Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат Аргентыны легалізаваў аборты


Людзі перад будынкам Нацыянальнага кангрэсу Аргентыны рэагуюць на ўхваленьне закону аб легалізацыі абортаў, 30 сьнежня 2020 г.
Людзі перад будынкам Нацыянальнага кангрэсу Аргентыны рэагуюць на ўхваленьне закону аб легалізацыі абортаў, 30 сьнежня 2020 г.

Сэнат Аргентыны ўхваліў законапраект аб легалізацыі абортаў. За яго прагаласавалі 38 сэнатараў, супраць былі 29, адзін устрымаўся.

Пра гэта паведамляе тэлеканал CNN, адзначаючы, што прыняты дакумэнт дазваляе перарываць цяжарнасьць без мэдычнага дазволу на тэрміне да 14 тыдняў.

Згодна зь дзейным заканадаўствам у Аргентыне аборт можна рабіць толькі ў выпадку згвалтаваньня або калі жыцьцё маці пад пагрозай. Ва ўсіх астатніх выпадках аборт прадугледжвае крымінальнае пакараньне для жанчын і лекараў.

Тэлеканал назваў рашэньне сэнату «гістарычнай» перамогай прыхільнікаў штучнага перапыненьня цяжарнасьці ў краіне з каталіцкай большасьцю.

Натоўпы актывістаў, якія сабраліся каля будынку Нацыянальнага кангрэсу, сустрэлі рашэньне Сэнату воклічамі радасьці. Выканаўчы дырэктар Amnesty International у Аргентыне Марыэля Бельскі назвала тое, што адбылося, «знакавым крокам у абароне правоў жанчын, дзяўчат і людзей з рэпрадуктыўнай здольнасьцю».

У 2018 годзе аргентынскія сэнатары адхілілі аналягічны законапраект пасьля 22 гадзін абмеркаваньня. Нават пасьля таго, як зь невялікай перавагай праект удалося накіраваць у Сэнат, тагачасны прэзыдэнт краіны Маўрысіё Макры заявіў, што не падпіша гэты закон ні пры якіх абставінах. Супраць легалізацыі абортаў выступаў і кіраўнік каталіцкай царквы папа Рымскі Францішак, які нарадзіўся ў Аргентыне.

Паводле ацэнкі Міністэрства аховы здароўя Аргентыны, кожны год у краіне робяць ад 370 да 522 тысяч абортаў. Абсалютная большасьць зь іх — нелегальныя. Ад іх наступстваў амаль кожны тыдзень памірае адна жанчына.

Паводле зьвестак Бі-Бі-Сі, закон у парлямэнт унёс прэзыдэнт Аргентыны Альбэрта Фэрнандэс, які адзначаў, што легалізацыя перапыненьня цяжарнасьці дасьць магчымасьць жанчынам ня толькі захаваць жыцьцё, але і мець дзяцей у будучыні.

На сёньняшні дзень добраахвотнае перапыненьне цяжарнасьці на гэтым кантынэнце дазволена толькі ва Ўругваі, Гаяне і на Кубе. Цалкам такія апэрацыі забароненыя ў Чылі, Сальвадоры, Сурынаме, Нікарагуа, Гаіці, Гандурасе і Дамініканскай Рэспубліцы. У іншых краінах аборты дазволеныя толькі паводле мэдычных паказаньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG