Свабода сабрала асноўныя палажэньні дакладу і сьведчаньні былых вязьняў.
9–14 жніўня 2020 году самыя жорсткія падзеі адбываліся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. За гэты час праз турэмную ўстанову, разьлічаную на ўтрыманьне 110 чалавек, сілавікі «прагналі» больш за 3000 затрыманых, адзначаюць аўтары расьсьледаваньня. Сярод затрыманых былі непаўналетнія, людзі пэнсійнага веку, людзі з інваліднасьцю, выпадковыя мінакі.
Усе затрыманыя зазнавалі зьневажальныя працэдуры, жорсткае зьбіцьцё, утрымліваліся ў нечалавечых умовах у перапоўненых камэрах бязь ежы і вады па двое і больш сутак. Людзей білі пры любой спробе высьветліць свой статус, патрабаваць захаваньня сваіх правоў і мэдычнай дапамогі. У зьдзеках удзельнічалі як супрацоўнікі ЦІП, так і сілавікі з АМАПу.
Кіраўніцтва МУС пры гэтым адмаўляла жорсткае абыходжаньне, адзначаюць праваабаронцы.
Пацьвярджэньнем катаваньняў сталі гукі бесьперапынных зьбіваньняў у двары ЦІП, якія ў ноч з 12 на 13 жніўня запісалі з вуліцы сваякі затрыманых. На запісах былі добра чуваць галасы людзей, якія крычаць ад болю. А 14 жніўня затрыманых сталі масава выпускаць. Некаторых вывозілі машыны хуткай дапамогі. Тыя, хто выйшаў на волю, паказалі свае раны і траўмы ад катаваньняў.
У аснову дакладу праваабаронцаў леглі паказаньні 101 пацярпелага. Гэтыя людзі былі ў ЦІП у названыя дні і сталі сьведкамі катаваньняў затрыманых, самі зазналі гвалт. У пацьвярджэньне сваіх слоў яны падалі мэдычныя і іншыя дакумэнты. Іх паказаньні склалі 1095 старонак.
Дзякуючы паказаньням сьведак удалося аднавіць храналягічны парадак падзей у ЦІП у тыя дні, дэталёва апісаць умовы, у якіх утрымлівалі людзей, і падзеі, якія там адбываліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чалавек 1,5 гадзіны лыжкай скроб унітаз». Мянчук расказаў, што перажыў у турме на Акрэсьціна«Было адчуваньне, што расстраляюць у патыліцу»
У двары ЦІП людзей выгружалі з аўтазакаў і аўтобусаў, праганяючы праз шэрагі сілавікоў, якія білі іх дубінкамі, а затым ставілі на калені ля бэтоннага плота. Калі трэба было перамясьціць людзей па двары, іх прымушалі паўзьці па асфальце на каленях. Часам зь сілавікамі былі службовыя аўчаркі, якімі дадаткова палохалі людзей. Каля плота на каленях людзі стаялі гадзінамі. Білі іх часта і моцна, дубінкамі і берцамі, асабліва ў адказ на любыя просьбы — пра ваду, мэддапамогу, адваката.
На нейкі час затрыманых зьмяшчалі ў прагулачныя дворыкі ЦІП — гэта бэтонныя каробкі памерам 4 на 5 мэтраў з кратамі зьверху. Туды набівалі па некалькі дзясяткаў чалавек, ажно да сотні, у тым ліку параненых, людзі стаялі ўшчыльную.
«У прагулачных дворыках нас раскідвалі па 50–60 чалавек. Мяне перавялі ў другі прагулачны „калодзеж“. Там я бачыў у чалавека такія раненьні ад куль, як банькі, якія ў дзяцінстве ставілі: кропкі здаровыя, і яны крывавілі, відаць было, што яны сьвежыя, таму што вадзяністасьць такая была».
«Зьверху там ходзіць дзядзька, кажа: „Я зараз гранату вам сюды кіну, і вам усё будзе“. Я разумею, што ў гэты момант, семдзесят чалавек, калі сюды трапіць граната, дык гэта адразу ўсё...»
У такім дворыку затрыманыя праводзілі па некалькі гадзін, але некаторыя былі там да чатырох дзён.
Затым людзей адводзілі на зьневажальны надгляд, дзе трэба было разьдзецца дагала і некалькі разоў прысесьці ў прысутнасьці вялікай колькасьці людзей. Калі сярод затрыманых трапілася трансгендэрная дзяўчына, яе назвалі «п...рам», паставілі разам з мужчынамі і ўдарылі дубінкай.
У гэтых дзеяньнях удзельнічала жанчына-супрацоўніца, якая наносіла некаторым затрыманым [распранутым для надгляду] мужчынам удары ў вобласьць пахвіны. Адзін зь сілавікоў падыходзіў да затрыманых і вадзіў каля анусу дубінкай.
«І потым мы выходзім у калідор, і ў мяне шок быў, што ў шэрагу голыя мужыкі, галава паміж каленямі, попай дагары, на каленях. І нас таксама на калені паставілі. На калені, ды яшчэ ў сьпіну тыцнулі гэтай дубінкай. Такое адчуваньне, што расстраляюць зараз у патыліцу».
Потым людзей зьмяшчалі ў камэры. Усе яны былі вельмі перапоўненыя: 24 чалавекі ў двухмеснай камэры, 42 чалавекі ў васьмімеснай, і гэтак далей. На праходцы да камэр людзей білі. Уначы іх часта выводзілі на надгляды, таксама білі, абражалі.
У камэрах увесь дзень было чуваць, як б’юць новадастаўленых. Іх зноў гадзінамі прымушалі стаяць ля плота на каленях.
«Самае жорсткае — гэта калі я прачнуўся ў гадзіну ночы ад крыкаў людзей. Мужчын білі так моцна дубінкамі, што было чуваць храбусьценьне касьцей, крыкі былі такія моцныя, што людзей нібы палілі. Дарослыя мужыкі крычалі: «Мама! Дапамажыце! Ратуйце!»
На ўезьдзе ў ЦІП была цэлая чарга з аўтазакаў. Людзі зь іх выходзілі зьбітыя, параненыя, некаторыя без абутку, без штаноў, з ужо сінімі ад удараў сьпінамі і нагамі.
«Мужчына сталага веку тросься з-за высокага ціску, магчыма, ад стрэсу. Адзін сілавік дазволіў яму ўстаць на ногі, аднак іншы падышоў і ўдарыў яму па нагах дубінкай. Мужчына ўпаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьнялі патэльню з пліты і білі мужа». Як зьдзекаваліся зь сям’і за «няправільныя» падпіскі ў тэлеграме«Супрацоўнік сказаў: „Мне б зараз аўтамат, я б вас, с...кі, усіх расстраляў“»
Уначы 10 жніўня ў ЦІП прыяжджала нейкае кіраўніцтва з МУС, паведамілі апытаныя.
«Гэта было недзе 4–5 чалавек гадоў 50... і адзін зь іх сказаў: „Мне б зараз аўтамат, я б вас, с...кі, усіх расстраляў“. Вось гэта было страшна. Там яшчэ хадзіў чалавек у лічбавай форме вайсковай, у яго была маска і вінтоўка. Было зразумела, што дастаткова сур’ёзная зброя і што любое непадпарадкаваньне можа расцэньвацца як напад...»
Затрыманым у двары і ў прагулачных камэрах не давалі ня толькі ежы, але і вады, або маглі даць бутэльку на 100 чалавек.
Мэддапамога ўсе гэтыя дні нікому не аказвалася. Таксама практычна ўсім адмаўляліся выдаць зь іх рэчаў лекі, якія ім трэба было рэгулярна прымаць, напрыклад ад сардэчных хвароб ці дыябэту.
Зь перапоўненых камэр, дзе не было чым дыхаць, людзей забіралі толькі ў выключных выпадках, пры відавочнай пагрозе сьмерці.
«Аднаму чалавеку стала дрэнна. На другія суткі яго забралі. У яго нешта з сэрцам было, прытомнасьць траціў, таму што душна было. Але яго не завезьлі ў шпіталь, а прыкавалі кайданкамі ў калідоры».
«Дыхаць можна, але ў нейкі момант ты ўжо ў такім стане, амаль губляеш прытомнасьць, таму што кіслароду мала, вокны не адчыняліся, бо краты...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лепш вам гэтага ня бачыць». Людзі расказваюць пра гвалт АМАПу і катаваньні на Акрэсьціна«Сілавікі загадалі затрыманаму выцерці мачу з крывёй сваім целам»
У адной дзяўчыны пачалася панічная атака, яе бесьперапынна ванітавала, яна траціла прытомнасьць. Іншая дзяўчына — інвалід-эпілептык. Яшчэ адна жанчына была хворая на дыябэт другога тыпу, трое сутак яна прасіла прынесьці ёй таблеткі з сумкі, але безвынікова. У многіх дзяўчат пачаўся моцны кашаль ад пераахаладжэньня ў выніку стаяньня і сну на бэтоннай падлозе.
«У той жа час за сьценкай мы чулі, як працягваюць біць мужчын, — яны хрыпелі, крычалі, плакалі. Аднаго з мужчын зьбілі да такога стану, што ён абмачыўся з крывёй. Супрацоўнікі гарлалі на яго, каб ён сабой жа выцер мачу з крывёй з падлогі і прыбраў за сабой. Мужчына плакаў і казаў, што яму няма чым выцерці, бо ён голы... Сілавікі, не спыняючыся, працягвалі яго біць і крычаць, каб ён усё выцер сваім целам».
Раніцай 10 жніўня людзей пачалі выводзіць на падпісаньне пратаколаў. Падпісваць прымушалі дубінкамі і пагрозамі, пасьля заганялі назад у камэры. Каля восьмай раніцы сталі прывозіць новых затрыманых, іх білі яшчэ мацней, чым напярэдадні. Некаторых мэтанакіравана білі па нырках, па пахвіне.
«Мне разьвялі ногі ў розныя бакі амаль да шпагату, і два разы ён мне ўдарыў дубінай паміж ног. Калі я спытаў, за што, ён сказаў, каб я больш такіх не нараджаў...»
«„Хадзілі ў туалет“ у бутэлькі, потым іх апалосквалі, набіралі зноў ваду і пілі»
Людзей не вадзілі ў прыбіральню. Частка затрыманых трапіла туды пасьля таго, як 17 гадзін прабылі ў прагулачным дворыку.
«... „Я зараз абассуся“. Яму кажуць: „Вось зараз ты выйдзеш адсюль, мы зробім так, што ты яшчэ і абсярэсься“. Зайшоў нейкі начальнік, чалавека вывелі, мы пачулі ўдары дубінак, яго назад запіхнулі. Пасьля гэтага нейкія патрабаваньні і звароты да сілавікоў спыніліся. Калі нехта моцна хацеў у туалет, затрыманыя давалі тыя бутэлькі, зь якіх яны пілі, каб чалавек мог справіць патрэбу менавіта туды. Потым гэтыя бутэлькі апалосквалі, і калі камусьці дазвалялі выходзіць, у іх зноў жа набіралі ваду для піцьця».
У перапоўненыя камэры працягвалі набіваць яшчэ людзей, у чатырохмесных магло быць па 50 чалавек. Не было ніякіх сродкаў гігіены, нават туалетнай паперы.
Жанчынам не давалі нічога для мэнструацый, прапаноўвалі скарыстацца майкай. Некаторыя выкарыстоўвалі свае мэдычныя маскі. Аднойчы, расказвала праваабаронцам сьведка, супрацоўніца ЦІП прынесла ў камэру кавалак ваты і адзін бінт. У некаторых камэрах жанчыны не маглі хадзіць у прыбіральню, бо брудная вада адтуль выцякала проста на падлогу, яны былі вымушаныя зьбіраць яе ручнікамі. Ад гэтага стаяў страшны смурод, вэнтыляцыі не было.
«Вільготнасьць у камэры была такая, што са столі капала. На сьценах быў кандэнсат. Падлога была сьлізкая ад вільгаці. Пры мне прытомнасьць страцілі два чалавекі. Калі ўсё ж адчынілі дзьверы, адзін зь іх проста вываліўся з камэры на падлогу калідора. Яго ванітавала, але на гэта ніхто не зьвяртаў увагі».
Толькі ўвечары 10 жніўня затрыманым выдалі ежу — бохан хлеба на камэру. Гэта была першая ежа за суткі ў ЦІП.
Аднаго з пацярпелых у гэты дзень катавалі, патрабуючы пароль ад тэлефона.
«Зь мяне зрабілі кола — закінулі з-за сьпіны, як кола, ногі, рукі і надзелі кайданкі. 30–40 хвілін я трымаўся. Страціў прытомнасьць...»
«Усё ўспрымалася як нейкі канцлягер»
11 жніўня працягвалася ўсё тое ж самае зь яшчэ большай жорсткасьцю. Уначы было холадна, новапрыбылых людзей трымалі ў прагулачных дворыках, яны ціснуліся адзін да аднаго, каб сагрэцца, але ім забаранялі рухацца, за рух аблівалі халоднай вадой.
«Усе былі ў жаху, усё ўспрымалася як нейкі канцлягер. Мы выразна чулі, як у суседнім дворыку білі людзей, асабліва шчыравала нейкая жанчына».
«Спалі ў кучах, таму што было вельмі холадна, па начах аблівалі халоднай вадой наглядчыкі. Пастаянныя крыкі, стогны з суседніх клетак. Некаторым пагражалі засунуць дубінку ў азадак».
«Уначы ў дворыку было вельмі холадна. Туалета ў ім не было, і затрыманыя дзяўчаты вымушаныя былі карыстацца нейкім люкам у падлозе, пры гэтым зьверху за гэтым назіралі ахоўнікі-мужчыны».
«Гэта было проста дзіка, вельмі дзіка. Закідаюць туды хлопца. Ён прастаяў хвілін пятнаццаць, напэўна, па адчуваньнях, і кажа: я прашу прабачэньня, але я больш не магу. Здымае штаны, здымае трусы, пачынае майткамі выціраць фэкаліі».
«У аднаго хлопца была скальпаваная галава, адзін з амапаўцаў зрэзаў яму валасы разам са скурай на цемечку. Адтуль сачылася кроў, сьвежая рана была. Прасілі мэддапамогі, бо шмат каму было дрэнна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы стварылі монстра». Як у Беларусі наладжвалі сыстэму катаваньняў«Хтосьці крычаў ад жаху, хтосьці проста плакаў»
У некаторых у камэрах не вытрымлівала псыхіка, асабліва калі чулі гукі зьбіцьця і крыкі.
«Я памятаю, там была жанчына зь дзьвюма дочкамі, і яна проста пачала крычаць у нейкі момант. Заткнула вушы і пачала крычаць, енчыць ад жаху, што адбываецца. Хтосьці проста плакаў».
Раніцай 11 жніўня пачаліся «суды». Затрыманых прыводзілі ў кабінэт, дзе былі судзьдзя і сакратарка. Судзьдзя зачытвала пратакол і матэрыялы справы, пыталася пазыцыю затрыманых.
«Абараніць свае правы ў судзе было немагчыма. Суды ніяк не рэагавалі на заявы аб катаваньнях, жорсткім абыходжаньні, фактах псыхалягічнага гвалту, а таксама парушэньнях працэсуальных правоў. У хадайніцтвах аб прадастаўленьні абаронцы адмаўлялі, матывуючы гэта адсутнасьцю ў затрыманай дамовы з адвакатам», — гаворыцца ў дакладзе.
Адна з пацярпелых расказала, што заявіла хадайніцтва аб спыненьні катаваньняў супраць яе і іншых затрыманых, на што судзьдзя Матыль адказала: «Я толькі судзьдзя. Гэта не мая кампэтэнцыя. Са скаргамі на ўтрыманьне зьвяртайцеся да начальніка ЦІП». Гэткім жа чынам ніякай рэакцыі не было і на іншыя заявы затрыманых аб тым, што іх прымусілі падпісаць пратакол, не азнаёмілі зь ім, білі.
«Суд праходзіў такім чынам: выклікалі 5–8 чалавек, паднімалі іх на другі паверх, і хвілін праз 10–15 усе гэтыя людзі вярталіся ўжо, як правіла, з „суткамі“. Пры гэтым усё гэта суправаджалася перад судзьдзямі зьбіцьцём проста ў іх на вачах».
