Прадзеды беларускі Марыі Міхальчук у 20-я гады мінулага стагодзьдзя выправіліся ў Бразылію і Ўругвай у пошуках лепшай долі. У 50-я гады яны паддаліся камуністычнай прапагандзе і вярнуліся ў СССР. Цяпер Марыя выканала мару свайго дзядулі і пераехала жыць ва Ўругвай.
«Цяпер мы самі ведаем, як жорстка працуе прапаганда»
Прадзед і прабабка Марыі Міхальчук у 1920-я гады выправіліся на заробкі за акіян, у Бразылію. Затым яны пераехалі ва Ўругвай, там пабраліся шлюбам. Ва Ўругваі нарадзіўся дзед Марыі, Глеб. Марыя наракае, што няшмат ведае аб прадзедах: яны даволі рана памерлі, неўзабаве пасьля вяртаньня ў СССР.
«Ведаю, што прадзед працаваў джыгітам у цырку. Цікава, што з маленства я займалася акрабатыкай, у маладосьці працавала ў цырку. Потым працавала ў розных трупах па ўсім сьвеце. Можа быць, гэта ў мяне ад прадзеда», — кажа Марыя.
У 50-я гады камуністычная прапаганда заваблівала эмігрантаў у СССР. Ім абяцалі вялікія магчымасьці, ільготы на Радзіме. Паверылі прапагандзе і продкі Марыі. Яны адправіліся праз акіян у СССР. Тады дзеду Марыі Глебу было 15 гадоў.
«Толькі прыехаўшы ў БССР, прадзед зразумеў, у якую галечу прывёз сваю жонку і сына. Прабабуля пайшла працаваць на камвольны камбінат, прадзед у аўтапарк. Ён нядоўга пражыў тут. Памёр празь дзесяць гадоў пасьля вяртаньня», — кажа дзяўчына.
Марыя ўспамінае, што дзед не ўспрымаў савецкі сьвет, ня мог знайсьці сябе ў камуністычнай сыстэме.
«Для яго гэта не была Радзіма, а наадварот, чужына. Ён шмат чытаў. Марыў пра такую працу, як адбіраць найлепшыя кнігі для паліц у кнігарні. Але каму гэта было трэба? Дзядуля хацеў паступіць на перакладчыка. Але тады ў інстытуце замежных моў не было факультэту перакладу з гішпанскай мовы. Ён шмат дзе працаваў, часта зьмяняў працу. Дзядуля быў вельмі стылёвым, прыгожа насіў шыйныя хусткі. Ён быў з тых „стыляг“, каму рэзалі гарнітуры. Проста камунізм яму не падыходзіў», — кажа Марыя.
Паводле яе, дзед марыў вярнуцца ва Ўругвай, але ня мог атрымаць дазвол на гэта ў савецкіх уладаў.
«Урэшце ён атрымаў пашпарт Уругвая. Але ўжо быў хворы, ня мог паехаць. Памёр рана, у 57 гадоў», — дадала беларуска.
«Было страшна ехаць за акіян, але 2022 год усё паставіў на свае месцы»
Марыя расказвае, што зь дзяцінства займалася акрабатыкай, працавала ў беларускім цырку. Потым у складзе розных цыркавых труп выступала ў Паўднёвай Карэі, Італіі, ААЭ, на Тайвані. Вярнулася ў Беларусь, вывучылася ў Санкт-Пецярбургу на рэжысэра. Затым была праца івэнт-мэнэджарам, крэатыўным дырэктарам. А пасьля — пандэмія і расстаньне з гэтым бізнэсам.
«Мы жылі ў цэнтры гораду. Дзеці вымушаныя былі бачыць сутычкі людзей з АМАПам. Пыталіся ў нас: „Чаму гэтыя дзядзькі б’юць людзей?“. Потым наступіў 2022 год, вайна ва Ўкраіне. Нам цяжка было жыць у такой трывожнай сытуацыі. Найперш мы хваляваліся за дзяцей. Хацелі, каб яны гадаваліся ў спакойнай, нармальнай абстаноўцы, каб яны былі шчасьлівымі. Мы самі вельмі стаміліся ад усяго. Таму вырашылі пераяжджаць», — тлумачыць беларуска.
Дзеці сямейнай пары — гэта Алівія (8 гадоў) і Роберт (4 гады).
«Мы нават імёны такія дзецям далі з улікам, што, магчыма, нам давядзецца пераяжджаць», — дадала Марыя.
Тое, што дзед нарадзіўся ва Ўругваі, дало магчымасьць Марыі атрымаць грамадзянства, а яе блізкім — сталы дазвол на жыхарства.
«Нідзе я ня бачыла столькі шчасьлівых людзей, як тут»
Марыя кажа, што нідзе раней ня бачыла столькі шчасьлівых людзей, як ва Ўругваі.
«Мусіць, калі людзі жывуць на ўзьбярэжжы акіяна ці мора, гэта станоўча ўплывае на іх. Тут сапраўды рай для дзяцей і сабак. Бо і такіх шчасьлівых дзяцей я ніколі ня бачыла, як тут. Дзеці, сабакі ўсіх памераў зьбіраюцца на пляжы, носяцца туды-сюды. Людзі разьняволеныя, сустракаюць сьвітанкі і вечарам зьбіраюцца на захад сонца», — кажа Марыя.
Дзяцей яны аддавалі вучыцца ў школу з ангельскай і гішпанскай мовай.
«Аказалася, тут дзяцей проста любяць у школе! Калі мяне выклікала настаўніца Алівіі, то я напружылася. Думала, будзе як ў Менску: „Ваша Алівія то, ваша Алівія гэта!“. Але тут настаўнікам хацелася пагутарыць са мной на такія тэмы: „Як Алівія адчувае сябе ў школе“, „Што ёй падабаецца ці не падабаецца“. То бок яны зацікаўленыя ў тым, каб нашай дачцэ было камфортна. Яны клапоцяцца пра яе мэнтальнае здароўе. Дзеці бягуць у школу з радасьцю, а на выходных нудзяцца па сваёй школе, па сябрах там», — дзеліцца беларуска.
Марыя кажа, што ў захапленьні ад мясцовых людзей.
«Мы з мужам спачатку адчувалі нейкі падвох — ну чаму яны такія добрыя, ветлівыя, усьміхаюцца, стараюцца дапамагчы, проста за ручку цябе будуць вадзіць і дапамагаць? А яны шчыра цешацца ўсім, яны вельмі адкрытыя, свабодныя. Тут ніхто ня будзе глядзець крыва, што ты „неяк ня так“ адзеты, ці твае дзеці сядзяць на падлозе або на зямлі. Свабода ва ўсім — вось чаго нам не хапае сапраўды, не хапала ў Беларусі», — кажа Марыя.
«Яны нашу Беларусь параўноўваюць з Вэнэсуэлай»
Марыя кажа, што пераезд у чужую краіну ня быў лёгкім. Усюды хапае бюракратычных цяжкасьцяў і стрэсу. «Тым больш мы любім нашу Беларусь. Мы сумуем па сваёй краіне, нам не хапае нашых сяброў. Для нас Беларусь гэта найперш людзі, якія робяць гэтую краіну. Я не сумую па нейкай ежы. Тут сапраўды ўсяго хапае. Ежы шмат, рознай, яна вельмі смачная. Калі кажуць, што беларуская „малочка“ смачная, то я магу сказаць, што вы проста ўругвайскай не каштавалі», — кажа беларуска.
Сям’я тут ужо восем месяцаў. Яны адкрылі офіс IT-кампаніі. Хоць гэта было нялёгка.
«Тут такое распаўсюджанае слова ёсьць — «маньяна», што значыць «заўтра». Таму калі табе кажуць, што дакумэнты будуць гатовыя праз тыдзень, то гэта можа быць два тыдні. Калі праз чатыры месяцы — то можа быць і сем месяцаў чаканьня. Але разам з тым ёсьць і чалавечы фактар, калі можна прыйсьці да чыноўніка і папрасіць: «Ну калі ласка, ці можа хутчэй? Нам вельмі трэба», — дадала беларуска.
Яна кажа, што часам (і нават часта) было нялёгка.
«Але калі ты прыходзіш да акіяна і сузіраеш гэтую прыгажосьць, то разумееш, што ўсё было недарма, і наагул мы вялікія малайцы, што прайшлі гэты квэст», — кажа Марыя.
Яна дадала, што эміграцыя — «гэта ня казка».
«Калі ты дома батрачыў, зарабляў, то тут трэба будзе рабіць гэта яшчэ больш. Тут яшчэ больш патрэбна высілкаў, бо трэба ведаць мясцовыя асаблівасьці, рынак працы, законы. Ня так лёгка часам знайсьці працу, нават ведаючы мовы. Таму я параіла б тым, хто будзе куды пераяжджаць, мець фінансавую падушку бясьпекі і ўсьведамленьне, што лёгка ня будзе», — удакладніла беларуска.
Яна кажа, што ўругвайцы цікавяцца, калі Марыя апавядае пра сытуацыю ў Беларусі.
«Яны ўжо вывучылі, што Беларусь — гэта не Расея, што мы зусім іншы народ. Яны, калі чуюць пра нашу сытуацыю, то кажуць: «А, у вас падобна, як у Вэнэсуэле», — кажа Марыя.
Яна лічыць, што наступныя 10 гадоў Уругвай наўрад ці чакаюць нейкія моцныя ўзрушэньні. Таму пакуль сям’я плянуе жыць тут.
«Першы наш клопат — дзеці. Няхай яны будуць тут шчасьлівымі», — дадала Марыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат Аргентыны легалізаваў абортыКолькі што каштуе ва Ўругваі
Марыя жыве ў арандаванай кватэры разам з мужам, дзецьмі і маці. Гэта пяць чалавек.
- Арэнда кватэры. Гэта двухпакаёўка (дзьве спальні, агульны пакой з кухняй і 2 санвузлы) у цэнтры курортнага гораду Пунта-дэль-Эстэ — 1100 даляраў за месяц. Але ў гэтую суму ўваходзяць прыбіраньне памяшканьняў, спартовая заля, каворкінг, кінатэатар, дзіцячы пакой, басэйн, лазьня, тэнісны корт. І бясплатны лекар на дом.
- Электраэнэргія — каля 130-150 даляраў за месяц.
- Харч. На месяц — каля 400 даляраў, на тыдзень — каля сотні. Гэта садавіна, гародніна, сыр, мяса, малако і іншае. Нешта дакупляюць, на што ідзе каля 50 даляраў у тыдзень.
- Школы. Ёсьць бясплатныя і прыватныя. «Мы выбралі для дзяцей білінгва-школу. За дваіх аддаём 900 даляраў на месяц», — кажа Марыя.
- Забавы. «Схадзіць у рэстаран на чатырох чалавек будзе каштаваць каля 150 даляраў».
- 40-50 даляраў ідзе на тое, каб мыць і сушыць адзеньне і бялізну.
- Каля 100 даляраў на пяць чалавек на гігіену і бытавыя расходы (парашок, шампуні, вазоны для кветак і іншае).
- Выходзіць каля 3200 даляраў на сям’ю з 5 чалавек на месяц.
«Можна ня піць, не хадзіць па кавярнях, ня езьдзіць зь сябрамі на выходныя нікуды і не атрымліваць ніякай асалоды ад жыцьця. Але мы вырашылі жыць тут і цяпер», — кажа Марыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Складаная легалізацыя, калі ты не айцішнік». Плюсы і мінусы жыцьця ў Гішпаніі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьнег апошні раз быў у 2019 годзе». Беларуска расказвае пра плюсы і мінусы жыцьця ў Францыі