Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежнікі Беларусі зноў абвінавацілі ўкраінскіх калег у правакацыях: на гэты раз у незаконным перасячэньні мяжы вайскоўцам


Беларуска-ўкраінская мяжа, лістапад 2022
Беларуска-ўкраінская мяжа, лістапад 2022

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі ў чарговы раз абвінаваціў украінскіх вайскоўцаў у правакацыі на мяжы.

Ведамства апублікавала відэазапіс, зроблены, як сьцьвярджаецца, 19 лістапада каля 16:00 на чыгуначным пункце пропуску Славечна (з украінскага боку — Выступовічы), піша BPN.

«Відэакамэра зафіксавала рух на тэрыторыі Ўкраіны ўзброенага чалавека ў напрамку мяжы. Пасьля ён незаконна перасек мяжу, якая праходзіць па цэнтры чыгуначнага моста, і зайшоў на тэрыторыю Беларусі. Знаходзячыся на беларускай тэрыторыі, украінскі вайсковец ажыцьцяўляў фота- і відэаздымку мясцовасьці, а таксама шукаў ці ўсталёўваў нешта ў сьнезе».

Адзначаецца, што «па гэтым факце праводзяцца праверачныя мерапрыемствы».

У Дзяржаўным памежным камітэце заявілі, што «нізкая дысцыпліна тэрытарыяльнай абароны ўкраінскіх сіл і іншых ваенізаваных фармаваньняў, што знаходзяцца паблізу мяжы» стварае «правакацыйныя сытуацыі на мяжы», якія могуць прывесьці да ўзброенага сутыкненьня.

4 лістапада беларускае ведамства апублікавала відэазапіс з бронетранспартэрам і людзьмі ў вайсковай форме, зроблены, як сьцьвярджаецца, 29 кастрычніка ў пункце пропуску Глушкевічы (з украінскага боку — Майдан Капішчанскі). Баявая машына ўсутыч наблізілася да беларускай мяжы, а празь 10 хвілін разьвярнулася і зьехала «назад углыб украінскай тэрыторыі».

Для «рэагаваньня на гэтую правакацыю» беларускія памежнікі нібыта «занялі агнявыя пазыцыі для адбіцьця магчымай агрэсіі і зьнішчэньня баявой тэхнікі і жывой сілы ў выпадку парушэньня граніцы».

Раней старшыня Дзяржпагранкамітэту Анатоль Лапо выказваў занепакоенасьць у сувязі з сытуацыяй на межах Беларусі з Польшчай і Ўкраінай. Украінскія ўлады ўвялі супраць Лапо пэрсанальныя санкцыі.

Ва Ўкраіне асьцерагаюцца новага наступу расейскіх войскаў праз тэрыторыю Беларусі, а таму ўмацоўваюць мяжу. Акрамя таго, штодня мігранты з азіяцкіх і афрыканскіх краін спрабуюць перасекчы беларускую мяжу з краінамі Эўразьвязу. У гэтым, як паведамляюць латыскія, польскія і літоўскія памежнікі, ім актыўна дапамагаюць беларускія вайскоўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG