Сустрэча ў прэзыдэнцкім палацы ў Варшаве доўжылася каля гадзіны.
Натальля Пінчук і Анджэй Дуда пагутарылі пра сытуацыю з палітвязьнямі ў Беларусі, праблемы іх сем’яў, а таксама пра пытаньні бясьпекі ў рэгіёне ў сувязі з вайной Расеі супраць Украіны.
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выказаў удзячнасьць і павагу за непахіснасьць Алеся Бяляцкага, які гадамі змагаецца за правы чалавека ў Беларусі, за што быў асуджаны на паказальным судовым працэсе да 10 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Таксама ён заявіў пра нязьменную падтрымку Польшчай незалежнай дэмакратычнай Беларусі, беларускага народу і яго законнага памкненьня жыць у свабоднай дэмакратычнай дзяржаве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Польшчы сустрэўся з жонкай Бяляцкага і паабяцаў падтрымку беларусамНатальля Пінчук падзякавала польскай дзяржаве, якая прынцыпова выступае за павагу да правоў і свабодаў чалавека ў Беларусі, асуджае дыктатуру Лукашэнкі, падтрымлівае дэмакратычную будучыню Беларусі.
Паводле яе, менавіта за адстойваньне правоў чалавека, за працу дзеля свабоднай будучыні Беларусі Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру. І сёньня ён — адзіны ў сьвеце яе ляўрэат у зьняволеньні.
Пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Дудам Натальля Пінчук сказала Свабодзе, што ў яе засталіся вельмі пазытыўныя ўражаньні ад размовы: «Бачна, што гэта людзі, якія вельмі станоўча настроеныя адносна Беларусі, блізка да сэрца ўспрымаюць усё тое, што адбываецца ў нас».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаліся Тыдні салідарнасьці з Алесем Бяляцкім у Польшчы і ЛітвеЗ 20 па 31 сакавіка ў Варшаве і Вільні праходзяць тыдні салідарнасьці зь беларускім ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру, праваабаронцам Алесем Бяляцкім, а таксама іншымі беларускімі палітвязьнямі.
У рамках праграмы міжнароднай кампаніі падтрымкі Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца за кратамі, пройдуць вечарыны ва ўнівэрсытэтах Варшавы і Вільні, сустрэчы жонкі Алеся Натальлі Пінчук з уладамі Польшчы і Літвы, праваабарончымі арганізацыямі, беларускімі дыяспарамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаўскім унівэрсытэце прайшла канфэрэнцыя салідарнасьці з Алесем Бяляцкім. ФОТА