Хроніка перасьледу 17 сакавіка: маці Міронава пакаралі штрафам, сам ён зьнік; навукоўца Адамава зьмясьцілі на «Валадарку»

Сілавікі ў Гомлі. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Навукоўца Юрыя Адамава зьмясьцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага

Сувязь зь Юрыем Адамавым зьнікла на мінулым тыдні. Пазьней калегі навукоўца паведамілі праваабаронцам пра яго затрыманьне.

Пакуль невядомая ні прычына затрыманьня, ні тое, які артыкул інкрымінавалі Адамаву.

Юры — удзельнік беларускай супольнасьці за свабоднае праграмнае забесьпячэньне, а таксама сустваральнік навукова-папулярнага самвыдату Pamylka.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 14 сакавіка: арыштавалі сустваральніка самвыдата «Pamylka»; затрымалі фатографа Дзьмітрыя Баяровіча з жонкай

Палітвязень Плескацэвіч выйшаў на волю, яго адразу адправілі на «суткі»

Згодна з пастановай суду ў адміністрацыйнай справе Аляксандар Плескацэвіч 16 лютага выйшаў на волю з ПУАТ-43. Але ўжо 1 сакавіка над ім адбыўся суд паводле арт. 24.23 КаАП. Паводле абвінавачаньня, ён «у нявызначаны час з 16 па 27 лютага нанёс на 7 вокнаў і рог фасада дома бела-чырвона-белую сымболіку». Віны Аляксандар не прызнаў і сказаў, што не рабіў гэтага і зафарбоўваць ня мае намеру.

Вядома, што сымболіка на доме была яшчэ да арышту палітвязьня ў 2021 годзе. Паводле рапарту сьведкі-міліцыянта, яшчэ на «хіміі» яму сказалі зафарбаваць дом, але 27 лютага, калі яго затрымлівалі, сымболіка на ім яшчэ была. Аднак суд у Ляхавічах прызнаў Плескацэвіча вінаватым і арыштаваў яго на 10 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 сакавіка: затрымалі знаёмых Тачыцкай, нібыта датычнай да дывэрсіі ў Мачулішчах; разграмілі кватэру валянтэра Міронава

Маці валянтэра Ільлі Міронава Валянціну пакаралі штрафам. Сам Ільля зьнік

Суд па артыкуле 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі) над Валянцінай Міронавай адбыўся 17 сакавіка. Вынік — 407 рублёў штрафу. Пры затрыманьні яе вадзілі ў кайданках у «позе ластаўкі», паведамляе «Гомельская Вясна».

Імаверна, на жанчыну ціснуць за дзеяньні сына. Учора, калі Ільля Міронаў вярнуўся дадому — пабачыў, што ў кватэры адбыўся вобшук, больш падобны да пагрому, а маці не было. Пазьней Ільля знайшоў цыдулку ад маці, у якой жанчына паведаміла, што яе забралі ў РАУС. Пра гэта Ільля Міронаў паведамляў на сваёй старонцы ў сацсетцы.

Сёньня Ільлю Міронава апошні раз бачылі ў судзе Савецкага раёну Гомля, дзе хлопец чакаў суду над маці і меў намер трапіць на паседжаньне. З таго часу сувязі зь ім няма, дзе ён — невядома. Імаверна, яго зноў затрымалі.

На днях Ільля выйшаў на волю пасьля чарговага арышту.

Затрымалі галоўнага рэдактара «Народных навінаў Віцебска»

Галоўнага рэдактара «Народных навінаў Віцебска» Сержука Серабро затрымалі раніцай 17 сакавіка. Дома ў яго зрабілі ператрус, забралі тэлефон і кампутар. Пасьля абеду Сержука Серабро выпусьцілі, паведамляе «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома пра арышт падпалкоўніка Ўзброеных сіл Беларусі