Адны — у турмах, ізалятарах і пад сьледзтвам, другія пасьпелі ўцячы за мяжу. І як у такіх умовах праводзіць чарговую (і, відавочна, не апошнюю) «жэстачайшую зачыстку»? Адкуль набіраць сур’ёзныя (вышэйшыя, чым у канкурэнтаў) лічбы выкрытых і арыштаваных ворагаў, «схаваных ячэек», «засланых дывэрсантаў» і іншых «экстрэмістаў»? Калі яўныя ворагі скончыліся, выйсьце адно — выкрываць ворагаў тайных. Тых, якія да пары хаваліся «пад плінтусам» і нават, магчыма, рабілі выгляд, што падтрымліваюць рэжым і служаць яму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карбалевіч: Лукашэнка марыў пра ядзерную зброю, але вайна ўсё памянялаПлата за прывілеі
Сілавікі пры Лукашэнку заўсёды былі прывілеяванай кастай. А пасьля 2020 году для іх увогуле надышоў зорны час. Узнагародай за задушэньне пратэстаў стаў для людзей у мундзірах сапраўдны залаты дождж — ордэны, пагоны, дадатковае фінансаваньне, стварэньне новых структураў... Пры тым, што эканоміка Беларусі ў стагнацыі, даходы бюджэту падаюць, насельніцтва скарачаецца, вайскова-паліцэйскі апарат стаў у дзяржаве гэткай асобнай адгароджанай выспай, на якой пануюць дабрабыт, дастатак і прывілеяванае становішча. Для іх рэжым не шкадуе ніякіх грошай.
Праблема, аднак, у тым, што гэты свой прывілеяваны статус даводзіцца час ад часу апраўдваць і абгрунтоўваць. Раней такую ролю выдатна выконвалі відэакарцінкі жорсткіх разгонаў мірных дэманстрацый 2020 года. Аднак цяпер, праз тры гады, архіўнымі здымкамі ўжо не адсправаздачысься. Патрэбны новыя выкрытыя змовы, папярэджаныя замахі, злоўленыя дывэрсанты і разгромленыя «сьпячыя ячэйкі экстрэмістаў». І ўсё гэта, як ні дзіўна, пры адпаведных высілках і арганізатарскіх здольнасьцях можна выявіць (ну ці зрабіць выгляд, што выявілі).
Вось як расказваў днямі дзяржаўным прапагандыстам пра дасягненьні сваіх падначаленых намесьнік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў, адзін з галоўных выканаўцаў палітычных рэпрэсіяў у краіне:
«У нас працуюць усе спэцпадразьдзяленьні штодня. „Рысь“ трэніруецца і па адрасах затрымлівае... зараз „Беркут“ працуе ў памежжы, каб ніводная мыш там не прасьлізнула, калі тут на хвост камусьці наступім; САХР увесь час працуе. Таму сілавікі атрымалі задачу і ўнутраныя войскі ў рамках спэцапэрацыі, якую праводзіць МУС для правядзеньня зачысткі і навядзеньня парадку. Мы гэта робім. А іхныя ячэйкі засталіся...».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арышты і ператрусы 8 ліпеня: затрыманьні ў Глыбокім, Гомлі, Докшыцах, Воршы і Сьветлагорску17 сакавіка ГУБАЗіК паведамляў пра тое, што праводзіць апошнім часам па 20 ператрусаў штодня. Арышты, затрыманьні, ператрусы за апошнія два тыдні адбыліся ў Берасьці, Віцебску, Воршы, Гомлі, Івацэвічах, Мазыры, Менску, Мёрах, Наваполацку, Пінску, Полацку і іншых гарадах. З 15 сакавіка праз палітычныя абвінавачаньні ў рэгіёнах асудзілі ня менш за 166 чалавек (гэта без уліку Менску).
Суперніцтва паміж сілавікамі і раней было звыклай зьявай. А ўжо цяпер, калі іх шэрагі прыкметна вырасьлі, а барацьба за ўплыў, фінансаваньне і «кармавую базу» абвастрылася, тым больш. Лукашэнка падчас апошняй (сакавіцкай) нарады зь імі нават зьдзівіўся:
«Я заўважыў трэнд — кожнае ведамства спрабуе выставіць сябе ў найлепшым сьвятле».
Хоць зьдзіўляцца тут няма чаму: чым больш генэралаў, тым вастрэйшая паміж імі канкурэнцыя. А як інакш прадэманстраваць сваю незаменнасьць і эфэктыўнасьць, калі ня новымі арыштамі і выкрыцьцём ворагаў? Адпаведна, узьнікае спаборніцтва: хто найбольш выкрые, арыштуе, пасадзіць.
Зразумела, магчыма і іншым спосабам прадэманстраваць свае здольнасьці. Той жа Карпянкоў, напрыклад, хваліўся нядаўна, што ягонае ведамства за лічаныя тыдні набудзе каля тысячы дронаў, з дапамогай якіх удзельнікаў масавага пратэсту «ідэнтыфікуем, выявім і, калі трэба будзе, затрымаем з пэўным сюрпрызам». (Пад сюрпрызам, відавочна, маецца на ўвазе выкарыстаньне з дапамогай тых жа бесьпілётнікаў газавых і сьвятлашумавых гранат).
Жэст эфэктны, вось толькі як яго ў сёньняшняй Беларусі прадэманстраваць Лукашэнку? Хіба што самім сілком людзей на якую дэманстрацыю выгнаць, каб потым усіх арыштаваць ды аддубасіць з дапамогай гэтых невядома для чаго купленых за вялізныя грошы бесьпілётнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі спыніцца лукашэнкаўскі тэрор? Рэпрэсіі сталі спосабам існаваньня рэжымуАсуджаным на сьмерць адсякалі галовы сякерай
Суперніцтва паміж сілавікамі — хто самы спрытны ў выкрыцьці ворагаў народа — звыклая зьява ў любым таталітарным рэжыме. У гады сталінскіх рэпрэсій рэгіянальныя ўправы НКВД навыперадкі выяўлялі шпіёнаў і дывэрсантаў. Даводзіліся пляны і разнарадкі, якія многія перавыконвалі. Каб атрымаць ордэн, падвышэньне па службе ці чарговае званьне, лічылася пажаданым і нават неабходным прасіць падвышэньня лімітаў на расстрэлы і лягеры. Вось, напрыклад, кіраўнік Кіраўскай вобласьці Міхаіл Родзін улетку 1937 года зьвярнуўся ў Крэмль з просьбай павялічыць для вобласьці ліміт «па першай катэгорыі» (расстрэл) на 300 чалавек, па другой (лягер ці турма на 8-10 гадоў) — на 800. Сталін праявіў шчодрасьць: дазволіў падвысіць колькасьць расстрэлаў не на 300, а на 500 чалавек. Праўда, лічбу тых, каго належала накіраваць у лягер, зьменшыў — на 200. Што адметна, агульную лічбу тых, каго належала рэпрэсаваць, пакінуў бяз зьменаў.
На месцах многія функцыянэры НКВД праяўлялі ў дачыненьні да працы з «ворагамі народу» творчы (як сказалі б цяпер, крэатыўны) падыход. Напрыклад, у Волагдзе асуджаных на сьмяротнае пакараньне не расстрэльвалі, а адсякалі ім галовы сякерай — са згоды начальніка мясцовага НКВД маёра Жупахіна (можа, ня так і жорстка, калі параўноўваць з кувалдай «Вагнэра»?). Відавочна, Жупахін разьлічваў на дадатковую прэмію за эканомію рэвальвэрных патронаў. Ашчаджалі боепрыпасы і ў Куйбышаве: у Куйбышаўскім УНКВД з амаль дзьвюх тысяч пакараных сьмерцю ў 1937–1938 гадах каля 600 чалавек задушылі вяроўкамі. У турме НКВД у Новасібірску чэкісты спаборнічалі адзін з другім, хто заб’е «ворага народу» адным ударам бота ў пахвіну. У Барнауле асуджаных на сьмерць забівалі ламамі. А на Алтаі і ў Новасібірскай вобласьці маладых жанчын перад расстрэлам энкавэдысты гвалцілі...
Ступень зьверства ў лукашэнкаўскіх засьценках да ўзроўню сталінскага НКВД яшчэ не дацягвае, але трэнд той жа... Тое, што апісвалі ў 2020-м вязьні Акрэсьціна, пра што цяпер даходзяць ад палітвязьняў урыўкамі зьвесткі зь СІЗА і турмаў, сьведчыць пра глыбокае творчае асэнсаваньне супрацоўнікамі сёньняшняга беларускага МУС досьведу ідэйных папярэднікаў, зь якіх яны яўна бяруць прыклад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Залежныя і прыніжаныя. Расейская кувалда для беларускай намэнклятурыГУЛАГ не адразу будаваўся. Тактыка «эканоміі рэпрэсій»
Знаўцы ўнутраных законаў, паводле якіх умацоўваюцца і занепадаюць дыктатуры, сьцьвярджаюць: найбольш устойлівыя тыраніі — тыя, дзе дыктатар прытрымліваецца тактыкі «эканоміі рэпрэсій». Гэта значыць, дзе рэпрэсіі разгортваюцца і пашыраюцца паступова, дзе імі не адразу злоўжываюць. Градус рэпрэсій, каб трымаць грамадзтва ў страху і поўным падпарадкаваньні, павінен не спадаць, а ўзрастаць паступова: тады рэжым больш даўгавечны. Так адбывалася ў сталінскім Савецкім Саюзе. ГУЛАГ не адразу будаваўся, выяўленьне «ворагаў народу» не адразу было пастаўлена на паток. Тыя кулакі, контрарэвалюцыянэры і антысаветчыкі, якіх выяўлялі і арыштоўвалі, напрыклад, у канцы 20-х і на пачатку 30-х гадоў, найчасьцей сапраўды мелі ў сваіх біяграфіях антысавецкія эпізоды і атрымлівалі параўнальна мяккія прысуды (часта — толькі ссылку на некалькі гадоў на вольнае пасяленьне куды-небудзь у Паволжа ці на Ўрал).
У канцы 1930-х практычна ўсіх гэтых людзей арыштоўвалі паўторна, і найчасьцей расстрэльвалі. Машына рэпрэсій набірала хаду, апарат НКВД пашыраўся і патрабаваў дзеля апраўданьня ўласнага існаваньня ўсё больш ахвяраў. За ворагамі сапраўднымі прыйшла чарга ворагаў уяўных. Спачатку тых, хто мог быць тайным, прыхаваным праціўнікам камуністычнага рэжыму; потым, калі перасаджалі і перастралялі ўсіх падазроных, узяліся за ўласныя шэрагі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лібэральных балбатуноў у лягеры, здраднікаў — да сьценкі». Пра калектыўную адказнасьць «бэчэбэшнікаў», як яе разумее ЛукашэнкаПачаўся вялікі тэрор, пад каток якога траплялі ўсе: і непісьменны калгасьнік, і маршал-ардэнаносец, і адданы камуніст, і сталінскі шматгадовы паплечнік. Каб выканаць даведзеныя пляны па арыштах, супрацоўнікі НКВД сталі выдумляць рознага кшталту «паўстанцкія», «трацкісцкія», «тэрарыстычныя» арганізацыі. Пачаткова арышты «антысавецкіх элемэнтаў» праводзіліся на падставе картатэк НКВД, а потым на падставе «сьведчаньняў», выбітых падчас сьледзтва. Паколькі сталінскі рэжым дазваляў практычна любыя віды катаваньняў, выбіць паказаньні на любога (нават самага высокапастаўленага партыйнага функцыянэра) было нескладана. І выбівалі.
Паводле старога савецкага анэкдота, «як казаў генэральны пракурор СССР:
«Галоўнае — у працэсе сьледчых дзеяньняў ня выйсьці на саміх сябе...»
Лёгіка масавых палітычных рэпрэсій такая, што атрымліваецца менавіта як у анэкдоце: урэшце пад нож траплялі тыя, чыімі рукамі гэтыя рэпрэсіі ажыцьцяўляліся, хто сам іх арганізоўваў, каардынаваў і санкцыянаваў, хто «вёў сьледзтва». Ці будзе ў сёньняшняй Беларусі па-іншаму? Наўрад ці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэпрэсіі —гэта спосаб існаваньня рэжыму». Палітоляг Класкоўскі тлумачыць, да чаго Лукашэнка рыхтуе БеларусьПакуль што сілавікі ў Беларусі, праводзячы ўсё новыя «зачысткі», ходзяць пераважна па старых адрасах. Пад арышты трапляюць тыя, хто калісьці засьвяціўся «ў базах», адбываў адміністрацыйны арышт «за палітыку». Але такіх людзей усё меней: усьведамляючы пагрозу, большасьць зь іх уцякла альбо хаваецца. Працягваць і нарошчваць «зачысткі» немагчыма, калі не пашыраць кола тых, каго дазволена рэпрэсаваць. Лёгіка тэрору такая, што рана ці позна дойдзе чарга і да тых падазроных «сваіх», хто схаваўся «пад плінтусам», а ўрэшце — і да тых, чыімі рукамі рэпрэсіі ажыцьцяўляюцца. І гэта будзе канчатковае ўсталяваньне дэспатыі ў яе клясычным сталінскім выглядзе.
Яшчэ ў чэрвені 1937-га вынаходлівы валагодзкі маёр дзяржбясьпекі Жупахін, які прыдумаў адсякаць галовы «ворагам народу», атрымліваў ордэн Чырвонай Зоркі за «кіпучую чэкісцкую работу», а ўжо ў сьнежні 1938-га ён сам быў арыштаваны і расстраляны як «шпіён» і «дывэрсант».
Усёмагутны ў 1937–1938 гадах «генэральны камісар дзяржбясьпекі» Мікалай Яжоў, арыштаваны ў 1939-м, спачатку адмаўляў усе абвінавачаньні. Але пасьля таго, як былыя калегі ўжылі ўхваленыя раней ім жа «спэцмэтады», тут жа прызнаўся ў тым, што ён і шпіён, і тэрарыст, і рыхтаваў змову супраць таварыша Сталіна. Праўда, на судзе адмовіўся ад выбітых пад катаваньнямі прызнаньняў і адзінае, пра што шкадаваў: «Пачысьціў 14 000 чэкістаў, але вялізная мая віна заключаецца ў тым, што я мала іх пачысьціў».
Пазьней Сталін, які непасрэдна кіраваў палітычнымі рэпрэсіямі і ў 1937–1938 гадах даводзіў Яжову пляны па расстрэлах, сказаў пра яго з асуджэньнем: «Многіх нявінных загубіў. Мы яго за гэта расстралялі...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Узбудзіліся ўсе сілавыя структуры». Праваабаронца пра новую хвалю масавых затрыманьняў«Мы ніколі не памыляемся»
Намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі Казакевіч, разважаючы нядаўна пра тое, хто падпадае пад «жэстачайшую зачыстку», якую праводзіць ягонае ведамства, сьцьвярджаў:
«Мы ніколі не памыляемся, мы прыходзім да тых людзей, якія гуляюць у падпольшчыкаў і наіўна лічаць, што сучасныя спосабы камунікацыі дазваляюць ім заставацца ананімнымі».
Сумная іронія палягае ў тым, што амаль дакладна такі ж выраз («Нашы органы не памыляюцца») быў надзвычай распаўсюджаны ў сталінскім СССР, дзе пад нож палітычных рэпрэсій траплялі мільёны ні ў чым не вінаватых людзей.
...Набліжэньне мінулых выбарчых кампаній пры Лукашэнку і ў 90-я, і ў «нулявыя», і ў 2010-я гады звычайна суправаджалася некаторай палітычнай лібэралізацыяй. Улада дазваляла сабе імітацыю дэмакратычнага працэсу: вылучэньне незалежных кандыдатаў, збор подпісаў, агітацыйную кампанію, выступы па тэлевізіі і радыё з крытыкай рэжыму.
Выбарчыя кампаніі, якія набліжаюцца (2024–2025) будуць першымі пры Лукашэнку, калі нічога падобнага не прадбачыцца. Ніколі раней страх страты ўлады на твары дыктатара ня быў такім яўным. Ад яго сёньня не даводзіцца чакаць ня тое што лібэралізацыі і паблажлівага стаўленьня да палітычных супернікаў — усё паказвае на тое, што гэта будуць першыя выбары ва ўмовах жорсткіх палітычных рэпрэсій, у атмасфэры падазронасьці, пошуку ворагаў і татальнага страху ў грамадзтве. Цяжка ўявіць, хто ў сёньняшняй Беларусі адважыцца хоць бы паставіць подпіс за кагосьці зь іншых кандыдатаў (апроч Лукашэнкі), нават калі гэта будуць «спойлеры» кшталту Гайдукевіча ці Канапацкай. Пра пэрспэктыву атрымаць пяць гадоў лягераў «за экстрэмізм» усе выдатна паінфармаваныя. Так што ўсе дружна пойдуць і падпісвацца, і галасаваць хіба што за «адзінага рэальнага кандыдата», «гаранта міру і стабільнасьці».
«Як заўсёды, вырашаць будзе народ. Калі вы вырашыце, што патрэбна вам іншае жыцьцё — Госпад з вамі, паспрабуйце», — сказаў Лукашэнка 22 сакавіка, адказваючы на пытаньне пра будучыя выбары.
Пасьля ўсяго, што адбылося і адбываецца ў Беларусі, пачынаючы з 2020-га, прапанова «паспрабаваць» дамагчыся «іншага жыцьця» прагучала з вуснаў гэтага чалавека асабліва двухсэнсоўна, злавесна і пагрозьліва.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.