Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія вайскоўцы накіраваліся ў Расею вучыцца карыстаньню «Іскандэрамі» зь ядзернымі боепрыпасамі


Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр-М». Расея, травень 2015. Архіўнае фота
Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр-М». Расея, травень 2015. Архіўнае фота

Паведамляецца, што беларускія вайскоўцы пройдуць поўны цыкль навучаньня на адным з расейскіх вайсковых палігонаў.

Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб накіраваньні ў Расею для падрыхтоўкі падразьдзелаў апэратыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр-М» ракетных войскаў Узброеных сіл Беларусі.

Паведамляецца, што беларускія вайскоўцы пройдуць поўны цыкль навучаньня на адным з расейскіх вайсковых палігонаў.

«Асноўнымі пытаньнямі для вывучэньня стануць далейшае ўдасканаленьне практычных навыкаў у падрыхтоўцы ракетнага комплексу да прымяненьня, трэнінгі ў яго разгортваньні, а таксама правядзеньне вучэбна-баявых пускаў.

Апроч таго, асабовы склад разьлікаў дэтальна вывучыць пытаньні ўтрыманьня і прымяненьня тактычных ядзерных боепрыпасаў комплексу „Іскандэр-М“», — адзначаецца ў паведамленьні Мінабароны Беларусі.

Уладзімір Пуцін 25 сакавіка заявіў пра тое, што 1 ліпеня ў Беларусі скончаць будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.

Лукашэнка абгрунтоўваў разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі патрэбай захаваньня сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны. Ён таксама зазначыў, што аддаў распараджэньне вайскоўцам неадкладна аднавіць пляцоўкі, на якіх былі разьмешчаныя ядзерныя боегалоўкі.

Ад расейскага боку ніякай інфармацыі пра тое, што тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі будуць кантраляваць беларускія вайскоўцы, не паступала. Разам з тым некаторыя апытаныя Свабодай вайсковыя экспэрты падазраюць, што перакіданьне такой зброі стане этапам стварэньня паўнавартаснай вайсковай базы РФ у краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG