За тыдзень колькасьць фур на ўезд у Эўразьвяз павялічылася ў 2,5 раза. Аб гэтым БелТА 10 сакавіка паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце.
Па стане на 12:00 найбольш загружаны маршрут у Эўразьвяз праходзіць праз польскі пункт пропуску «Кукурыкі» (сумежны беларускі КПП «Казловічы»). Акрамя таго, затрымкі ў афармленьні грузавікоў адзначаюцца ў літоўскіх пунктах пропуску «Мядзінінкай» (сумежны «Каменны Лог») і «Лаварышкес» (сумежны «Катлоўка»).
Найбольшая колькасьць легкавікоў фіксуецца перад польскім пунктам пропуску «Тарэспаль» (сумежны беларускі КПП «Брэст»).
Чэргі на межах працягваюць расьці
Пасьля таго, як Польшча закрыла пункт пропуску ў Баброўніках на мяжы зь Беларусьсю, чэргі грузавікоў з Эўразьвязу і трэціх краін у пунктах пропуску празь літоўска-беларускую мяжу працягваюць расьці. У некаторых месцах яны за тыдзень павялічыліся больш як на 100 грузавікоў, што павялічыла час чаканьня больш як на 10 гадзін. Пра гэта паведамляла Delfi.
Памежны кантроль пры выездзе зь Беларусі стаў менш строгі, чым быў у першы тыдзень пасьля дывэрсіі супраць расейскага самалёта-наводчыка А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. Пра гэта «Наша ніва» даведалася ад трох чалавек, якія перасякалі мяжу ў розныя дні ў розных пунктах.
У першы тыдзень пасьля дыверсіі ў Мачулішчах кантроль на межах Беларусі быў узмоцнены. Супрацоўнікі спэцслужбаў на мяжы правяралі ў людзей тэлефоны. Мужчын пры гэтым дапытвалі, рэчы з багажу вытрасалі. Праверка пасажыраў аднаго мікрааўтобуса часам займала некалькі гадзін.
Цяпер на выезд тэлефоны не правяраюць, не дапытваюць, але праганяюць багаж праз рэнтген-апарат — да нядаўняга часу так рабілі толькі на ўезьдзе.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.