Уступная кампанія 2023: БДМУ хоча набраць паўтысячы «мэтавікоў», а БДУ ня будзе вучыць журналістаў за грошы

Будынак галоўнага корпусу БДУ ў Менску. Архіўнае фота

Некаторыя беларускія ВНУ ўжо апублікавалі пляны прыёму абітурыентаў сёлета. Вось якія зьмены чакаюцца.

БДУ

Сёлета БДУ зьбіраецца прыняць на бюджэт 2073 чалавекі, на платнае — 1559 чалавек. Летась на бюджэт бралі на 25 чалавек болей, на платнае — на 14 чалавек болей.

На факультэце журналістыкі сёлета платных месцаў няма наогул, летась было 9. На бюджэт на журфак плянуюць прыняць 82 студэнтаў, або на 9 чалавек менш,чым у мінулым годзе.

Зьменшыўся плян прыёму на бюджэт і на адзін з самых папулярных факультэтаў — факультэт міжнародных адносін. Туды плянуюць узяць 70 чалавек, гэта на 20 чалавек меней, чым летась. На платнае прыём, наадварот, павялічылі на 20 чалавек — да 183 месцаў.

На факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі на бюджэт набяруць на 5 чалавек меней, чым летась — 230 студэнтаў-першакурсьнікаў.

На гістфаку, як і летась, на бюджэт возьмуць 97 чалавек, але тут істотна скарацілі колькасьць платных месцаў: з 45 да 23.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ліцэй БДУ пазбавілі перавагі пры ўступных іспытах

БДУІР

Сёлета БДУІР прыме на дзённую форму навучаньня амаль тры тысячы чалавек: 1270 на бюджэт і 1729 на платнае. Летась на дзённае ў БДУІР набіралі менш — 2153 чалавекі.

Лічбы прыёму на бюджэт амаль не зьмяніліся, больш студэнтаў набіраюць на платнае аддзяленьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў указ аб новых правілах прыёму ў ВНУ, увёў льготы для сілавікоў

БНТУ

Галоўная тэхнічная ВНУ Беларусі сёлета плянуе набраць 2356 бюджэтнікаў і 650 платнікаў. Карціна ў параўнаньні зь мінулым годам зьмянілася нязначна, летась бюджэтнікаў плянавалі набраць на 25 чалавек больш.

Найбольш студэнтаў хочуць набраць на аўтатрактарны факультэт — 330 чалавек, столькі ж было і летась. А вось колькасьць платных месцаў павялічылі ў параўнаньні зь мінулым годам на 20, цяпер чакаюць 91 студэнта-платніка.

Найбольш платных месцаў у БНТУ будзе на факультэце маркетынгу, мэнэнджмэнту і прадпрымальніцтва — 211, або на 16 больш, чым было летась.

БДПУ імя Максіма Танка

У БДПУ ў 2023 годзе плянуюць прыняць 890 чалавек на дзённае бюджэтнае навучаньне і яшчэ 395 чалавек на платнае. Падобныя лічбы прыёму былі ў гэтай ВНУ і летась. На 5 бюджэтнікаў менш возьмуць на філялягічны факультэт, там будзе 70 месцаў. Больш студэнтаў плянуюць набраць на фізыка-матэматычны факультэт: 115 бюджэтнікаў і 10 платнікаў. Летась тут было 106 бюджэтных месцаў і ніводнага платнага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вывучыцца на юрыста-міжнародніка — 13 сярэдніх заробкаў. Глядзім, колькі ў Беларусі каштуе адукацыя

БДМУ

У мэдычным унівэрсытэце сёлета павялічыўся набор на бюджэт, там чакаюць амаль 800 студэнтаў. Гэта на 50 болей, чым у мінулым годзе. Шмат набяруць і мэтавікоў (тых, хто паступае празь ліст ад мясцовых уладаў) — 512 месцаў, або на 172 больш, чым у 2022 годзе. Платных месцаў у БДМУ толькі 170, што на 100 менш, чым было ў 2022 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Папрасіла прывезьці на вызваленьне бананы і хурму». Блізкія пра фігурантку «справы студэнтаў» Філатчанкаву, якая выйшла на волю

Акадэмія МУС

У Акадэмію МУС плянуюць набраць 450 чалавек. На факультэт міліцыі грамадзкай бясьпекі хочуць запрасіць 150 студэнтаў, 5 зь іх у інтарэсах Міністэрства абароны. Летась на гэты факультэт хацелі набраць на 5 чалавек меней, і быў недабор.

Па іншых спэцыяльнасьцях плян набору такі самы, як і летась. Аднак амаль на ўсе спэцыяльнасьці не плянуюць набіраць дзяўчат. Толькі на крымінальна-выканаўчы факультэт гатовыя ўзяць 10 студэнтак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Акадэмію МУС на самую масавую спэцыяльнасьць набралі толькі 38% абітурыентаў