьне палітзьняволеных і вывад зь Беларусі расейскіх войскаў.
Ці можа Лукашэнка пайсьці на гэта? Вядома, не. Калі нават уявіць, што ён на гэта захоча пайсьці, то, вядома, Масква яму не дазволіць гэтага зрабіць.
Так што ўся гэтая сытуацыя перайшла ў разрад тэарэтычных і невыканальных. Таму пра Лукашэнку як партнэра Захаду трэба забыць, варта паставіць на гэтым кропку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Захад і Беларусь: як пераасэнсаваць і зьмяніць палітыку. Прапановы сацыёляга Астапені ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Лёндане адхіліў пазоў беларуска-расейскай кампаніі Synesis аб скасаваньні накладзеных на яе санкцый