Сьвятары і вернікі Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) раніцай 31 сакавіка не дапусьцілі на тэрыторыю Кіева-Пячорскай лаўры дзяржаўную працоўную камісію, якая праводзіць інвэнтарызацыю рэлігійных каштоўнасьцяў у сувязі з разрывам дамовы аб бясплатным выкарыстаньні аб'ектаў Кіева-Пячорскай лаўры.
Увечары 30 сакавіка ўрад Украіны скасаваў пастанову, ухваленую ў час прэзыдэнцтва Віктара Януковіча, якая перадавала Кіева-Пячорскую лаўру Украінскай праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату ў бестэрміновую арэнду і бясплатнае карыстаньне, а адзін з судоў Кіева прызнаў законным разрыў адпаведнай дамовы. Але ў юрыдычным аддзеле УПЦ МП заявілі, што будуць абскарджваць гэтае рашэньне.
Згодна з рашэньнямі ўкраінскіх уладаў, УПЦ МП мусіла да 29 сакавіка выехаць з Кіева-Пячорскай лаўры, аднак сьвятары працягваюць адпраўляюць службы ў храмах лаўры.
Вернікі царквы і яе сьвятары вельмі агрэсіўна ставяцца да ўкраінскіх журналістаў, якія асьвятляюць падзеі з Кіева-Пячорскай лаўры. Яны патрабуюць не ўжываць у дачыненьні да іх удакладненьне «Маскоўскі патрыярхат» і пераконваюць, што гэта патрыятычная Ўкраінская праваслаўная царква.
Мітрапаліт Павел, настаяцель Кіева-Пячорскай лаўры ад УПЦ МП, пагражаў прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму і ягонай сям’і «нябеснай карай», а журналістам — пабіць іхныя камэры палкай.
Нацыянальны саюз журналістаў Украіны заклікаў праваахоўныя органы адрэагаваць на парушэньні правоў журналістаў і перашкоды ў выкананьні прафэсійных абавязкаў.
Пазьней паліцыя Кіева паведаміла, што завяла крымінальную справу па факце пашкоджаньня адным зь сьвятароў УПЦ МП журналісцкай тэхнікі.
Намесьнік настаяцеля Кіева-Пячорскай лаўры архімандрыт Аўрамій заявіў аб пераходзе ва аўтакефальную Праваслаўную царкву Ўкраіны і заклікаў манахаў, якія навучаюцца ў сэмінарыі і нясуць службу ў Кіева-Пячорскай лаўры, перайсьці разам зь ім у Праваслаўную царкву Ўкраіны. Яго часова прызначылі кіраўніком Кіева-Пячорскага манастыра Праваслаўнай царквы Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятары УПЦ Маскоўскага патрыярхату пайшлі пратэставаць да Офісу прэзыдэнта Ўкраіны13 сакавіка стала вядома, што Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны паведаміла УПЦ МП пра разрыў з 29 сакавіка дамовы аб бясплатным выкарыстаньні Кіева-Пячорскай лаўры.
2 сьнежня 2022 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзеньні ў дзеяньне рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, якім прадугледжана забарона дзейнасьці ва Ўкраіне рэлігійных арганізацый, афіліяваных з цэнтрамі ўплыву ў Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік настаяцеля Кіева-Пячорскай лаўры перайшоў ва аўтакефальную ПЦУАдзіная рэлігійная арганізацыя, якая мае сувязь з Расейскай праваслаўнай царквой, — гэта Ўкраінская праваслаўная царква, якую ачольвае мітрапаліт Ануфрый. Летась у траўні на зборах Сыноду гэтай царквы з статуту прыбралі згадку аб Маскоўскім патрыярхаце. Але ў грамадзтве яе па-ранейшаму называюць Украінскай праваслаўнай царквой Маскоўскага патрыярхату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: УПЦ Маскоўскага патрыярхату працягвае службы ў храмах Кіева-Пячорскай лаўры і не зьбіраецца яе пакідаць