Зьмітру Хведаруку 35 гадоў. Яго мноства разоў саджалі на суткі за ўдзел у вулічных акцыях, ён праходзіў праз крымінальную справу за «Ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі», у жніўні 2020 трапіў у імправізаваны лягер для пратэстоўцаў пад Слуцкам. Праз год пасьля гэтага Хведарук зьехаў зь Беларусі. Разам зь сябрамі ён заснаваў пратэстанцкую царкву для мігрантаў у Варшаве.
«Бог не павінен скакаць пад маю дудачку»
Зьміцер кажа, што вернікам стаў насуперак выхаваньню, бо нарадзіўся і рос у звычайнай беларускай сям’і, якую можна назваць «праваслаўнымі атэістамі».
«Да юнацкіх гадоў я лічыў хрысьціян ідыётамі, якія суцяшаюць сябе перад абліччам несправядлівасьці і цяжкасьцяў жыцьця. Хаця я так думаў і пра беларускую мову. Але я быў сам круглым ідыётам, які ня меў дастаткова інфармацыі ні пра хрысьціянства, ні пра беларускую мову», — кажа Зьміцер.
Упершыню ў царкву хлопец трапіў дзякуючы тагачаснаму кіраўніку «Маладога фронту» Зьмітру Дашкевічу. Той запрасіў Хведарука на гістарычны клюб, але не папярэдзіў, што будзе гэта ў царкве.
«Калі б мне Дашкевіч шчыра сказаў, што гэта будзе ў царкве, то, мабыць, я не пайшоў бы туды. Але аказалася, што хрысьціяне могуць рацыянальна расказаць, ува што яны вераць, што ёсьць Біблія, якая кажа, хто такі Бог, чалавек, што за сусьвет, у якім мы жывём. Мне стала цікава пэўны час наведваць гэтую супольнасьць — „Ян Прадвесьнік“».
Суразмоўца Свабоды кажа, што ягоныя ўяўленьні пра рэлігію былі такія, быццам Бог павінен настолькі ўсьцешыцца ягонаму «далучэньню да закрытага клюбу», што адразу споўніць усе ягоныя пажаданьні і патрэбы.
«Я ўяўляў сабе, як Богу неверагодна пашанцавала, што такі клясны хлопец прыйшоў да яго. У той час жа я быў дастаткова вядомым дзеячам „Маладога фронту“. Чым больш я паглыбляўся ў хрысьціянскае вучэньне, тым болей я стаў разумець, што Бог не павінен скакаць пад маю дудачку і рабіць тое, што я хачу. Бог — магутны, сувэрэнны. Гэта мяне, з аднаго боку, расчаравала, а зь іншага — захапіла. Гэта быў 2007 год, з таго часу я стаў хрысьціянінам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ІТ, на вайне, у турме. Дзе цяпер маладафронтаўцы розных пакаленьняў«Здавалася, што стаў сьвятым чалавекам»
Чытаючы Сьвятое Пісаньне і разважаючы над ім, Зьміцер пачаў усьведамляць, што ён нядобры чалавек. І ўвогуле перастаў на нейкі час разумець, чаму Бог яго прыняў да сябе.
«Я зьняў наконт сябе ружовыя акуляры і пабачыў сябе такім, які ёсьць насамрэч. У той час мне здавалася, што такога чалавека, як я, ніхто не павінен прымаць і любіць. Чытаючы Біблію, я зразумеў, што Бог прымае такіх грэшнікаў, як я».
Першыя гады ў хрысьціянстве Хведарук называе своеасаблівым «мядовым месяцам».
«Мне здавалася, што я стаў сьвятым чалавекам: перастаў ужываць алькаголь і тытунь, матам я і так ня лаяўся. Зьмяніліся, у прынцыпе, павярхоўныя рэчы, але мне здавалася, што зь мяне можна было пісаць абраз».
Ідэя пайсьці вучыцца на багаслова ў Зьмітра зьявілася ўжо праз два гады пасьля таго, як ён увераваў. У той час хлопец наведваў пяцідзясятніцкую супольнасьць, захацеў вучыцца ў іх навучальнай установе. Пастар пагадзіўся, напісаў характарыстыку.
«Правучыўся я там нядоўга, бо ў 2009 годзе мяне забралі ў армію на 1,5 года».
Зьміцер Хведарук быў адным з «палітжаўнераў». Тады ж у войска забралі Франка Вячорку і Івана Шылу.
«У любога хрысьціяніна ёсьць небясьпека стаць маралістам ці крывадушным чалавекам, які ўяўляе сябе большым, чым ёсьць насамрэч. Я быў жорсткім у дачыненьні да грахоў іншых людзей, што вакол мяне ўсе бухаюць, хлусяць, крадуць. У пляне быць маралістам мне было ня цяжка ў войску. Але рэфлексуючы цяпер, я разумею, што наўрад ці дапамог людзям, якія былі побач са мной, асэнсаваць Эвангельле. Я проста заклікаў іх зьмяніць лад жыцьця, а ня нейкія больш глыбінныя рэчы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто зь дзеячоў незалежнай Беларусі сустракаўся з прэзыдэнтамі ЗША і пра што размаўлялі«Чаму Беларусь ня стала Ангельшчынай?»
