Вярхоўны камісар Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў, што рашэньне Расеі разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі вядзе да далейшай эскаляцыі напружаньня і зьяўляецца прамой пагрозай для ўсёй сыстэмы эўрапейскай бясьпекі.
«Больш як год таму Пуцін пачаў руйнаваць Украіну, і, падобна, далей мае намер працягваць жорсткае кровапраліцьце і зьнішчэньне. Ён ідзе на далейшую эскаляцыю, нягледзячы на тое, што ня можа нічога дасягнуць. Яго апошнія ядзерныя стаўкі па перамяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусь азначаюць новую эскаляцыю, якая выклікае непасрэдную пагрозу для эўрапейскай бясьпекі», — заявіў Жузэп Бурэль у Брусэлі па выніках сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам.
Як перадае ўкраінскае інфармацыйнае агенцтва Укрінформ, Бурэль назваў «іранічнай» сытуацыю, калі Крэмль ухваліў такое рашэньне празь некалькі дзён пасьля візыту ў Маскву лідэра Кітаю Сі Цзіньпіна, пасьля сустрэчы, на якой бакі заклікалі не разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі ядзерных дзяржаў.
«Мы абмеркавалі з сакратаром Блінкенам ролю Кітаю ў падтрымцы грубага парушэньня Расеяй Хартыі ААН. Ёсьць дакладнае ўсьведамленьне, што сталы сябра Рады Бясьпекі ААН мусіць абараняць міжнародны парадак. Кітай мае маральны абавязак рабіць свой унёсак у дасягненьне справядлівага міру, ён ня можа станавіцца на бок агрэсара або падтрымліваць яго вайсковым шляхам», — падкрэсьліў Жузэп Бурэль.
Прадстаўнік Эўразьвязу паведаміў, што 4 красавіка ў Кітай накіруюцца прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон і прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен, а сам ён плянуе наведаць Кітай на наступным тыдні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адстойваем бясьпеку саюзнай дзяржавы». Шайгу пракамэнтаваў навучаньне беларускіх падразьдзелаў на комплексах «Іскандэр»Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу 4 красавіка заявіў, што частка беларускіх самалётаў штурмавой авіяцыі атрымалі «магчымасьць наносіць удары па аб’ектах праціўніка сродкамі паражэньня ў ядзерным аснашчэньні», а Ўзброеныя сілы Беларусі атрымалі апэратыўна-тактычны комплекс «Іскандэр-М», які можа выкарыстоўваць як звычайныя, так і ядзерныя ракеты.
Паводле яго, навучаньне беларускіх разьлікаў апэратыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр-М», як і сама перадача комплексу Беларусі, адбываецца ў межах «адстойваньня бясьпекі саюзнай дзяржавы» і зьяўляецца адказам Расеі на «антырасейскі курс» NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія вайскоўцы накіраваліся ў Расею вучыцца карыстаньню «Іскандэрамі» зь ядзернымі боепрыпасаміМіністэрства абароны Беларусі 4 красавіка паведаміла аб накіраваньні ў Расею для падрыхтоўкі падразьдзелаў апэратыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр-М» ракетных войскаў Узброеных сіл Беларусі.
Паведамляецца, што беларускія вайскоўцы пройдуць поўны цыкль навучаньня на адным з расейскіх вайсковых палігонаў, у тым ліку дэтальна вывучаць пытаньні ўтрыманьні і прымяненьня тактычных ядзерных боепрыпасаў комплексу «Іскандэр-М».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі распрацуюць новую ваенную дактрыну. Апублікаваны новы праект Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекіУладзімір Пуцін 25 сакавіка заявіў пра тое, што 1 ліпеня ў Беларусі скончаць будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.
Лукашэнка абгрунтоўваў разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі патрэбай захаваньня сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны. Ён таксама зазначыў, што аддаў распараджэньне вайскоўцам неадкладна аднавіць пляцоўкі, на якіх былі разьмешчаныя ядзерныя боегалоўкі.
Ад расейскага боку ніякай інфармацыі пра тое, што тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі будуць кантраляваць беларускія вайскоўцы, не паступала. Разам з тым некаторыя апытаныя Свабодай вайсковыя экспэрты падазраюць, што перакіданьне такой зброі стане этапам стварэньня паўнавартаснай вайсковай базы РФ у краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча гатовая адыгрываць большую ролю ў NATO адносна ядзернага стрымліваньня, але ня будзе разьмяшчаць у сябе ядзерную зброюПляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае
25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».
Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».
Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.
Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.
Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:
«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.
Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.
16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».
Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».
9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.
13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.
19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.
Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.