Праваахоўныя органы Ўкраіны выставілі падазрэньне 293 расейскім вайскоўцам ва ўчыненьні ваенных злачынстваў на тэрыторыі Ўкраіны.
«Іх мы ідэнтыфікавалі і вызначылі іхную датычнасьць да ўчыненьня канкрэтнага ваеннага злачынства. Гэта шырокі дыяпазон, пачынаючы ад абстрэлаў цывільных аб’ектаў і заканчваючы сэксуальным гвалтам, забойствамі і катаваньнем нашых грамадзян», — сказаў на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве Юры Белавусаў, які ў Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны ачольвае дэпартамэнт супрацьдзеяньня злачынствам, учыненым ва ўмовах узброенага канфлікту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ідэнтыфікавалі паўсотні расейскіх артылерыстаў, якія абстрэльвалі ХаркаўПаводле яго, справы 105 расейцаў знаходзяцца ў судах, датычна 29 вайскоўцаў расейскай арміі ўжо абвешчаныя выракі.
«Апроч гэтага, ёсьць вялізная, магістральная справа менавіта па злачынстве агрэсіі, у якой мы намагаемся дакумэнтаваць (злачынствы) вышэйшага вайсковага і палітычнага кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі. І тут 642 падазраваныя асобы, пачынаючы ад міністра абароны Расеі, кіраўніка Галоўнага штабу, кіраўнікоў органаў выведкі, сэнатараў і дэпутатаў Дзярждумы, кіраўніцтва Цэнтрабанку, міністра транспарту... Там вялізнае кола асобаў, якія сваімі дзеяньнямі спрыялі або сплянавалі агрэсію», — удакладніў Юры Белавусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Згвалцілі, прымушалі піць гарэлку за перамогу Расеі. Суд вынес вырак у справе пра злачынствы расейскіх салдатаў на ЧарнігаўшчынеПрадстаўнік Офісу генэральнага пракурора Ўкраіны ўдакладніў, што асобна выдзеленыя справы супраць расейскіх прапагандыстаў, якія апраўдваюць дзеяньні Расеі ва Ўкраіне.
«У справе агрэсіі каля 176 спраў ужо знаходзяцца ў судзе, і мы маем 18 выракаў, якія датычацца расейскіх дэпутатаў», — дадаў Юры Белавусаў.
Прадстаўнік Офісу генпракурора падкрэсьліў, што 99% ваенных злачынцаў будуць асуджаныя ва Ўкраіне, але ўжо цяпер у 20 краінах адбываюцца аналягічныя працэсы паводле нацыянальных заканадаўстваў. Далучэньне да расьсьледаваньняў сьледчых з Францыі, Літвы, Гішпаніі, Польшчы і Славаччыны дазволіць больш якасна сабраць доказы ваенных злачынстваў і спрыяць стварэньню Міжнароднага ваеннага трыбуналу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пад Кіевам дакумэнтуюць экалягічныя злачынствы вайны для трыбуналу над Расеяй і БеларусьсюУ сваю чаргу пасол ў асаблівых даручэньнях Міністэрства замежных спраў Украіны Антон Карыневіч паведаміў, што цягам году ўдалося дабіцца падтрымкі міжнародных партнэраў Украіны ініцыятывы аб стварэньні адмысловага трыбуналу для разгляду злачынстваў агрэсіі Расеі.
«Цяпер стаіць пытаньне, як гэта зрабіць найбольш эфэктыўна», — падкрэсьліў Антон Карыневіч.
Паводле яго, стварэньню спэцыяльнага трыбуналу папярэднічае стварэньне Міжнароднага цэнтру крымінальнага перасьледу за ўчыненьне агрэсіі супраць Украіны.
«Цэнтар павінен летам пачаць працаваць у Гаазе. Гэта першыя міжнародныя намаганьні ў крымінальным перасьледзе за ўчыненьне злачынства агрэсіі пасьля Другой усясьветнай вайны», — падкрэсьліў прадстаўнік МЗС Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне сьцьвярджаюць, што задакумэнтавалі дзясяткі тысяч сэксуальных злачынстваў расейцаў супраць украінцаўЗгодна з Офісам генэральнага пракурора Ўкраіны, на 14 сакавіка 2023 году ва Ўкраіне задакумэнтавалі 73 996 злачынстваў агрэсіі і ваенных злачынстваў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.