Вучыцца на багаслова Зьміцер зноў сабраўся праз 10 гадоў. На той момант ён ужо далучыўся да Рэфармацкай царквы. Як кажа Зьміцер, яна найбольш блізкая да таго пратэстантызму, які быў у Беларусі ў XVI стагодзьдзі.
«Знаёмы пастар мне прапанаваў падумаць, памаліцца і паступіць у Эвангельскую рэфармацкую сэмінарыю Ўкраіны. Ва Ўсходняй Эўропе гэта самая моцная і грунтоўная навучальная ўстанова. Там вывучаюць клясычныя мовы (старажытнагрэцкую, старажытны іўрыт), каб чытаць біблейскія тэксты ў арыгінале, ёсьць выкладчыкі з усіх куткоў сьвету».
Зьміцер прызнаецца, што яму было страшна паступаць, бо першы досьвед вучобы аказаўся няўдалым. Плюс да ўсяго працу пастара ён разглядае вельмі сур’ёзна, бо гэта зьвязана з чалавечым душамі і лёсамі.
«Я езьдзіў зь Менску на сэсіі ў Кіеў, праходзіў там частку курсу, атрымліваў літаратуру для навучаньня, павінен быў адрэфлексаваць яе, напісаць працу. 2020 год зьмяніў усё, зьнікла магчымасьць езьдзіць ва Ўкраіну праз каранавірус. Большасьць прадметаў перайшлі ў онлайн, што зьмяніла якасьць і матывацыю».
За час вучобы Хведарук стаў аўтарам кнігі «Реформация любой ценой? Опыт одного религиозного движения». Кніга напісаная па-расейску, бо распаўсюджвалася ў краінах, дзе расейская мова пашыраная.
«Пасьля таго як у нас у сэмінарыі быў курс „Гісторыі царквы“ адзін мой знаёмы прапанаваў напісаць невялікае эсэ аб упадку рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Гэта такі дастаткова невядомы і неадназначны пэрыяд гісторыі, некаторыя называюць яго нават „залатым векам Беларусі“. Я пастараўся ў межах невялікага дасьледаваньня зразумець, чаму Беларусь ня стала рэфармаванай краінай, як Нідэрлянды, Швайцарыя, Ангельшчына ці Шатляндыя. Было даволі крута пачытаць першакрыніцы, я прыйшоў да высновы, што Беларусь ня стала рэфармаванай краінай праз адсутнасьць багаслоўскай яснасьці, маладая царква не змагла адстаяць сваё слушнае вучэньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забытыя. Былы маладафронтавец у Польшчы: «Радзіму лепш любіць на адлегласьці»«Хацеў адкрыць царкву ў Менску, але прыйшоў ГУБАЗіК»
Зьміцер кажа, што ягонай марай было па сканчэньні вучобы адкрыць у Менску клясычную, гістарычную Рэфармаваную царкву.
«На жаль, у канцы 2021 году да нас дадому з аўтаматамі і шчытамі прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКу. Пасадзілі мяне на Акрэсьціна, абяцалі доўга там пратрымаць. У той час мая жонка была на раньнім этапе цяжарнасьці. Я думаў, што не змагу ўбачыць дзіця ў першыя гады. Мяне адпусьцілі праз 15 сутак. Тады мы прынялі рашэньне выехаць на тры месяцы ва Ўкраіну, павучыцца, пачакаць лепшага часу ў Беларусі, як тады наіўна здавалася».
Праз блізкасьць вайны сям’я прыняла рашэньне рухацца далей на Захад. Самалёт адвёз Зьмітра і яго цяжарную жонку ў Варшаву за восем дзён да пачатку поўнамаштабнай вайны.
«Як для любых хрысьціян, для нас было важнай справай знайсьці царкву. Мы абышлі некалькі месцаў, якія не да канца задавальнялі. У выніку зь яшчэ некалькімі маімі калегамі мы памазгавалі, памаліліся і вырашылі адкрыць царкву для мігрантаў. І нават крыху раней часу, чым я зьбіраўся, я стаў адным з пастараў царквы Сьвятой Тройцы ў Варшаве. Яна дзейнічае зь верасьня, яе наведваюць у асноўным беларусы, але таксама крыху людзі з Украіны, Кіргізстану, ЗША, нават Расеі. Палякі прыходзілі некалькі разоў, ім нават перакладалі, але не замацаваліся».
У царкве прапаведуюць на расейскай мове. Галоўнае — ясна і дакладна даносіць слова Божае. У асноўным пастары прапаведуюць паводле Эвангельля ад Яна.
«Гэтае Эвангельле вельмі арганічнае, яно ясна гаворыць, хто такі Ісус Хрыстос, кажа аб трыадзінстве Бога, таму наша царква і называецца — Сьвятой Тройцы», — кажа Хведарук.