Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка адчувае сябе няёмка ў амплюа васала, — Класкоўскі


Палітычны аглядальнік праекту «Позірк» Аляксандар Класкоўскі аналізуе зьмест пасланьня Аляксандра Лукашэнкі, зьвяртае ўвагу на тое, хто сапраўды пагражае беларускай незалежнасьці, і разважае, ці сапраўды Менск будзе мець права кантраляваць ядзерную зброю.

Сьцісла:

  • Уся рыторыка Лукашэнкі зьвялася да таго, што незалежнасьці пагражае «пракляты Захад», асабліва «англасаксы», — а не Расея.
  • Публічна Крэмль можа пагадзіцца на дэклярацыю пра «два ключы» да ядзернай зброі.
  • Лукашэнка не зьбіраецца адыходзіць ад улады, пакуль у яго ёсьць для гэтага фізычная магчымасьць.
  • Дапамога Расеі рэжыму Лукашэнкі за мінулы год небывала вялікая. Такім шчодрым Крэмль ніколі ня быў.

— Галоўнай тэмай гэтага пасланьня Лукашэнкі стала абарона незалежнасьці і сувэрэнітэту — у тым спэцыфічным аспэкце, як Лукашэнка гэта разумее. Чаму менавіта гэтае пытаньне прагучала як асноўнае?

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

— Лукашэнка вельмі сур’ёзна рыхтаваўся да гэтага пасланьня і, як чуйны палітык, разумеў, што трэба гаварыць на тэму захаваньня сувэрэнітэту. Бо ня толькі ягоныя апанэнты кажуць, што ён стаў марыянэткай Крамля, — але і беларускія абывацелі задаюцца пытаньнем: што адбываецца, навошта ў краіне зьбіраюцца разьмяшчаць ядзерную зброю? Таму кіраўнік рэжыму вырашыў па пунктах паказаць, што сувэрэнітэт захоўваецца, і ён бачыць, што рабіць.

Але насамрэч уся ягоная рыторыка зьвялася да таго, што незалежнасьці пагражае «пракляты Захад», асабліва «англасаксы», — а не Расея. Хаця рэальнасьць зусім іншая, і мы бачым, што адзіная на сёньня рэальная пагроза беларускай незалежнасьці — гэта імпэрская экспансія Расеі. Заявы Лукашэнкі пра тое, што Ўкраіна нібыта пад кіраваньнем ЗША, што Эўропа заняволеная Амэрыкай, выклікаюць толькі ўсьмешку.

Вакол расейскага чыньніка Лукашэнка вымушаны быў захоўваць маўчаньне. У лепшыя для сябе часы, калі адчуваў большую самастойнасьць, ён мог кінуць камень у гарод Расеі, пакрытыкаваць Крэмль за імпэрскія замашкі. Але сёньня пра Расею нічога не было сказана.

— Спроба даказаць сваю «самастойнасьць» асабліва была відаць у пытаньні пра ядзерную зброю. «Гэта наша зброя, якая будзе спрыяць сувэрэнітэту і незалежнасьці», — сказаў Лукашэнка пра расейскую ядзерную зброю, якая можа быць разьмешчаная на тэрыторыі Беларусі. Потым паўтарыў: «Кіраваць усёй той зброяй, якая знаходзіцца на нашай тэрыторыі, будзем мы». Але гэта ўступае ў супярэчнасьць з заявай Пуціна, які падкрэсьліваў, што Расея мае намер «не перадаць Беларусі ядзерную зброю, а разьмясьціць сваю зброю на яе тэрыторыі». Словы Лукашэнкі пярэчаць, дарэчы, і заяве беларускага МЗС.

— Сапраўды, Лукашэнку вельмі няёмка адчуваць сябе ў амплюа нейкага васала. Бо пасьля заявы Пуціна выглядала так, што Лукашэнку нават не спыталі. Цяпер правадыр рэжыму хоча паказаць, што ён будзе саўладальнікам гэтага ядзернага арсэналу. Але калі так — то гэта будзе парушэньне Дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. Пуцін жа, сапраўды, падкрэсьліваў, што зброя будзе пад расейскім кантролем. Так што зноў «нехта хлусіць».

Думаю, што дзеля блізіру публічна Крэмль можа пагадзіцца на дэклярацыю пра «два ключы». Але натуральна, што ў канкрэтнай сытуацыі Масква сама будзе прымаць рашэньні. Ня дзеля таго Крэмль задумваў гэты плян, каб рабіць падарунак беларускаму дыктатару. Гэта частка глябальнай гульні Крамля — шантажу супраць Украіны і Захаду.

І трэба ўлічваць, што ў Беларусі ўжо знаходзяцца расейскія войскі, расейскія самалёты. У крайнім выпадку яны элемэнтарна ў час Х могуць падвезьці са складу боепрыпасы да свайго самалёта, не пытаючыся ў беларускага кіраўніка. І ўвогуле, пры такой ступені залежнасьці Расея проста можа ў любы момант адхіліць ад улады Лукашэнку і паставіць марыянэткавую фігуру, якая будзе проста ківаць галавой на любыя крокі Крамля.

— Лукашэнка падчас пасланьня зноў даволі туманна выказваўся пра тое, ці зьбіраецца заставацца пры ўладзе пасьля 2025 году. Ці прынесьлі ягоныя словы нейкую яснасьць, альбо ён зноў пакінуў сабе магчымасьць для любых варыянтаў?

— Сапраўды, ён пакідае магчымасьць для любых варыянтаў. І тут бачна гэтая драма — «восень патрыярха». Ён разумее што ня вечны, прагучала фраза, што «мой век ужо заканчваецца», але зь іншага боку — адразу гучаць словы, што «я ня буду кульгавай качкай».

Я думаю, што насамрэч Лукашэнка не зьбіраецца адыходзіць ад улады, пакуль у яго ёсьць фізычная магчымасьць. Ён, напэўна, у 2025 годзе праштампуе сабе новы тэрмін — калі ня будзе ніякіх форс-мажораў ці яго ня скруціць нейкая моцная хвароба. «А раптам пераемнік ня справіцца?» — ён некалькі разоў гэта публічна прагаворваў, таму будзе стырно трымаць да апошняга.

Лукашэнка хоча сцэмэнтаваць сыстэму — і дзеля гэтага зьмяніць Канстытуцыю, каб пасьля яго быў «калектыўны Лукашэнка», каб сыстэма не зьмянілася. Ці будзе гэта працаваць? Шэраг аналітыкаў лічыць, што гэта ня вельмі магчыма, што гэта дэстабілізуе сыстэму. Але так далёка Лукашэнка не зазірае.

— Гэтым разам Лукашэнка нічога крытычнага не казаў пра эканоміку, пераважна хваліў нейкія ўяўныя дасягненьні. І гэта на фоне рэкорднага падзеньня эканомікі ў мінулым годзе, якое працягваецца і першыя месяцы сёлета.

— Што тычыцца эканомікі, то тут, здаецца, Лукашэнка трохі супакоіўся. Напэўна, ён напачатку думаў, што санкцыі зруйнуюць беларускую эканоміку, а цяпер зларадна кажа, што мы ўдар вытрымалі. Увогуле, ён быў у гуморы, выглядаў акрыленым пэрспэктывай атрымаць ядзерную зброю. Напэўна, ён адкідае думкі, што гэта ўсё можа завяршыцца ядзерным апакаліпсісам, а цешыць сябе надзеямі, што цяпер ніхто ня зможа арганізаваць зрынаньне ягонага рэжыму.

Што да санкцыяў, то гэта сапраўды так: мы бачым, што Эўропа ўжо амаль дасягнула столі ў гэтым пытаньні. Лукашэнка бачыць, што Эўразьвяз наўрад ці яшчэ вышэй уздыме плянку гэтых санкцыяў. Па-другое, у яго ёсьць надзея ўбіць клін паміж Эўразьвязам і ЗША ў гэтым пытаньні.

Па-трэцяе, ён добра прысмактаўся да Расеі. Мы бачым, што дапамога Расеі за мінулы год небывала вялікая. І танныя нафта і газ, і крэдыты, і льготы, і грошы на імпартазамяшчэньне. Такім шчодрым Крэмль ніколі ня быў. Эканоміка не абрынулася, і запас трываласьці ёсьць.

Ідэяў пра нейкія эканамічныя рэформы ў яго ніколі не было, а цяпер тым больш — ён хоча проста закансэрваваць тое, што ёсьць. Ён адчуў сябе ў сваёй талерцы.Па дробязях пачаў расьпякаць вэртыкаль за кепскія дарогі і крывыя дзьверы. Гэта ўзровень дырэктара саўгасу, і тут ён адчувае сябе як рыба ў вадзе. Гэта ж не макраэканоміка, дзе прапанаваць штосьці ён ня ў стане.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG