Раней у аўторак Трамп быў узяты пад варту ў офісе акруговага пракурора Мангэтана. Неўзабаве пасьля гэтага палітыка, які днём раней добраахвотна прыбыў у Нью-Ёрк, даставілі ў залю суду для прад’яўленьня абвінавачаньняў.
Адзначалася, што ўзяцьце пад варту — гэта фармальная працэдура, і пасьля паседжаньня Трампа адпусьцяць да наступных судовых слуханьняў.
Пасьля выстаўленьня абвінавачаньняў Трамп пакінуў залю суда. Пакінуўшы будынак, ён сеў у свой картэж, прыпаркаваны на вуліцы. Трамп не зрабіў ніякіх заяваў. Арышт з былога прэзыдэнта быў зьняты.
Дональд Трамп — першы ў гісторыі ЗША былы прэзыдэнт, якому афіцыйна прадʼяўляюць абвінавачваньне ва ўчыненьні злачынстваў. Разгляд зьвязаны з выплатай 130 тысяч даляраў порнаактрысе Стормі Дэніэлс за маўчаньне пра меркаваную сэксуальную сувязь з Трампам. Адзначалася, што грошы былі перададзеныя ў 2016 годзе — незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў. Пракуратура Мангэтана лічыць, што экс-прэзыдэнт парушыў выбарчае заканадаўства, скарыстаўшы грошы выбарчага фонду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дональда Трампа фармальна ўзялі пад варту перад паседжаньнем судуПалітык раней называў справу супраць яго палітычна матываванай. Яго апанэнты гэта адмаўляюць.
Белы дом адмовіўся абмяркоўваць меры бясьпекі, але сказаў, што ўрад «заўсёды гатовы» да таго, што можа адбыцца, калі выбухнуць пратэсты ў падтрымку або супраць Трампа і пракурора акруговага суда Элвіна Брэга, абвінаваўцы па гэтай справе, адзначае «Голас Амэрыкі».
Трамп ізноў вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта на выбарах у 2024 годзе. Крымінальны перасьлед гэтаму не замінае.