«Вывелі на суд, уніз. Па-мойму, на другім паверсе праходзілі судовыя паседжаньні... Мне не далі азнаёміцца з матэрыяламі справы, сказалі: „Падпісвай“. Я кажу: „Але я ня згодзен з тым, што там напісана“. І гэты [супрацоўнік] ззаду стаіць, дубінай у шыю: „Падпісвай!“ Пры судзьдзі ён: „Закрый пашчу, падпісвай!“... У масцы, у балаклаве. Здаровы конь у балаклаве, форма сіняя. Хто там быў — паняцьця ня маю... Калі я падпісаў дакумэнты, пачалося паседжаньне. „Віну прызнаяце?“ Я кажу: „Не прызнаю“. „Чаму? Раскажыце, як усё было“. Я ёй расказваю. — „Усё, вы вінаватыя. Чатырнаццаць сутак вам“. Вось, уласна кажучы, і ўвесь суд».
12 жніўня далей прывозілі новых затрыманых. Іх прымушалі гадзінамі стаяць на каленях, упершыся галавой у асфальт і завёўшы рукі за сьпіну.
«Некаторыя былі зьбітыя так, што не маглі хадзіць, яны ляжалі на зямлі, іхныя целы ўжо не рэагавалі на зьбіцьцё. З тых, хто ня мог хадзіць, супрацоўнікі сьмяяліся і зьдзекаваліся. Увесь час пыталі: „Хто заплаціў? Дзе 50 эўра?“
Як кажуць пацярпелыя, у тую ноч асабліва моцна білі пазначаных фарбай і байкераў. Унутры Акрэсьціна некаторых затрыманых таксама пазначалі маркерам, у тым ліку і тых, хто размаўляў на беларускай мове.
„...У каго былі татуіроўкі з БЧБ і Пагоняй, было ўказаньне іх біць мацней. Хтосьці з пацярпелых крычаў: „Я люблю АМАП“, іх пры гэтым білі палкамі“».
«І такі гук удару, быццам бʼюць па плястыку, па машыне. Чуеш, як гэты амапавец проста крэкча, задыхаецца, фізычна ўжо стаміўся ад таго, што ён бʼе. І ён проста крычыць, быццам рыхтуецца да гэтага ўдару, і ўсю сваю сілу, якую можа ўкласьці, укладвае. І бʼе ён аднаго чалавека. І бʼе ён не адзін. Гэта было проста страшна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упаў за дзень да сьмерці, памёр у машыне «хуткай». Выйшаў фільм з дэталямі гібелі Вітольда Ашурка«Лекар яму сказала: „Ты што, с...а, таксама хочаш празь лякарню адсюль зьехаць?“ І яго адправілі ў камэру»
У гэтую ноч пасьля надгляду ў аднаго з мужчын ва ўзросьце каля 50 гадоў здарыўся сардэчны прыступ. Ён зьбялеў і пачаў спаўзаць па сьцяне ўніз.
«Прыйшла лекар... зрабілі ўкол у сэрца, хаця такія ўколы не заўсёды рабіць можна. Мы чулі, як страшна гэты мужчына тады крычаў. Лекар яму сказала: „Ты што, с...а, таксама хочаш празь лякарню адсюль зьехаць?“ І яго адправілі ў камэру».
У камэрах было шмат людзей зь цяжкімі калецтвамі. Днём прыяжджала хуткая дапамога, некаторых цяжка пацярпелых забралі.
«Адзін хлопец скардзіўся, што ў яго баліць сэрца... Ён сказаў, што вось пасьля таго, што было там 11 чысла... Нас білі, і ў мяне пачаліся гэтыя болі. Лекар адразу зрабіў яму ЭКГ, убачыў праблемы вельмі моцныя. Ён... прымусіў зьняць яго майку. Хлопец зьняў... І гэты лекар настолькі сурʼёзна, калі ўбачыў тое, што ў хлопца ўсё ў сіняках. Ён: „Што вы робіце?! Вы да такога стану, вы так білі гэтага пацана, ён жа малады, вы яго ледзь не забілі!“. Запатрабаваў выклікаць старшага зьмены. Прыбег намесьнік начальніка. Урач сказаў, што складзе дакумэнт аб тым, што тут адбывалася, што яны ледзь не забілі чалавека.... Лекар тэрмінова запытаў шпіталізацыю на гэтага хлопца ў бальніцу... Стэлефаноўваўся з бальніцай, каб тэрмінова рыхтавалі аддзяленьне для хлопца... Пасьля гэтага хлопца тэрмінова закінулі ў машыну хуткай дапамогі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Здавалася, што людзей выпусьцілі не з ІЧУ, а з канцлягера». Гісторыя судмэдэкспэрткі, якая зьехала зь Беларусі ад перасьледуСілавікі не дазвалялі мэдыкам забраць шматлікіх пацярпелых, літаральна даставалі людзей з машын і адпраўлялі назад.
У гэты дзень некаторых пачалі выпускаць, перад гэтым іх яшчэ білі на двары па некалькі хвілін.
«За сьцяной ЦІП былі чуваць галасы валянтэраў, і калі яны гаварылі гучна, то затрыманых білі яшчэ мацней», — адзначаюць аўтары дакладу.
Частку людзей пачалі завозіць у іншыя месцы ўтрыманьня — у Жодзіна, Слуцак, Магілёў. Як расказалі пацярпелыя, жанчын перад адпраўкай у Жодзіна супрацоўніца ЦІП Крысьціна абзывала шлюхамі, казала, што іх «пусьцяць па крузе».
Бліжэй да вечара людзей з камэр сталі па трое выводзіць на гутарку з супрацоўнікамі КДБ.
Частку затрыманых да гэтага моманту ўжо трое сутак як не кармілі, толькі ўвечары 12 жніўня яны ўпершыню атрымалі порцыю ежы (каша, хлеб і гарбата). Іншым за суткі далі бохан хлеба на камэру.
«Пасьля візыту Барсукова людзей сталі выпускаць, але перад гэтым клалі на зямлю ў двары і білі»
Уначы 13 жніўня ЦІП наведаў намесьнік кіраўніка МУС Аляксандар Барсукоў. Ён хадзіў па камэрах і абяцаў, што людзей выпусьцяць.
«Літаральна праз 5 хвілін прыйшоў Барсукоў. Ён пачаў казаць, што ўсіх адпусьцяць, што ня ўсе супрацоўнікі дрэнныя, некаторыя „перагінаюць палку“. І спытаў: „Ці білі вас у камэры?“. Мы сказалі, што нас у камэры ня білі, бо білі да камэры. У гэты момант жанчына здымала. Ён сказаў: „Усё, я вам абяцаю, што мы вас зараз адпусьцім“. Усе заўсьміхаліся. І ў гэты момант ён зноў адсунуўся, і жанчына паздымала на відэа, што затрыманыя такія шчасьлівыя і задаволеныя ў камэры».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пад суд трапяць некалькі сотняў высокапастаўленых асобаў». Юрыст НАК пра тое, якім будзе беларускі Нюрнбэрг«Генэралам гэтым быў Барсукоў. І ён такі заходзіць, разам зь ім заходзяць нейкія жанчыны зь відэакамэрамі ўключанымі. Нам сказалі ўсім падрыхтавацца, лішняга нічога не казаць. Аж да таго, што ад таго, што вы будзеце казаць, будзе залежаць, вызваляць вас ці не».
«Нам сказалі, што адпусьцяць, „але [гэта] будзе залежаць ад таго, што вы скажаце. Таму думайце, хочаце вы адсюль сёньня выйсьці ці ня хочаце“. Зайшоўшы ў камэру, Барсукоў задаваў пытаньні: „Як вас тут, ня бʼюць?“. Хоць было відавочна, што бʼюць — усё стаяць нават ня сінія, а чорныя. Усе мы сказалі, што нас ня бʼюць. Сказаў, што вас выпусьцяць, але каб больш не трапляліся».
Пасьля ягонага візыту людзей сапраўды сталі масава выпускаць. Але перад гэтым іх клалі на зямлю ў двары і білі. Мацней за ўсіх білі людзей нестандартнай зьнешнасьці: доўгавалосых, з дрэдамі, татуіроўкамі, пірсінгам, а таксама беларускамоўных.
Менавіта гэтай ноччу блізкія затрыманых зрабілі запіс з гукамі зьбіваньняў і крыкамі людзей.
«Трэба было бегчы да сьцяны. За кожным з нас быў замацаваны супрацоўнік АМАПу. Ён мне сказаў: „Калі ўпадзеш, то табе будзе п...ц“. Трэба было ўстаць каля сьцяны, падняць рукі ўгору і вывернуць далоні, ногі на расьцяжку. У гэты момант ён пачаў прабіваць мне нагамі ў вобласьць ног у болевыя зоны. Зьбівалі доўга. Загадалі легчы на зямлю, рукі за сьпіну, у гэты момант білі дубінкай ад ягадзіц да ног. Трэба было ў гэты час сьпяваць гімн. Доўга білі, я цярпеў, маўчаў. Потым ужо ён пачаў мне падказваць словы. Я пачаў паўтараць за ім, удары былі не такія частыя. Потым трэба было ўстаць і бегчы ўздоўж плота ў адваротны бок. Там зноў быў калідор. Нас білі. Трэба было проста дабегчы да выхаду».
«Мяне першага паклалі на зямлю, сталі на ногі, адразу некалькі ўдараў па нагах, потым па іншым. Нас чалавек 20 ляжала. І давай лупіць па нагах. Калі ўсё скончылася, падняцца я ўжо практычна ня мог — на мне „добра“ пастараліся. Я разумеў, што калі зараз не падымуся, мяне назад у камэру. Падняцца мне дапамог вайсковец».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галасы Беларусі — 2020». Чытайце новую кнігу пра пратэсты ў «Бібліятэцы Свабоды»Уначы 14 жніўня людзей працягнулі вызваляць. Асабістыя рэчы, грошы, тэлефоны, ключы ім найчасцей не вярталі. Перад вызваленьнем таксама білі. Шмат каго не выпускалі на месцы, дзе іх чакалі блізкія, а загружалі ў аўтазакі і вывозілі з тэрыторыі ЦІП у горад, дзе вызвалялі ў розных раёнах, далей ад ізалятара.
«Уначы сталі прапаноўваць падпісаць дамову аб тым, што ты больш ня будзеш удзельнічаць у мітынгах, у адваротным выпадку будзеш прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці. У прынцыпе, усе падпісвалі. Тых, хто не жадаў, не было, бо і шанцаў не было: хто не падпісваў, таго білі, і яны ўсё роўна падпісвалі. Пасьля гэтага вывелі на вуліцу, пастроілі. Так мы стаялі гадзіны тры. Потым прыехалі амапаўцы і зноў пачалі праводзіць надгляд. Пачалі аглядаць усіх, патрабавалі паказаць ягадзіцы і лапаткі, у каго не было траўмаў, клалі на зямлю і білі, у каго былі доўгія прычоскі — стрыглі проста пры нас, у двары. Выпускалі нас па 6 чалавек, са словамі, што, маўляў, зараз мы вас білі да паўсьмерці, а наступным разам мы вас забʼем».
«Дзяўчынка адна ўвогуле адмовілася падпісваць паперу аб няўдзеле ў акцыях, сказала, што „ў мяне ключы там у маёй сумцы, я нікуды не пайду, бо мне ісьці няма куды“, і гэтак далей. „Аддавайце мне сумку“. Адзін амапавец тады ўзяў дубіну, і пачалі яе там мяцеліць».
Але ўжо днём людзей пры вызваленьні ня білі, а сілавікі рэзка сталі ветлівымі.
«За гадзіну да вызваленьня, прыкладна каля 13–14 гадзіны, мы ня ведалі, што яно будзе. Проста як гэта адбывалася: нас разгрузілі па камэрах на другім паверсе па 5–6 чалавек, як быццам для выгляду перад кімсьці. Затым выстаўляюць у калідор, мы па звычцы стаім тварам да сьцяны. Прыходзіць мужчына і кажа: „Хлопцы, усё, зараз вы вольныя. Можаце рукі трымаць па швах, паварочвайцеся тварам да мяне. І хачу перад вамі папрасіць прабачэньня. Ва ўсіх сытуацыях канфліктных ляцяць трэскі, вы гэтымі трэскамі апынуліся. Мая задача проста прыехаць, вас пакарміць і выпусьціць“».
«Аўтазакі разьвезьлі нас па розных частках гораду. Яны ўсе былі ў балаклавах, натуральна, якія нас развозілі. Яны пыталіся: „Ці зручна вам сядзець, ці ня цесна вам?“. Уключылі кандыцыянэр у аўтазаку. Калі зачынялі дзьверы, пыталіся: „Нармальна, ці нічога не перашкаджае, не падпірае?“. Калі мы выходзілі з аўтазака, спускаліся па прыступках, фразы былі кшталту: „Усяго добрага!“, „Да сустрэчы!“.
Я іду, і з кожнай машыны грае песьня „Перамен“. Я не разумею, што адбываецца, а потым, калі я дабраўся дадому, калі прыехалі сябры і калі я выйшаў у інтэрнэт, убачыў тое, што ўвесь горад маршыруе. Вось толькі тады мы зразумелі, чаму яны ўсе такія ветлівыя былі ў апошні дзень».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіК заявіў, што «адпрацоўвае сувязі» байцоў палка Каліноўскага са сваякамі і знаёмымі ў Беларусі«Гематомы маглі займаць да 80% усяго цела»
Паводле праваабаронцаў, большасьць траўмаў у пацярпелых былі ад перанесеных пабояў — выбітыя зубы, пашкоджаньні сківіцы, гематомы, ушыбы, удары, расьцяжэньні, пераломы і ЧМТ рознай ступені цяжкасьці. Гематомы маглі займаць да 80% усяго цела. Ня менш цяжкія характэрныя дыягназы таго пэрыяду: унутраныя крывацёкі, ушыбы грудной клеткі, пераломы носа, рэбраў, ног, пальцаў рук, моцныя траўмы кісьцяў рук ад перацягнутых сьцяжак, расьцяжэньні зьвязак галёнкаступнёвых, локцевых і каленных суставаў. Таксама, калі людзей білі па галаве, удары часта прыпадалі на вушы. Праз гэта частка пацярпелых сьведчыць, што пазьней ім ставілі дыягназ «пэрфарацыя барабаннай перапонкі», таксама некаторыя адзначаюць пагаршэньне слыху.
«Прыходзіць гэтая „лекарка“, кажа: „Г...н, што ты хочаш, б...я?“ Ён папрасіў вады. „Урачыха“ была ў чырвонай сукенцы ў доўгай, недзе, можа, яна са сьвяткаваньня нейкага, ці яна так на працу ходзіць. Яна: „Жэня, дай яму п...лей н...й“. Прыйшоў нейкі Жэня і пачаў біць гэтага мужчыну. Адна жанчына-супрацоўнік, погляд я яе запомніў на ўсё жыцьцё, біла. Быў потым у камэры хлопец-байкер, ён кажа, яна стала ў яго ў галаве нагамі і зь дзьвюх рук пачала біць яму паміж ягадзіц па машонцы».
Большасьць траўмаў прыпадалі на ніжнюю частку цела, ня толькі ад зьбіцьця, але і ад шматгадзіннага стаяньня на каленях.
«Мне потым паставілі посттраўматычны флебатрамбоз глыбокіх вен. Гэта, хутчэй за ўсё, ня толькі празь зьбіцьцё, але і праз тое, што нас абезрухомлівалі і не давалі піць. Кроў згушчаецца ад недахопу вады. Плюс гэтая пастава, у якой у цябе калені сагнутыя, таксама пагаршае сытуацыю».
Пацярпелыя паведамлялі пра зьнясіленьне, пераахаладжэньне і прастуды.У многіх абвастрыліся хранічныя хваробы нырак, сэрца, сьпіны, праблемы са зрокам.
Пры гэтым, адзначаецца ў дакладзе, пасьля вызваленьня некаторым пацярпелым адмаўлялі ў мэддапамозе ў іх раённых паліклініках у Менску.
Таксама многія сутыкнуліся са шкодай для псыхікі. Паведамлялі пра павышэньне трывожнасьці або агрэсіўнасьці пасьля Акрэсьціна, парушэньні сну, панічныя станы. Некаторыя пасівелі. Нават у пазьнейшых апытаньнях (восень 2022 году) частка пацярпелых адзначае, што цалкам аднавіцца ім так і не ўдалося — у іх застаецца дэпрэсія, падвышаная трывожнасьць, пэрыядычна яны маюць праблемы са сном.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 сакавіка: затрымалі знаёмых Тачыцкай, нібыта датычнай да дывэрсіі ў Мачулішчах; разграмілі кватэру валянтэра Міронава