Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адстойваем бясьпеку саюзнай дзяржавы». Шайгу пракамэнтаваў навучаньне беларускіх падразьдзелаў на комплексах «Іскандэр»


Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу, 20 жніўня 2022 году. Архіўнае фота
Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу, 20 жніўня 2022 году. Архіўнае фота

Міністар абароны Расеі паведаміў, што частка беларускіх самалётаў штурмавой авіяцыі атрымалі «магчымасьць наносіць удары па аб’ектах праціўніка сродкамі паражэньня ў ядзерным аснашчэньні».

Сяргей Шайгу заявіў, што навучаньне беларускіх разьлікаў апэратыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр-М», як і сама перадача комплексу Беларусі, адбываецца ў межах «адстойваньня бясьпекі саюзнай дзяржавы» і зьяўляецца адказам Расеі на «антырасейскі курс» NATO.

«NATO праводзіць комплекс захадаў у павелічэньні баявой гатоўнасьці Аб’яднаных узброеных сіл, актывізуе навучальна-баявую і выведную дзейнасьць паблізу межаў Расеі і Беларусі. Найбліжэйшым часам сябрам Альянсу стане Фінляндыя. Вядома ж, усё гэта стварае рызыкі істотнага расшырэньня канфлікту, але на вынік спэцыяльнай апэрацыі не паўплывае. У гэтых умовах мы робім захады ў адказ, адстойваем бясьпеку саюзнай дзяржавы», — заявіў Сяргей Шайгу на сэлектарнай нарадзе з кіроўным складам Узброеных сіл Расеі.

Міністар абароны Расеі таксама паведаміў, што частка беларускіх самалётаў штурмавой авіяцыі атрымалі «магчымасьць наносіць удары па аб’ектах праціўніка сродкамі паражэньня ў ядзерным аснашчэньні».

«Апроч таго, Узброеным сілам Беларусі перададзены апэратыўна-тактычны комплекс „Іскандэр-М“. Ён можа выкарыстоўваць як звычайныя, так і ядзерныя ракеты. З 3 красавіка на адным з расейскіх палігонаў пачалі вучыць беларускія разьлікі яго выкарыстаньню для абароны саюзнай дзяржавы», — заявіў Сяргей Шайгу.

Расейскі міністар абароны падкрэсьліў, што Ўзброеныя сілы Расеі «прадоўжаць выконваць задачы спэцыяльнай апэрацыі» ва Ўкраіне.

Міністэрства абароны Беларусі 4 красавіка паведаміла аб накіраваньні ў Расею для падрыхтоўкі падразьдзелаў апэратыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр-М» ракетных войскаў Узброеных сіл Беларусі.

Паведамляецца, што беларускія вайскоўцы пройдуць поўны цыкль навучаньня на адным з расейскіх вайсковых палігонаў, у тым ліку дэтальна вывучаць пытаньні ўтрыманьня і прымяненьня тактычных ядзерных боепрыпасаў комплексу «Іскандэр-М».

Уладзімір Пуцін 25 сакавіка заявіў пра тое, што 1 ліпеня ў Беларусі скончаць будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.

Лукашэнка абгрунтоўваў разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі патрэбай захаваньня сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны. Ён таксама зазначыў, што аддаў распараджэньне вайскоўцам неадкладна аднавіць пляцоўкі, на якіх былі разьмешчаныя ядзерныя боегалоўкі.

Ад расейскага боку ніякай інфармацыі пра тое, што тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі будуць кантраляваць беларускія вайскоўцы, не паступала. Разам з тым некаторыя апытаныя Свабодай вайсковыя экспэрты падазраюць, што перакіданьне такой зброі стане этапам стварэньня паўнавартаснай вайсковай базы РФ у краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG