Намесьнік настаяцеля Кіева-Пячорскай лаўры перайшоў ва аўтакефальную ПЦУ

Архімандрыт Аўрамій 29 сакавіка 2023 году перайшоў з царквы Маскоўскага патрыярхату ў аўтакефальную Праваслаўную царкву Ўкраіны

Архімандрыт Аўрамій заклікаў манахаў, якія навучаюцца ў сэмінарыі і нясуць службу ў Кіева-Пячорскай лаўры, перайсьці разам зь ім у Праваслаўную царкву Ўкраіны.

Намесьнік настаяцеля Кіева-Пячорскай лаўры архімандрыт Аўрамій заявіў аб пераходзе ў Праваслаўную царкву Ўкраіны на тле канфлікту Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) з украінскімі ўладамі, выкліканага разрывам дамовы аб бясплатным выкарыстаньні аднаго з найбольшых ва Ўкраіне рэлігійнага і гістарычнага помніка.

Архімандрыт Аўрамій заклікаў манахаў, якія навучаюцца ў сэмінарыі і нясуць службу ў Кіева-Пячорскай лаўры, перайсьці разам зь ім у Праваслаўную царкву Ўкраіны, якая ў 2019 годзе атрымала аўтакефальны статус ад Канстантынопальскага патрыярхату.

УПЦ МП адразу пасьля ягонай заявы забараніла яму служэньне ў чыне.

З другога боку, Праваслаўная царква Ўкраіны прызначыла архімандрыта Аўрамія часовым настаяцелем свайго манастыра ў Кіева-Пячорскай лаўры і зьвярнулася да ўладаў з просьбай выдзеліць памяшканьні ў лаўры для правядзеньня служэньняў. Да гэтага часу Кіева-Пячорскі манастыр Праваслаўнай царквы Ўкраіны існаваў толькі юрыдычна, а не фактычна.

Настаяцель лаўры ад УПЦ Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Павел пакінуў яе 29 сакавіка з усёй сваёй маёмасьцю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: УПЦ Маскоўскага патрыярхату працягвае службы ў храмах Кіева-Пячорскай лаўры і не зьбіраецца яе пакідаць

Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату выкарыстоўвала Кіева-Пячорскую лаўру на правах бестэрміновай арэнды. Раней такія дамовы падпісваліся на пэўны тэрмін, але ў час прэзыдэнцтва Віктара Януковіча зьмянілі нарматыўную базу, якая дазволіла падпісваць дамовы арэнды храмаў на неабмежаваны тэрмін.

Усе гістарычныя лаўры Ўкраіны, у тым ліку Кіева-Пячорская, знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці.​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Ўкраіны пасьля пратэсту УПЦ Маскоўскага патрыярхату каля Офісу прэзыдэнта закрылі доступ да некалькіх аб’ектаў Кіева-Пячорскай лаўры

13 сакавіка стала вядома, што Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны паведаміла УПЦ МП пра разрыў з 29 сакавіка дамовы аб бясплатным выкарыстаньні Кіева-Пячорскай лаўры.

2 сьнежня 2022 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзеньні ў дзеяньне рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, якім прадугледжана забарона дзейнасьці ва Ўкраіне рэлігійных арганізацый, афіліяваных з цэнтрамі ўплыву ў Расеі.

Адзіная рэлігійная арганізацыя, якая мае сувязь з Расейскай праваслаўнай царквой, — гэта Ўкраінская праваслаўная царква, якую ачольвае мітрапаліт Ануфрый. Летась у траўні на зборах Сыноду гэтай царквы з статуту прыбралі згадку аб Маскоўскім патрыярхаце. Але ў грамадзтве яе па-ранейшаму называюць Украінскай праваслаўнай царквой Маскоўскага патрыярхату.​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ сьцьвярджае, што знайшла склады расейскіх вайскоўцаў у храме Ўкраінскай праваслаўнай царквы