Паводле справаздачы, на тэрыторыі царквы Сьвятога праведнага Іаана Кранштацкага ў Херсонскай вобласьці знайшлі былыя склады з маёмасьцю «акупацыйных груповак Расеі», уладкаваныя пры спрыяньні настаяцеля царквы протаярэя Анатоля Корнева. Сьвятар наладзіў кантакт з кіраўніцтвам акупацыйнай адміністрацыі і быў на прамой сувязі з прадстаўнікамі ФСБ, заявілі ў СБУ.
Спэцслужба таксама інфармуе, што падчас ператрусаў яе супрацоўнікі знайшлі «пракрамлёўскую літаратуру, агітацыйныя ўлёткі забароненых ва Ўкраіне палітычных партый і расейскую сымболіку».
Усе выяўленыя доказы, як адзначылі ў СБУ, накіраваныя на экспэртызу.
Увосень украінскія праваахоўныя органы пачалі праводзіць па ўсёй краіне ператрусы на аб’ектах УПЦ, якая заявіла пра незалежнасьць, але фармальна застаецца ў структуры Рускай праваслаўнай царквы. Паведамлялася, што падчас сьледчых мерапрыемстваў, у тым ліку ў храмах Кіева-Пячорскай лаўры, знайшлі «вялікую колькасьць антыўкраінскіх матэрыялаў», а таксама дакумэнты, якія пацьвярджаюць наяўнасьць расейскага грамадзянства ў кіраўніцтва епархіяльных структураў.
У самой УПЦ заклікалі «не распальваць унутраную вайну», а абвінавачаньні ў калябарацыянізьме на адрас шэрагу сьвятароў назвалі «недаказанымі і беспадстаўнымі».