Прапускную здольнасьць літоўска-беларускага пункту пропуску ў Медніках абмяжуюць на паўтара месяца

Чарга з фураў на мяжы ў пункце пропуску «Мядзінінкай»

У літоўскай мытні параілі выбіраць іншыя пункты пропуску для перасячэньня мяжы.

У літоўскім пункце пропуску «Мядзінінкай» (Меднікі, пункт пропуску зь беларускага боку — Каменны Лог) будуць працягвацца работы па рэканструкцыі, паведамляе літоўская мытня.

Асфальтаваньне пачнецца 4 красавіка і прадоўжыцца да 31 траўня. Пункт пропуску працягне працаваць, але яго прапускная здольнасьць будзе вагацца ў залежнасьці ад правядзеньня работ.

У літоўскай мытні параілі ў гэты час выбіраць іншыя пункты пропуску для перасячэньня мяжы.

Пасьля таго, як Польшча закрыла пункт пропуску ў Баброўніках на мяжы зь Беларусьсю, чэргі грузавікоў з Эўразьвязу і трэціх краін у пунктах пропуску празь літоўска-беларускую мяжу працягваюць расьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасць фур на выезд зь Беларусі ў Эўразьвяз за тыдзень вырасла ў 2,5 раза

Што пагаршае рух празь мяжу Літвы і Беларусі

На мяжы Беларусі і Літвы працуюць 8 памежных пераходаў. Пераход Беняконі — Стасілы (Stasylos), які прызначаны для грузавых чыгуначных перавозак, закрыты з 16 лютага з ініцыятывы Літвы.

На літоўска-беларускай мяжы цяпер працуюць наступныя пункты пропуску:

  • Відзы — Цьверач / Tverėčius (праезд даступны для легкавікоў і пустога грузавога транспарту, мяжу нельга перайсьці пешшу ці пераехаць на ровары).
  • Катлоўка — Лаварышкі / Lavoriškės (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Лоша — Шумск / Šumskas (праезд даступны толькі для легкавікоў, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Каменны Лог — Меднікі / Medininkai (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Беняконі — Салечнікі / Šalčininkai (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Прывалка — Райгардас / Raigardas (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Гудагай — Кяна / Kena (толькі для грузавых чыгуначных перавозак).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кантроль на выезд за межы Беларусі паслабілі, але чэргі павялічыліся

Да пандэміі ковіду ў Літву зь Беларусі можна было даехаць рэгулярнымі цягнікамі, дарога займала менш за 3 гадзіны. З 2020 году пасажырскіх чыгуначных зносін зь Літвой няма, такое рашэньне літоўскі бок прыняў пасьля пачатку пандэміі.

Увесну 2021 году на мяжы Беларусі і Літвы ўзьнік міграцыйны крызіс — Беларусь пускала праз сваю тэрыторыю мігрантаў з Сырыі, Іраку і некаторых афрыканскіх краін.

Гэта прывяло да напружаньня ў памежнай зоне і пастаянных сутыкненьняў літоўскіх памежнікаў зь мігрантамі. Падчас міграцыйнага крызісу на мяжы затрымлівалі па некалькі сотняў мігрантаў за дзень, агулам у Літву зь Беларусі не пусьцілі больш за 15 тысяч мігрантаў. Па стане на чэрвень мінулага году ў Літве заставаліся 2600 мігрантаў, якія прыйшлі з тэрыторыі Беларусі.

У верасьні 2022 году, калі пачалося ўжо расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, Літва заяўляла пра намер наогул закрыць мяжу зь Беларусьсю для турыстаў, аднак гэтага не адбылося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашы абавязкі павялічыліся ў 2 разы», — начальнік мытні Літвы расказаў пра сытуацыю на мяжы зь Беларусьсю