Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Папрасіла прывезьці на вызваленьне бананы і хурму». Блізкія пра фігурантку «справы студэнтаў» Філатчанкаву, якая выйшла на волю


Вольга Філатчанкава. Архіўнае фота
Вольга Філатчанкава. Архіўнае фота

Блізкія вызваленай сёньня выкладчыцы Вольгі Філатчанкавай, якія знаходзяцца не ў Беларусі, расказалі пра ейныя першыя моманты на волі.

Выкладчыца БДУІР правяла за кратамі больш за 2 гады ў «справе студэнтаў» і сёньня ранкам выйшла на волю.

«Вольга яшчэ не разумее, што адбываецца, адчуваньні неймаверныя! Яна ўзяла тэлефон у родных. Кажа: „Няўжо я магу цяпер усім напісаць? Я памятаю, як набіраць тэкст на тэлефоне!“», — расказваюць ейныя блізкія.

Зь лістоў Вольгі апошнім часам было відаць, што ёй было цяжка дачакацца канца тэрміну. Пасьля вызваленьня Вольга хоча прайсьці мэдычнае абсьледаваньне.

«Праўда, лісты яна пісала досыць бадзёрыя, каб нікога не расстройваць», — удакладняюць яны.

Зь першых жаданьняў Вольгі пасьля турмы была садавіна.

«На сустрэчу яна прасіла прывезьці бананы і хурму», — расказваюць блізкія.

Доўгатэрміновых плянаў Вольга пакуль не прадумвае.

«Дадому, дадому, дадому! Абняць дзіця! Гэта пакуль усё», — тлумачаць родныя Філатчанкавай.

Выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава атрымала 2,5 года калёніі за студэнцкія пратэсты ў 2020 годзе. Яна адбывала тэрмін у гомельскай жаночай калёніі. Дома яе чакаюць двое дзяцей.

30 лістапада большасьць грамадзкіх актывістаў, выкладчыкаў і студэнтаў выйшлі на волю пасьля турэмных тэрмінаў у палітычна матываванай справе за пратэсты ва ўнівэрсытэцкім асяродзьдзі.

Пра выхад Аланы Гебрэмарыям, Вольгі Філатчанкавай і некалькіх студэнтаў паведаміла Свабодзе адна з арганізацый беларускіх студэнтаў у Чэхіі.

Блізкія Вольгі Філатчанкавай паведамілі Свабодзе, што выйшлі на волю ўсе дзяўчаты і Ільля Трахтэнберг.

Такім чынам на волі асуджаныя ў «справе студэнтаў»:

  • Марыя Каленік, студэнтка БДАМ;
  • Ксенія Сырамалот, студэнтка БДУ;
  • Кася Будзько, студэнтка БДПУ;
  • Глеб Фіцнэр, студэнт МДЛУ;
  • Ільля Трахтэнберг, студэнт БДУ;
  • Вікторыя Гранкоўская, студэнтка БНТУ;
  • Анастасія Булыбенка, студэнтка БНТУ;
  • Яна Арабейка, студэнтка БДПУ;
  • Вольга Філатчанкава, выкладчыца БДУІР;
  • Алана Гебрэмарыям, выпускніца БДМУ, сябра Каардынацыйнай рады, прадстаўніца Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў;

Пакуль застаецца невядомым, ці выйшаў на волю сёньня Ягор Канецкі, студэнт БДУ. Тацяна Якельчык, студэнтка мэхмату БДУ, выйдзе на волю праз два тыдні, паколькі яе арыштавалі пазьней за іншых.

Што вядома пра фігурантаў «студэнцкай справы»

Анастасія Булыбенка

Былая студэнтка машынабудаўнічага факультэту БНТУ. Затрымалі 12 лістапада 2020 году, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Вікторыя Гранкоўская

Былая студэнтка архітэктурнага факультэту БНТУ. Вікторыя страціла бацькоў у вельмі малым узросьце. Яе і старэйшага брата гадавала бабуля. Скончыла Горадзенскі каледж мастацтваў, працавала ў школе мастацтваў у Дзятлаве. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 24 гады.

Алана Гебрэмарыям

Выпускніца Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Як актывістка «Моладзевага блёку» брала ўдзел у выбарчай кампаніі 2019 году ў Палату прадстаўнікоў. Летась Алана стала сябрам Каардынацыйнай рады. Сьвятлана Ціханоўская прызначыла яе сваёй прадстаўніцай у справах моладзі. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 24 гады.

Глеб Фіцнер

Студэнт чацьвёртага курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Скончыў прэстыжную лінгвістычную гімназію-каледж № 24, цікавіцца эканомікай і фінансамі. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 22 гады.

Тацяна Якельчык

Студэнтка 2-га курсу мэхмату БДУ, займаецца паўэрліфтынгам і спартовымі танцамі. Затрымалі супрацоўнікі КДБ 27 лістапада летась.

Ягор Канецкі

Студэнт біялягічнага факультэту БДУ, сябра «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», актывіст «Вольнага прафсаюзу». Ягор — выпускнік хіміка-біялягічнага профілю Менскага дзяржаўнага абласнога ліцэю, актывіст Вольнага прафсаюзу БДУ. Быў затрыманы летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 21 год.

Яна Арабейка

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, актывістка, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 20 гадоў.

Ксенія Сырамалот

Студэнтка факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», валянтэрка праваабарончага цэнтру «Вясна». Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 21 год.

Кася Будзько

Студэнтка 3-га курсу факультэту эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Мастачка, ілюстратарка. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Ільля Трахтэнберг

Былы студэнт матэматычнага факультэту БДУ. Ільлю адлічылі з другога курсу летась у канцы кастрычніка, хоць ён атрымліваў павышаную стыпэндыю, і ўручылі позву ў ваенкамат. Прадзед Ільлі — знакаміты савецкі архітэктар Навум Трахтэнберг, паводле праекту якога была ўзноўленая цэнтральная частка Менску. Ільлю затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу ён пад вартай. 19 гадоў.

Марыя Каленік

Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вывучае экспазыцыйны дызайн. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 22 гады.

Вольга Філатчанкава

Выкладчыца БДУІР, удзельнічала ў страйку супрацоўнікаў унівэрсытэту і была адной з удзельніц відэазвароту да беларусаў супраць гвалту. На прэзыдэнцкіх выбарах 2020-га была незалежнай назіральніцай. Вользе 42 гады. Яна адна выхоўвае 7-гадовую дачку. Яе старэйшаму сыну 18 гадоў, ён студэнт. Яе затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу Вольга знаходзіцца пад вартай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG