Народны дэпутат Украіны, сябра парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, абароны і выведкі Фёдар Веніслаўскі заявіў, што ва Ўкраіне патрэбна будзе дадатковая мабілізацыя толькі тады, калі гэта будзе дыктаваць сытуацыя на фронце, а не разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі.
«Калі Ўкраіна будзе вымушаная пераходзіць у контратакі, будуць неабходныя нейкія дадатковыя сілы і сродкі, якія мусяць забясьпечыць эфэктыўнасьць гэтых наступальных апэрацый. Калі такая неабходнасьць будзе, зноў жа, гэта будзе вызначаць Генэральны штаб, улічваючы плянаваньне, пэрспэктывы і рэальны стан рэчаў. Я маю на ўвазе, што вайна, на вялікі жаль, непазьбежна вядзе да стратаў, і такія страты патрабуюць аднаўленьня», — сказаў Фёдар Веніслаўскі ў эфіры Радыё Свабода.
Паводле яго, магчымае перамяшчэньне ядзернай зброі з Расеі ў Беларусь ня можа быць прычынай для дадатковай мабілізацыі, як гэта заявіў кіраўнік праўладнай фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне магчымая дадатковая мабілізацыя з прычыны пагрозы з боку Беларусі, — кіраўнік прэзыдэнцкай фракцыі ў Вярхоўнай РадзеПрадстаўнік прэсавай службы Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў заявіў, што заява расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна аб разьмяшчэньні ў Беларусі ядзернай зброі зьяўляецца адказам на паразы расейскай арміі на палях бою.
«Вядома ж, гэта павышэньне ставак. Хоць і Злучаныя Штаты, і Эўрапейскі зьвяз у гэтай сытуацыі адназначна рэагуюць, што на гэты шантаж паддавацца не плянуюць», — сказаў Андрэй Юсаў у эфіры Радыё Свабода.
Прадстаўнік вайсковай выведкі Ўкраіны дадаў, што перамяшчэньне ядзернай зброі і будаўніцтва ядзерных аб’ектаў ня могуць быць незаўважанымі. «Аб перамяшчэньні самой ядзернай зброі пакуль няма размовы», — дадаў ён.
25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у эфіры тэлеканала «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША пакуль ня бачаць прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі ў БеларусьСакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».
Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сахашчык: Ядзерная зброя моцна актывізуе партызанскі рух у БеларусіУ Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС Беларусі патлумачылі рашэньне разьмясьціць ядзерную зброю «беспрэцэдэнтным ціскам» Захаду