Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантроль на выезд за межы Беларусі паслабілі, але чэргі павялічыліся


Беларуска-літоўская мяжа (архіўнае фота)
Беларуска-літоўская мяжа (архіўнае фота)

Найбольшы час чаканьня — каля 47 гадзін — фіксуецца ў літоўскім памежным пункце Мядзінінкай (Меднікі).

Памежны кантроль пры выездзе зь Беларусі стаў менш строгі, чым быў у першы тыдзень пасьля дывэрсіі супраць расейскага самалёта-наводчыка А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. Пра гэта «Наша ніва» даведалася ад трох чалавек, якія перасякалі мяжу ў розныя дні ў розных пунктах.

У першы тыдзень пасьля дыверсіі ў Мачулішчах кантроль на межах Беларусі быў узьмоцнены. Супрацоўнікі спэцслужбаў на мяжы правяралі ў людзей тэлефоны — прычым ня толькі Telegram, але і YouTube, і іншыя праграмы. Мужчын пры гэтым дапытвалі, рэчы з багажу вытрасалі. Праверка пасажыраў аднаго мікрааўтобуса часам займала некалькі гадзін.

Цяпер на выезд тэлефоны не правяраюць, не дапытваюць, але праганяюць багаж праз рэнтген-апарат — да нядаўняга часу так рабілі толькі на ўезьдзе.

У той жа час на ўезьдзе ў Беларусь ніякіх дадатковых мераў кантролю няма, акрамя людзей, у пашпартах якіх ёсьць штампы пра наведваньне Ўкраіны ў мінулым. Такім людзям, у тым ліку і іншаземцам, задаюць дадатковыя пытаньні аб прычынах паездак.

Чэргі на межах працягваюць расьці

Пасьля таго, як Польшча закрыла пункт пропуску ў Баброўніках на мяжы зь Беларусьсю, чэргі грузавікоў з Эўразьвязу і трэціх краін у пунктах пропуску празь літоўска-беларускую граніцу працягваюць расьці. У некаторых месцах яны за тыдзень павялічыліся больш як на 100 грузавікоў, што павялічыла час чаканьня больш як на 10 гадзін. Аб гэтым піша сайт Delfi.

8 сакавіка час чаканныя на памежным пункце Шальчынінкай складае 41 гадзіну, а гэта на 20 гадзін больш, чым было на мінулым тыдні. Цяпер тут чакаюць сваёй чаргі 425 грузавікоў, у той час як на мінулым тыдні іх было 220. Найбольшы час чаканьня — каля 47 гадзін — па-ранейшаму фіксуецца ў памежным пункце Мядзінінкай. 8 сакавіка тут сваёй чаргі чакаюць больш за 480 грузавікоў.

Цяпер самыя кароткія чэргі і час чаканьня фіксуюцца на памежных КПП Лаварышкес і Райгардас, дзе сваёй чаргі чакаюць больш як 70 і 140 грузавікоў адпаведна, а папярэдні час чаканьня складае 7 і 16 гадзін. Аднак чэргі ў параўнаньні зь мінулым тыднем вырасьлі і тут.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG