У Беларусі ў рамках «праверкі боегатоўнасьці» ў ваенкаматы пачалі прыбываць вайсковаабавязаныя

Вучэньні ў Беларусі, травень 2022

Мінабароны паведамлдяе, што вайсковаабавязаныя будуць аднаўляць навыкі абыходжаньня з узбраеньнем і тэхнікай, пройдуць баявое зладжваньне, возьмуць удзел у брыгадным тактычным вучэньні.

У ваенкаматы Беларусі пачалі прыбываць вайсковаабавязаныя ў рамках праверкі боегатоўнасьці, паведамляе тэлеграм-канал Міністэрства абароны. Іх разьмяркоўваюць па падразьдзяленьнях згодна з вайскова-ўліковымі спэцыяльнасьцямі.

Галоўнай мэтай праверкі Мінабароны называе вызначэньне здольнасьці падразьдзяленьняў выконваць задачы па прызначэньні ва ўмовах хутказьменлівай абстаноўкі. Войскі будуць пераадольваць водныя перашкоды, адпрацоўваць вучэбна-баявыя задачы днём і ноччу на палігонах, участках мясцовасьці і ў населеных пунктах. Пільная ўвага будзе аддадзена стану тэхнікі і ўзбраеньня, а таксама рабоце забясьпечвальных сыстэм.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія вайскоўцы накіраваліся ў Расею вучыцца карыстаньню «Іскандэрамі» зь ядзернымі боепрыпасамі

На тэрыторыі Слоніма і Слонімскага раёну ў поўную баявую гатоўнасьць прыведзена асобная гвардзейская мэханізаваная брыгада. Яна будзе даўкамплектавана вайсковаабавязанымі. Брыгада выканае марш у раёны выкананьня задач, на палігоны для правядзеньня баявога зладжваньня, а потым правядзе тактычнае вучэньне пад кіраўніцтвам камандуючага войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне адрэагавалі на правядзеньне ў Беларусі праверкі баявой гатоўнасьці войска

Міністэрства абароны Беларусі 3 красавіка паведаміла аб пачатку праверкі баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл краіны. Праверка адбываецца пасьля даручэньня Аляксандра Лукашэнкі.

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што праверка боегатоўнасьці мае плянавы характар, але будзе ісьці доўга, на розных палігонах і ў розных мясцовасьцях.

Апошняя праверка баявой здольнасьці Ўзброеных сіл Беларусі праводзілася летась. Яна была абвешчана раптоўна і доўжылася з 13 да 19 сьнежня 2022 году.

З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў. Ад пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, колькасьць вайсковых вучэньняў на беларускай тэрыторыі значна павялічылася.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адстойваем бясьпеку саюзнай дзяржавы». Шайгу пракамэнтаваў навучаньне беларускіх падразьдзелаў на комплексах «Іскандэр»