На адным з памежных пастоў у Жытомірскай вобласьці на мяжы зь Беларусі пачалі трансьляваць відэазапіс аб злачынствах расейскіх вайскоўцаў у Бучы.
Як паведамілі ў Бучанскай гарадзкой радзе, гэты праект ініцыявалі і рэалізуюць украінскія памежнікі, якія дэманструюць беларускім памежнікам фатаздымкі і відэасьведчаньні ваенных злачынстваў расейскай арміі ў Бучанскім раёне, а таксама аб наступствах авіяўдараў, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.
З украінскай мяжы таксама трансьлююць і зварот прэыздэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, які заклікае беларусаў ня ўдзельнічаць у расейскай вайне на ўкраінскай тэрыторыі.
«Вайна білбордаў» на ўкраінска-беларускай мяжы ідзе ўжо некалькі месяцаў. Нашы памежнікі ўжо паставілі там пудзіла ў расейскай вайсковай форме, якога назвалі «Валерам», разьмясьцілі шчыт «Акупантам ня месца на ўкраінскай зямлі» і ўсталявалі бела-чырвона-белы сьцяг — гістарычны сьцяг Беларусі, які часта выкарыстоўвае апазыцыя», — паведамілі ў Бучанскай гарадзкой радзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія памежнікі паскардзіліся на пудзіла «Валеру» і іншыя «правакацыі» на ўкраінскай мяжы12 сакавіка беларускія памежнікі з заставы «Глушкавічы» у Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласьці заявілі пра рост колькасьці «правакацый» з боку ўкраінскіх калег.
«Павялічылася колькасьць правакацый. Пачалі засьвечваць лазэрным промнем відэакамэры. Адпаведна, усталяваньне фотапастак з мэтай фіксацыі памежнікаў Рэспублікі Беларусь. Практычна штодня чуваць стрэлы розныя», — заявіў у сюжэце дзяржаўнага тэлеканала АНТ намесьнік начальніка памежнай заставы «Глушкавічы» Ўладзіслаў Зянковіч.
У сюжэце АНТ журналіст кажа, што ўкраінскія памежнікі «паводзяць сябе абуральна»:
«Псаваньне інфраструктуры, агрэсіўныя жэсты, у тым ліку са зброяй, абразьлівыя надпісы на дарожных знаках, улёткі з заклікамі і аўдыёзапісы палітычнага характару, званкі з пагрозамі апэратыўным дзяжурным», — так ён апісвае дзеяньні ўкраінскіх памежнікаў, не ўдакладняючы зьмест улётак, аўдыёзапісаў і пагроз, пра якія гаворыцца ў сюжэце.
«Быў усталяваны макет павешанага вайскоўца ў форме расейскага войска, якога ўкраінскія памежнікі назвалі Валерам. Сказалі, што гэта вайсковец, забіты пад Кіевам. Гэта ўсё робіцца з мэтай нейкага запалохваньня і псыхалягічнага ціску на вайскоўцаў, якія ахоўваюць дзяржаўную мяжу нашай краіны», — кажа прадстаўнік Мазырскага памежнага атраду Сяргей Паўлаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія памежнікі абвінавацілі ўкраінскі бок у крадзяжы памежнага знаку12 сакавіка дзяржаўнае агенцтва навінаў БелТА паведаміла, што на беларускім баку ўкраінска-беларускай мяжы паставілі білборды са сьцягам ЗША і напісам па-ўкраінску «Ми допоможемо Україні знайти справжніх окупантів» (бел.: «Мы дапаможам Украіне знайсьці сапраўдных акупантаў»), а таксама білборд з надпісам «Беларусь памятае».
Паводле дзяржаўнага агенцтва БелТА, іх разьмясьцілі ў 5 пунктах пропуску, «у адказ на разьмяшчэньне білбордаў на ўкраінскім баку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежнікі Беларусі зноў абвінавацілі ўкраінскіх калег у правакацыях: на гэты раз у незаконным перасячэньні мяжы вайскоўцамКіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.