«Радыкалізацыя» Ціханоўскай як непазьбежнасьць. Рэйтынг у сёньняшняй Беларусі ня мае значэньня

Сьвятлана Ціханоўская. Лёндан, сакавік 2023

Рыторыка Сьвятланы Ціханоўскай сёньня зусім іншая, чым была два з паловай гады таму. У чым прычыны, матывы і наступствы гэтай мэтамарфозы, якую можна акрэсьліць як палітычную «радыкалізацыю»?

Сьцісла:

  • Дзьве відавочныя прычыны зьменаў, якія адбыліся ў рыторыцы Ціханоўскай: па-першае, агрэсія Расеі супраць Украіны, па-другое, узмацненьне рэпрэсіяў, якое выклікае радыкалізацыю апанэнтаў улады.
  • Жорсткі аўтарытарны рэжым не прадугледжвае існаваньня нейкай памяркоўнай «трэцяй сілы», чагосьці сярэдняга паміж радыкальнай апазыцыяй і ўладай.
  • Калі Ціханоўская адназначна асудзіла і саму агрэсію, і расейскае кіраўніцтва, то, відавочна, канчаткова адштурхнула ад сябе беларускіх прыхільнікаў Пуціна.
  • Зараз няма ніякага істотнага практычнага значэньня, які ўзровень электаральнай папулярнасьці ў Ціханоўскай.

Апошнія месяцы Сьвятлана Ціханоўская выказваецца зусім ня так асьцярожна і расплывіста як, напрыклад, два гады таму. Амаль усе яе публічныя выступы і інтэрвію зроблены па-беларуску, яна гаворыць пра неабходнасьць нацыянальнага адраджэньня, называе Расею агульным ворагам Беларусі і Ўкраіны, заяўляе, што Беларусь павінна выйсьці з АДКБ і «саюзнай дзяржавы» з Расеяй, абмяркоўвае магчымасьць сілавога варыянту і гэтак далей.

У чым прычыны, матывы і наступствы гэтай мэтамарфозы, якую можна акрэсьліць як палітычную «радыкалізацыю»?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская — палку імя Каліноўскага: «Для беларусаў вы героі»

Па-першае, хацеў бы адзначыць, што цяперашняя палітычная рыторыка Ціханоўскай наўрад ці схіліць да яе тых апанэнтаў, якія ад пачатку крытыкавалі яе за невыкарыстаньне беларускай мовы і словы пра «мудрага Пуціна». Але гэтага і не магло адбыцца. Бо сярод гэтых яе «непрыхільнікаў» хапае людзей, якія альбо проста нікога з палітыкаў ня любяць, альбо ня любяць толькі тых беларускіх палітыкаў, імя якіх не Зянон Пазьняк. Таму: што б Ціханоўская ні рабіла, заваяваць сымпатыі гэтай (урэшце, вельмі нешматлікай) групы ёй усё роўна не ўдалося б.

Для чалавека, які сочыць за беларускай палітыкай не з 2020 году, а трошкі даўжэй, цяперашнія зьмены ў рыторыцы і дзеяньнях каманды Ціханоўскай выглядаюць даволі натуральным працэсам. І справа ня толькі ў дзьвюх самых відавочных прычынах — па-першае, агрэсіі Расеі супраць Украіны, а па-другое, узмацненьні рэпрэсіяў, якое выклікае радыкалізацыю апанэнтаў улады. Справа таксама ў пэўнай гістарычнай заканамернасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Лёндане расказала, што трэба зрабіць, каб дыктатура ў Беларусі больш не паўтарылася

Колькі разоў у нашай гісторыі мы назіралі, як людзі, якія станавіліся апанэнтамі Лукашэнкі, гаварылі: «Мы зробім усё ня так, як нашы папярэднікі», займалі больш «нэўтральную пазыцыю», імкнуліся быць «трэцяй сілай» паміж рэжымам і «традыцыйнай» нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыяй. Так было зь Вярхоўным Саветам 13-га скліканьня ў 1995-1996 гадах, калі нават дэпутаты з дэмакратычнай фракцыі «Грамадзянскае дзеяньне», створанай вакол Аб’яднанай грамадзянскай партыі, першыя месяцы імкнуліся не канфліктаваць з Лукашэнкам і не супрацьстаяць ягоным ініцыятывам. Так было амаль на кожных прэзыдэнцкіх выбарах, калі некаторыя кандыдаты ад апазыцыі спрабавалі не выглядаць «радыкальнымі», гаварылі пра «мірныя перамены» і паступовую эвалюцыю ўлады.

Але потым выбары, як заўсёды, фальшаваліся, кандыдатаў альбо саджалі, альбо яна самі пераходзілі ў радыкальную апазыцыю да дзейнай улады. І гэтая схема працавала ўсе апошнія 28 гадоў фактычна без выключэньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Guardian: Лукашэнка «зьяўляецца дзяржаўным спонсарам тэрарызму»

Рэч у тым, што такі жорсткі аўтарытарны рэжым, як лукашэнкаўскі, апрыёры не прадугледжвае існаваньня нейкай памяркоўнай «трэцяй сілы», чагосьці сярэдняга паміж радыкальнай апазыцыяй і ўладай. Любая палітычная партыя, якая жадала мець хоць нейкае самастойнае бачаньне і рэальна змагацца за ўладу, няхай сабе нават самымі спакойнымі і мірнымі сродкамі, рэжымам заўсёды ўспрымалася як пагроза, на якую адразу вешаўся ярлык «радыкальнай апазыцыі». Улада сама саштурхоўвала, сьпіхвала ў гэтую «радыкальную» нішу нават памяркоўных і мяккіх крытыкаў, пра што красамоўна сьведчыць, напрыклад, нядаўні арышт Андрэя Дзьмітрыева, лідэра кампаніі «Гавары праўду».

У розныя пэрыяды, у залежнасьці ад жорсткасьці ўладаў у той гістарычны момант, гэты працэс адбываўся па-рознаму, але прынцыповае правіла заставалася нязьменным: ніякай «трэцяй сілы», ніякай «канструктыўнай апазыцыі» ў Беларусі пры гэтым рэжыме не існавала і ня можа існаваць.

Таму «радыкалізацыя» (не істотна, ці браць гэты тэрмін у двукосьсе, ці не) каманды Ціханоўскай — абʼектыўны і непазьбежны працэс, які, натуральна, толькі паскорыўся пасьля пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь усё больш ператвараецца ў Паўночную Карэю». Ціханоўская выступіла ў Кембрыджы

І калі нейкія праўладныя прапагандысты гавораць, што такой радыкалізацыяй Ціханоўская можа адштурхнуць ад сябе некаторых «нэўтралаў» (у тым сэнсе, як акрэсьліваюць гэтую частку беларускага грамадзтва сацыёлягі), то тут з прапагандыстамі нават можна пагадзіцца. Так, можа, і адштурхоўвае. Калі пасьля пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны Ціханоўская адназначна асудзіла і саму агрэсію, і расейскае кіраўніцтва, то, відавочна, канчаткова адштурхнула ад сябе беларускіх прыхільнікаў Пуціна.

І што? Як паставіцца да таго, што аматары вайны, агрэсіі, забойстваў і ваенных злачынстваў не на баку дэмакратычнай Беларусі? Як да рэальнасьці, якую ў гэты момант ніяк ня зьменіш. І зацятыя прыхільнікі дыктатуры, і тыя 3-5 працэнтаў, якія выступаюць за ўваход Беларусі ў склад Расеі, таксама ня стануць прыхільнікамі свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Ня трэба і спрабаваць ім спадабацца — тым больш што шанцаў атрымаць іхнія сымпатыі ўсё роўна ніякіх.

Вайна абʼектыўна абвастрае сьветапоглядныя процістаяньні, тыя палітычныя і чалавечыя пазыцыі, якія ў мірны час можна было прыглушыць альбо праігнараваць, не заўважаць. Але падчас вайны людзі, якія стаяць па розныя бакі лініі фронту, ня могуць быць палітычнымі аднадумцамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Палаце лордаў: «Без свабоднай Беларусі немагчыма пабудаваць новую архітэктуру бясьпекі Эўропы»

Таму зараз няма ніякага істотнага практычнага значэньня, які ўзровень электаральнай папулярнасьці Ціханоўскай. Выбарчы рэйтынг патрэбны ў свабодных дэмакратычных выбарах, а іх пры цяперашнім рэжыме ў Беларусі ня будзе. З пункту гледжаньня дасягненьня той асноўнай задачы (зьмена ўлады) і з пункту гледжаньня тых шляхоў, якімі гэтую задачу давядзецца вырашаць, сёньня, у 2023 годзе, ня мае вялікага значэньня, які цяпер асабісты рэйтынг Ціханоўскай. (Зазначым, што нават у лістападзе 2020-га «прэзыдэнцкі» рэйтынг Ціханоўскай быў меншы, чым у Бабарыкі: 10 працэнтаў супраць 38,8).

Цяпер мае значэньне толькі эфэктыўнасьць дзеяньняў у рамках дасягненьня адзінай мэты — пазбаўленьня Беларусі ад цяперашняга аўтарытарнага (які імкліва пераўтвараецца ў таталітарны) рэжыму.

У сёньняшняй сытуацыі, калі ня толькі старым палітычным актывістам, але і большасьці беларусаў стала зразумела, што выбарамі гэтую ўладу ня зьменіш: галоўнымі становяцца ня масавая папулярнасьць і не пасіўная большасьць (дастаткова, каб яна ставілася нэўтральна), а такія рэчы, як спрыяльнае для вырашэньня «беларускага пытаньня» міжнароднае асяродзьдзе, разлад унутры намэнклятуры і наяўнасьць актыўнай падрыхтаванай меншасьці. Некалькі тысяч людзей з пэўнымі ўменьнямі і пэўнымі магчымасьцямі могуць стаць больш важным і вырашальным чыньнікам для зьмены ўлады, чым сотні тысяч удзельнікаў мірных дэманстрацыяў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.