Што перашкаджае выдаць міжнародны ордэр на арышт Лукашэнкі? Адказвае юрыст

Экспэртка ў сфэры міжнароднага права, кандыдат юрыдычных навук Кацярына Дзейкала адказвае на пытаньне, хто і ў якіх абставінах можа выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі, тлумачыць, чаму наўрад ці магчыма стварыць міжнародны трыбунал па злачынствах рэжыму супраць беларусаў, і разважае, ці трапіць Лукашэнка пад суд за суагрэсію супраць Украіны.

Сьцісла:

  • Што тычыцца меркаваных ваенных злачынстваў на тэрыторыі Ўкраіны, то Лукашэнку ў гэтай справе прыцягнуць да адказнасьці вельмі складана.
  • Можна будзе даказаць асабістую вінаватасьць Лукашэнкі за ўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны.
  • Група ААН у справе Беларусі ўпершыню публічна агучыла, што ў Беларусі рэжым учыняў злачынствы супраць чалавечнасьці.
  • Што тычыцца злачынстваў, якія робіць рэжым Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі, то асобны міжнародны трыбунал тут наўрад ці створаць.

— Пасьля таго як Міжнародны Крымінальны суд (МКС) выдаў ордэр на затрыманьне прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна — у многіх беларусаў паўстала пытаньне: няўжо ў гэтай структуры няма падставаў, каб выдаць такі самы ордэр у дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі? Чаму, нягледзячы на ўсе размовы, якія вядуцца ад 2020 году, гэтага дасюль не адбылося?

— Калі мы гаворым пра Лукашэнку, то важна разумець, пра якія канкрэтныя меркаваныя злачынствы тут можна гаварыць. Альбо гэта зьвязана з рэпрэсіямі ў дачыненьні да беларусаў, альбо з вайной ва Ўкраіне.

Калі гаварыць пра рэпрэсіі ўнутры самой Беларусі, то МКС у дадзеным выпадку ня мае юрысдыкцыі, бо беларускія ўлады не ратыфікавалі статут гэтага суду. Такую юрысдыкцыю МКС можа атрымаць, калі новыя ўлады Беларусі ў адмысловай заяве прызнаюць яе ў дачыненьні да канкрэтных злачынстваў у канкрэтны тэрмін.

Украіна ж таксама не ратыфікавала Статут, але Кіеў прызнаў юрысдыкцыю Суду ў дачыненьні да канкрэтных злачынстваў, якія рабіліся на Майдане і ў Данбасе ад 2015 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна

— Дык Расея ж таксама не прызнала юрысдыкцыю гэтага суду. Чаму стала магчымым выдаць ордэр на арышт Пуціна?

— Расея не прызнала. Аднак юрысдыкцыя МКС можа ажыцьцяўляцца ня толькі па грамадзянстве меркаванага злачынцы, але і па месцы ўчыненьня злачынства. Таму, каб выдаць ордэр на арышт Пуціна, было дастаткова таго, каб юрысдыкцыю гэтага суду прызнала Ўкраіна, на чыёй тэрыторыі рабіліся злачынствы, у якіх абвінавачваюць Пуціна.

— Дык тады атрымліваецца, што ў дачыненьні да меркаваных злачынстваў на тэрыторыі Беларусі ніхто ня можа падаць у гэты суд, бо іншая дзяржава ня мае права падаваць, а цяперашнія ўлады Беларусі, вядома, не жадаюць прызнаваць юрысдыкцыю гэтага суду?

— Натуральна, іншая дзяржава ня можа прэтэндаваць на юрысдыкцыю над тэрыторыяй іншай дзяржавы. А дзейныя ўлады, зразумела, не зьбіраюцца гэта рабіць. Гэта могуць зрабіць новыя ўлады ў Беларусі.

Што ж тычыцца меркаваных ваенных злачынстваў, якія ўчыніў Пуцін на тэрыторыі Ўкраіны, то Лукашэнку тут прыцягнуць да адказнасьці вельмі складана. Ёсьць агульныя прынцыпы крымінальнага права, а менавіта — прынцып асабістай віны. То бок цябе могуць прыцягнуць толькі за тое, што ты асабіста рабіў і ўсьведамляў свае дзеяньні.

Уладзімір Пуцін і Марыя Львова-Бялова абвінавачваюцца ў канкрэтным асабістым удзеле ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з пэўнымі мэтамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блінкен заклікаў эўрапейскіх саюзьнікаў арыштаваць Пуціна ў выпадку ягонага ўезду на іх тэрыторыю

— То бок, пакуль Львова-Бялова на сустрэчы з Пуціным не сказала, што паводле ягонага загаду вывозілі дзяцей з Украіны — міжнароднаму правасудзьдзю не было што Пуціну прад’явіць? Пасьля Бучы і Ірпяня?

— Не зусім так. Тое, што Львова-Бялова ляпнула — гэта аблягчыла працу суду, зьбіраньне доказаў. Але там, вядома, было ня толькі гэта. У суду ёсьць стандарт доказаў для выдачы ордэра. Для выдачы ордэра пракурор павінен набраць дастаткова матэрыялу, доказаў, «разумныя падставы меркаваць». А таксама пэўныя доказы, што менавіта гэтыя людзі ўчынялі менавіта такія дзеяньні.

Гвалтоўная дэпартацыя насельніцтва з мэтай яго гвалтоўнай асыміляцыі — гэта абсалютнае ваеннае злачынства. І гэта азначае, што ў цяперашні момант у пракурора дастаткова доказаў, каб выдаць ордэр менавіта на гэтых асобаў. Акрамя таго, трэба ўлічваць, што дзеці — гэта ўразьлівая група, якую спрабуюць абараніць у першую чаргу.

— Беларусь бярэ, скажам так, даволі пасіўны ўдзел у агрэсіі. Дык ці азначае гэта, што ў судзьдзяў МКС ня будзе падставаў для выдачы ордэра на арышт Лукашэнкі — прынамсі, пакуль беларускія войскі ня ўдзельнічаюць у ваенных дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны?

— Не зусім так. Бо ёсьць яшчэ такое злачынства, як «удзел у агрэсіі». Можна будзе даказаць асабістую вінаватасьць Лукашэнкі за ўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Але ў сілу пэўных юрыдычных асаблівасьцяў зьявілася ідэя пра асобны трыбунал у справе агрэсіі Расеі, пра гэта была прынята нядаўна рэзалюцыя Эўрапарлямэнту. Менавіта з-за таго, што МКС мае ў дачыненьні да Ўкраіны абмежаваную юрысдыкцыю. Цяпер шмат што будзе залежаць ад таго, як і кім будзе створаны гэты трыбунал.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міжнародным крымінальным судзе заявілі, што Расея перашкаджае прыцягненьню Пуціна да адказнасьці

— 23 сакавіка 38 краін-удзельніц АБСЭ выступілі з сумеснай заявай, у якой абвясьцілі пра паўторны зварот да Маскоўскага мэханізму ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі. Якое гэта мае практычнае значэньне?

— У 2020 годзе такі «Маскоўскі мэханізм» у дачыненьні да Беларусі ўжо запускалі, і тады гэта было ў форме спэцдакладчыка. Цяпер ёсьць розьніца: ствараецца экспэртная група, якая будзе расьсьледаваць тое, што адбывалася апошні год, за час, які прайшоў з моманту першай справаздачы.

Я ўжо чула пэўны скепсіс з гэтай нагоды, але ня варта недаацэньваць гэтыя рэчы. У сьвятле таго, што група ААН у справе Беларусі ўжо прадставіла даклад, і там упершыню было публічна агучана, што ў Беларусі рэжым учыняў злачынствы супраць чалавечнасьці.

Група ў рамках АБСЭ можа гэтыя высновы ўзмацніць, працягваць вывучаць гэтую тэму, зьбярэ яшчэ больш доказаў. Важна гэта фіксаваць, разьвіваць гэтую тэму — бо менавіта гэта аблегчыць працу нейкаму суду, які будзе ўсё ж створаны ў свой час.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 38 краінаў АБСЭ перазапусьцілі Маскоўскі мэханізм у дачыненьні да Беларусі

— Але і Беларусь, і Расея ўваходзяць у АБСЭ, яны, зразумела будуць галасаваць супраць. І што далей?

— Самае галоўнае, што ўсе доказы, якія зьбярэ група, будуць прызнаныя на міжнародным узроўні, за іх прагаласуе большасьць у АБСЭ, і яны будуць чакаць свайго суду. Чым болей будзе на міжнародным узроўні гэта прызнана (ня проста фармулёўкі, а канкрэтныя факты з прозьвішчамі і апісаньнямі) — тым лягчэй потым будзе абгрунтоўваць пэўныя палітычныя пазыцыі, весьці міжнародныя перамовы.

— Вы ўвесь час кажаце: «для будучага суду». Але, акрамя МУС, хто можа гэты суд стварыць, каб на ім разглядаліся справы аб злачынствах супраць чалавечнасьці на тэрыторыі Беларусі?

— Трэба падзяляць дзьве рэчы. Калі ідзе размова пра трыбунал супраць агрэсіі, то Эўразьвяз лічыць, што яго павінна стварыць Генэральная асамблея ААН. Раней такія трыбуналы (па былой Югаславіі, па Руандзе) стварала Рада Бясьпекі ААН. Цяпер зразумела, што ў Радзе Бясьпекі гэтае пытаньне ня пройдзе, бо там Расея і Кітай. Таму прапаноўваецца, каб гэтыя функцыі ўзяла на сябе Генэральная Асамблея ААН.

Я лічу, што і Эўразьвяз можа стварыць такі трыбунал.

Што тычыцца злачынстваў, якія ўчыняе рэжым Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі, то будзем шчырыя: асобны міжнародны трыбунал тут наўрад ці створаць. Усё ж у параўнаньні з генацыдам у Югаславіі і Руандзе ў нас сытуацыя іншая.

Таму добрым выйсьцем можа быць стварэньне зьмяшанага трыбуналу — часткова зь міжнароднымі судзьдзямі, часткова з нацыянальнымі беларускімі.

— Вы маеце на ўвазе новыя беларускія ўлады?

— Так.

— Зразумела, што пры новых уладах усё будзе па-іншаму. Хацелася б ведаць, што можа адбыцца ў гэтай справе «да новых» уладаў, да падзеньня рэжыму?

— Да падзеньня рэжыму адзінае, што можа быць, — гэта калі створаць міжнародны трыбунал па агрэсіі супраць Украіны, і там пачнецца працэс. Ён пачне зьбіраць доказы, факты — і, магчыма, можа выдаць ордэр і на арышт Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можна будзе выкарыстаць як доказы на трыбунале над Лукашэнкам». Рэакцыі на запуск Маскоўскага мэханізму адносна Беларусі